Шалёны воўк пакусаў мясцовую жыхарку. Каб адбіцца ад яго, людзі выкарыстоўвалі петарды, тапталі машынай.
У той вечар Зінаіда Казлоўская выйшла на вуліцу, каб сустрэцца са знаёмымі, якія ехалі ў Віцебск, і перадаць з імі родным вясковых прысмакаў. Пад нагамі круцілася шчаня. І раптам
востры боль працяў нагу. Жанчына закрычала, інстынктыўна адмахнулася пакункам.
— У апошні момант я ўбачыла хвост, як мне падалося, сабакі, — расказала Зінаіда Казлоўская, якая толькі што вярнулася з бальніцы, дзе прайшла курс лячэння.
У хаце рану апрацавалі перакіссю вадарода, перабінтавалі. Пасля чаго муж, дарэчы, у мінулым паляўнічы, устрывожаны здарэннем, сеў у легкавы аўтамабіль і паехаў па вясковай вуліцы. Літаральна ў 150 метрах ад хаты на праезнай частцы сядзеў… воўк. Ён не рэагаваў на святло фар, гукавы сігнал.
— Яго ашчэраная пашча была пагрозліва адкрыта, на мордзе былі бачны раны, драпіны. Я націснуў на газ і праз імгненне адчуў, як звер апынуўся пад кузавам аўтамабіля. Калі спыніўся і
выйшаў з салона, ваўка на асфальце не аказалася, — у голасе Пятра Казлоўскага да гэтага часу адчуваецца рашучасць.
Вярнуўшыся ў хату, мужчына патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў пра здарэнне. Пасля чаго пачаў супакойваць жонку, якая пасля стрэсу прылегла адпачыць. У двары была прывязана лайка. Увесь гэты час Белка яўна хвалявалася, зрэдку падавала голас. І раптам залілася брэхам.
Калі Пётр Казлоўскі выбег з хаты, сабака схапілася з тым самым ваўком, якога ён зусім нядаўна пераехаў на аўтамабілі. Пасля кароткай сутычкі яна адступіла ў будку, але бойку працягвала.
Як дапамагчы сабаку, гаспадар не ведаў. Кінуцца бяззбройным на ваўка таксама не выпадала. Выхад падказала жонка, якая ўспомніла, што ў хаце ёсць петарды. Пасля выкарыстання некалькіх воўк рэціраваўся.
— Неўзабаве, вельмі аператыўна дарэчы, прыехалі медыкі, потым нарад міліцыі, праз некалькі гадзін егеры Багушэўскага лясгаса, — з удзячнасцю апавядаюць Казлоўскія.
У паляўнічых былі карабіны, аснашчаныя цеплавізарамі, таму ваўка знайшлі і застрэлілі даволі хутка. Ён ужо знаходзіўся за межамі вёскі. Аналізы, зробленыя ў лабараторыі, пацвердзілі — воўк быў хворы на шаленства.
Пацярпелыя людзі і жывёла атрымалі неабходнае ў такіх выпадках лячэнне. Выканалі частку сваёй работы ветэрынары, спецыялісты іншых службаў. Тым не менш, пытанні застаюцца. Нават у гэтым канкрэтным выпадку можна было не дапусціць непасрэдных кантактаў хворай жывёлы і людзей. Яшчэ днём некаторыя мясцовыя жыхары бачылі ваўка на вуліцы вёскі, ён заходзіў у двары хат. А напярэдадні хворая жывёліна прайшлася па суседніх населеных пунктах, уступала ў сутычку з вясковымі сабакамі. Але нікога з мясцовых жыхароў гэтыя факты не ўстрывожылі, ніякіх паведамленняў ні спецыяльным службам, ні ўладам не паступала. Пры тым, што падобныя факты сёлета мелі месца ў іншых населеных пунктах раёна. У прыватнасці, ад хворага на шаленства янота пацярпелі жыхары вёскі Асінаўка, што ў Беліцкім раёне. Не раз у сродках масавай інфармацыі выступалі спецыялісты ветэрынарнай і санітарнай службаў, інфармуючы насельніцтва аб небяспецы захворвання на шаленства.
Статыстыка
З пачатку сёлетняга года ў Сенненскім раёне выяўлена 14 выпадкаў захворвання жывёлы на шаленства. Найчасцей хворымі былі лісы (8), яноты (3). Зафіксаваны выпадкі захворвання ў
сабакі і каровы.
Аляксандр ЛАЗЮК,
Анатолій МОСІН.
Фота Аляксандра ЛАЗЮКА.