– Тое, што маё імя занесена на раённую Дошку пашаны, успрыняў як узнагароду, прызнанне значнасці і неабходнасці абранай прафесіі, адчуў гонар за дзясяткі гадоў, на працягу якіх імкнуўся якасна выконваць даручаныя абавязкі, – адзначае наладчык абсталявання вытворчасці харчовай прадукцыі Варанчанскага філіяла ААТ “Гродзенскі лікёра-гарэлачны завод” Іван Бургун. – Безумоўна, было прыемна і хвалююча!
Дарэчы, прызнанне да стараннага работніка прыходзіла тройчы: у 1992, 2013 і 2019 гадах, калі яго імя было сярод лепшых працаўнікоў на раённай Дошцы пашаны.И гэта зусім нядзіўна, бо стабільнасць і адданасць прафесіі — рысы, якія вызначаюць працоўны шлях Івана Бургуна.
Асабістая біяграфія і лепшыя моманты жыцця мужчыны звязаны з варанчанскай зямлёй.
– Нарадзіўся я ў суседняй вёсцы Літараўшчына, – дзеліцца Іван Бургун. – Затым разам з бацькамі пераехаў у Варончу. Скончыў 8 класаў Варанчанскай сярэдняй школы. Сёння ў будынку цішыня, а якая яна раней была… Каля 400 рабят у школе вучылася, у дзве змены заняткі праходзілі, па 29 вучняў у кожным класе было. Ды і вёска раней шумела. Бывала, пакуль пройдеш па вуліцы і з усімі павітаешся, аж язык забаліць.
Быў у біяграфіі Івана Бургуна і гарадскі адрэзак жыцця. Пасля заканчэння школы паступіў у Баранавіцкае дзяржаўнае прафесійна -тэхнічнае вучылішча № 61 на арматуршчыка-зваршчыка. Мужчына прызнаецца, што яго заўсёды цягнула дадому, на малую радзіму. Сюды ж ён вярнуўся пасля службы ў арміі.
– Служыць давялося на флоце, у пагранічных войсках, – адзначае Іван Бургун. – У Анапе быў, Уладзівастоку, Находцы. Аднак па стану здароўя дэмабілізаваўся раней тэрміну. Першым месцам працы сталі мехмайстэрні саўгаса “Варонча”, куды ўладкаваўся зваршчыкам. Менавіта тут пад кіраўніцтвам былога загадчыка мехмайстэрнямі я засвоіў усе асновы прафесіі. Адпрацаваўшы 6 гадоў у саўгасе, перайшоў у камунгас у Карэлічы. Але праз паўгода я вярнуўся на варанчанскую зямлю. З 1986 года маім адзіным і пастаянным месцам працы стаў Варанчанскі філіял Гродзенскага лікёра-гарэлачнага завода.
14 гадоў Іван Бургун адпрацаваў на прадпрыемстве зваршчыкам. Аднак абраная мужчынам прафесія мае пэўную небяспеку для здароўя, у першую чаргу для зроку.
– Сёння зваршчыкі працуюць з сучаснымі зварачнымі апаратамі, выкарыстоўваюць зварачныя маскі “Хамелеон”, – адзначае мужчына. – У 90-я гады мы маглі толькі марыць аб гэтым. Працавалі з тым абсталяваннем, якое было. Аднак скардзіцца не буду. Нават пасля таго, як перавёўся слесарам-рамонтнікам, а потым наладчыкам, ніколі не адмаўляўся ад зварачных работ. У выхадныя дні трэба было выйсці на працу – выходзіў.
Прадпрыемства, на якім Іван Бургун адпрацаваў 33 гады свайго жыцця, з’яўляецца ў некаторай ступені сямейным месцам працы. Другая палова Надзея Іванаўна таксама адпрацавала інжынерам-тэхнолагам на Варанчанскім філіяле ўсё сваё жыццё, пачынаючы з 1979 года. Сёння яна знаходзіцца на заслужаным адпачынку, забяспечвае камфорт і падтрымлівае чысціню і парадак ва ўтульным сямейным гняздзе ў аграгарадку Варонча. У красавіку будучага года Іван і Надзея адзначаць сямейны юбілей – 40 гадоў з дня вяселля.
– Для сумеснага жыцця вельмі важна ўзаемапаразуменне, – уступае ў размову гаспадыня. – Часам прамаўчаць трэба, эмоцыі свае стрымаць. Галоўнае багацце нашай сям’і – двое дзяцей і чацвёра ўнукаў, якія часта прыязджаюць у госці. Зразумела, у вёсцы заўсёды знойдзецца работа па хатняй гаспадарцы: заараць, скасіць, адрамантаваць. Аднак імкнецца гаспадар знайсці час і на любімыя хобі – рыбалку ды ціхае паляванне ў пошуках баравікоў ды чырвонагаловікаў.
– На рыбалку з сынам езджу, – дзеліцца Іван Бургун. – То на Ушы, то на Свіцязі рыбачым. Ды і нашы варанчанскія вадаёмы не мінаем. Прыемна пасядзець у цішыні, падумаць. А калі ўлоў добры, дык і зусім выдатна. Нават сёння перад вачыма самы вялікі наш трафей – шчупак вагой 7,5 кілаграмаў.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара