Зінаіда Жандарава: «Выходзячы за ваеннага, я разумела, што будзе нялёгка»
19.09.2019
—
Новости Общества
|
«Выходзячы за ваеннага, я разумела, што будзе нялёгка»
У савецкія часы лічылася, што стаць жонкай афіцэра – гэта значыць, злавіць сваю ўдачу. Такой жанчыне зайздросцілі: калі яе пакахаў ваенны, значыць, яна самая прыгожая, самая шчаслівая.
Зінаіда Якаўлеўна Жандарава з вёскі Язвіна і не марыла выйсці замуж за ваеннага. Усё атрымалася, можна сказаць, па волі лёсу. Як будучага медыка Зінаіду ў 70-ыя гады накіравалі на практыку ў шумілінскую райбальніцу. Цягніком дабіралася да бацькоў у Язвіна. І аднойчы на чыгуначнай платформе ў Шуміліне пазнаёмілася з Валерыем Жандаравым з Кардона, які на той час быў курсантам Кіеўскага вышэйшага інжынерна-танкавага вучылішча.
“Выходзячы замуж за ваеннага, я разумела, што лёс будзе не з лёгкіх. Але я ніколі аб гэтым не пашкадавала, – кажа Зінаіда Якаўлеўна. – Баявыя падрыхтоўкі, вучэнні, частыя пераезды і разуменне таго, што ёсць такая прафесія “Радзіму абараняць” – усё гэта прыйшлося паспытаць афіцэрскім жонкам. Служба нервовая, патрабуе пастаяннай дысцыпліны, але, як кажуць, загады не абмяркоўваюцца”.
Першае месца сумеснай ваеннай службы Жандаравых – ваенны гарадок Печы на Барысаўшчыне, дзе Зінаіда Жандарава ўладкавалася ў медыцынскі пункт мотастралковага палка. Адказвала за медыцынскае забеспячэнне, за лячэнне салдат. На той час у маладой сям’і ўжо была дачушка Наташа. Часта Зінаіда Якаўлеўна брала з сабой дачку на работу, бо ў дзіцячы сад была вялікая чарга. Апране зімою кажух, пасадзіць на саначкі – і подбегам у медыцынскі пункт.
Праз дзевяць гадоў афіцэра Валерыя Жандарава перавялі ў Слуцк у 29-ую танкавую дывізію, дзе прызначылі намеснікам камандзіра танкавага палка па ўзбраенні. Тут Зінаіду Якаўлеўну з яе згоды прызвалі на ваенную службу, прысвоілі воінскае званне і прызначылі фельчарам-начальнікам аптэкі.
Зінаіда і Валерый Жандаравы вельмі ганарацца, што і іх дачка Наталля стала прадаўжальнікам дынастыі ваенных: з’яўляецца начальнікам групы мабілізацыйнага накірунку ваеннага камісарыята Віцебскай вобласці.
– Ці лёгка было быць жонкай афіцэра і ваеннаслужачым адначасова? – пытаюся ў Зінаіды Якаўлеўны.
– Калі чэсна, пра цяжкасці ў маладосці не думалася, – кажа яна. – Цяпер ведаю, што быць жонкай палкоўніка нялёгка. Помню, як у Слуцку жылі ў маленькім пакойчыку на кватэры, як дзядуля-гаспадар, які клікаў мяне “камандармам”, дапамагаў і часта сустракаў нашу дачку са школы. У нас з мужам было адно жыццё на дваіх, і называлася яно службай. Калі я ведала, у які час вечарам вярнуся дадому, то мужа невядома было калі чакаць – часта з’яўляўся дадому далёка за апоўнач.
А Зінаіда Якаўлеўна чакала. Вядома, і хвалявалася, і начэй не спала. Яна разумела воінскую службу, была цярплівай, заўсёды з усмешкай сустракала мужа, і Валерый Іванавіч вельмі ўдзячны за цёплы сямейны ачаг, за клопат, утульнасць у доме, куды заўсёды хацелася вяртацца. Удзячны і за тое, што ўсе пытанні па службе вырашала сама, ніколі не звярталася да мужа-камандзіра.
Разам з ваеннымі на баявой машыне пяхоты прапаршчык Жандарава выязджала на вучэнні танкавага палка, якія доўжыліся паўтара-два тыдні, лячыла салдат, ратавала. Бывала, калі калона танкаў пера-праўлялася праз праезную частку, прыходзілася быць і ў ролі рэгуліроўшчыка.
Праз некалькі гадоў сям’я Жандаравых пераехала ў Бабруйск, дзе Валерыя Іванавіча прызначылі намеснікам камандзіра 5-га гвардзейскага армейскага корпуса. Зінаіда Якаўлеўна ўладкавалася начальнікам аптэкі на медыцынскім складзе, адкуль звольнілася ў 2002 годзе.
Разам з мужам прыехала на сваю малую радзіму ў Язвіна, каб даглядаць старэнькую маці.
У Язвіне Жандаравы жывуць і зараз. “Пасля шматлікіх пераездаў менавіта на радзіме я набыла спакой, – кажа Зінаіда Якаўлеўна. – Мець пастаяннае месца жыхарства, будаваць, абжывацца, саджаць кветкі – гэта ўжо шчасце. Я люблю працаваць на зямлі, люблю і ўмею сябраваць, сустракаць гасцей, разам з імі спяваць і танцаваць”.
І на днях у Зінаіды Якаўлеўны будзе такая магчымасць, бо да яе прыедзе шмат гасцей, каб павіншаваць маці, бабулю, сваячку, сяброўку з юбілеем, пажадаць здароўя і шчасця.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №74 ад 20.09.2019 г.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Выходзячы за ваеннага, я разумела, што будзе нялёгка» У савецкія часы лічылася, што стаць жонкай афіцэра – гэта значыць, злавіць сваю ўдачу. Такой жанчыне... |
|