У аўторак, 17 верасня, свой 100-гадовы юбілей адзначыла несвіжанка Соф’я Канстанцінаўна Кравец. З нагоды гэтай знакавай даты доўгажыхарку асабіста наведаў старшыня Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Ломскі.
Ён адрасаваў юбілярцы самыя цёплыя віншаванні і ўручыў кветкі і новы пашпарт, у якім занатавана дата яе нараджэння: 17.09.1919 г.
Жыццё даўжынёй у стагоддзе змясціла ў сябе нямала працы і нялёгкіх выпрабаваняў. Соф’я Канстанцінаўна нарадзілася на Нясвіж-чыне, у вёсцы Асмолава, у шматдзетнай сям’і — у яе бацькоў было шэсць дачок і два сыны. Гераіня нашага аповеду была другой сярод братоў і сясцёр, дапамагала гадаваць малодшых. З маленства была прывучана да нялёгкай сялянскай працы, прыслужвала ў яўрэйскай сям’і, дзе глядзела малых дзяцей і пасвіла жывёлу. Там жа навучылася пісаць і чытаць, таму што бацькі не маглі адправіць яе ў школу.
Некаторы час жыла ў Латвіі, дапамагала па гаспадарцы сястры.
Не маючы ўласных дзяцей, Соф’я Канстанцінаўна прысвяціла сябе выхаванню чужых, шмат гадоў адпрацаваўшы нянечкай у дзіцячым садку № 1 г. Нясвіжа.
І хаця з родных у юбіляркі зараз ёсць толькі сястра, якой ужо самой неабходна дапамога, доўгажыхарка не засталася без догляду і ўвагі добрых людзей. Яна жыве ў замяшчальнай сям’і Зінаіды Міхайлаўны Гірко, якая стала для сваёй падапечнай адначасова і дачкой, і сястрой, дорачы ёй клопат, увагу, і, самае галоўнае, — душэўную цеплыню.
Да віншаванняў кіраўніка раённай улады далучыліся начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Толсцік, дырэктар раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталля Корсак і старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, старшыня РК прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Крупец, якія ўручылі Соф’і Канстанцінаўне памятныя падарункі. А артысты ўстаноў культуры раёна Валянціна Шарапа і Аляксандр Герасімовіч адрасавалі юбілярцы цудоўную песню, што стала выдатным музычным сюрпрызам і для яе, і для ўсіх прысутных.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Павіншавалі з 90-годдзем
У панядзелак, 16 верасня, вязень канцэнтрацыйных лагераў Кацярына Карнееўна Хаванская адзначыла сваё 90-годдзе. Зараз яна знаходзіцца ў Нясвіжскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Павіншаваць жанчыну з юбілеем з’явіліся старшыня раённага савета ветэранаў Генадзь Пашкоўскі і адказыны сакратар арганізацыі Леакадыя Чурак. Яны шчыра пажадалі юбілярцы добрага здароўя і бадзёрасці, ўручылі кветкі і падарунак ад савета ветэранаў.
Наталля ЕРМАШЭНКА.