Сёння тэмай № 1 у краіне з’яўляецца выбарчая кампанія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Сваім меркаваннем пра будучае краіны і прадстаячы выбар на старонках “Полымя” і на сайце polymia.by дзеляцца жыхары Карэліцкага раёна: настаўнікі і ўрачы, парламентарыі і аграрыі, моладзь і ветэраны, прадстаўнікі самых розных сфер грамадства.
Таццяна ШАПЛЫКА, дырэктар ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір”, Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, дэпутат Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання:
— Як настаўнік і кіраўнік са стажам магу сказаць, што ў Беларусі і ў прыватнасці Карэліцкім раёне шмат робіцца і для жыцця, і для адукацыі маладога пакалення. Некалькі гадоў таму ў Мірскай сярэдняй школе прайшоў грунтоўны рамонт: заменены вокны, у класах з’явілася новая мэбля, адрамантаваны і аснашчаны тэхналагічным абсталяваннем харчаблок. Поўнасцю пераабсталяваны гісторыка-краязнаўчы музей, у якім працуе шэраг экспазіцый: гісторыя Міра, Мір у гады Першай і Другой сусветных войнаў, гісторыя школы і іншыя. Пасля мадэрнізацыі вуліцы Сташэўскай каля школы з’явілася аўтамабільная стаянка, на якой свой транспарт пакідаюць бацькі, што прывозяць дзяцей у школу і дзіцячы садок. Безумоўна, ёсць шэраг момантаў, якія варта вырашыць. Гэта і цеплавая рэабілітацыя школы, асвятленне яе тэрыторыі, будаўніцтва гульнёвай і спартыўнай пляцовак.
Хачу сказаць, што нам неабходна берагчы тое, што ёсць, і прымнажаць гэта. А прадстаячы выбар зрабіць з розумам, і абавязкова прыйсці на выбары. Лічу, што гэта абавязак кожнага адказнага чалавека і грамадзяніна.
Служба інфармацыі “Полымя”