З вялікай цікавасцю прачытала
Вялікі дзякуй рэдакцыі за яго публікацыю, таму што аўтар даходліва, аргументавана аналізуе многія факты з рэчаіснасці роднай Беларусі за апошнія дзесяцігоддзі, гэтым самым дапамагае зразумець многае, што хвалюе нас зараз. Раскрываецца сапраўдная рэальнасць той праславутай «дэмакратыі», якую хочуць навязаць нам з-за мяжы, а таксама скрытую за гучнымі прамовамі і безгрунтоўнымі абяцаннямі некаторых крыкуноў-агітатараў сутнасць іх планаў і праграмаў, у многім гібельных для народа, для краіны.
Як хочацца, каб гэты слушны роздум прачыталі і маладыя, і сталыя людзі, асабліва тыя, хто сёння займаецца не падмацаванымі фактамі, крытыканствам (хоць і жывуць зусім няблага): і дзяржава дрэнная, і стабільнасць надаела, і дабрабыт на нулі?! А ў чым дрэнная — доказаў, ніякіх, пустыя, збітыя фразы. Таму такім вось незадаволеным дасылаю некалькі пытанняў.
Вы б хацелі, каб вашы дзеці, унукі, родныя аказаліся ў стыхійным, раз’юшаным натоўпе ашалелых малайцоў, якія па камандзе, хаваючы твары, не разумеючы, дзеля чаго выйшлі на вуліцы, знішчаюць на сваім шляху ўсё здабытае нашымі з вамі рукамі? Думаю, не!
Вы б хацелі вярнуцца ў мінулыя 90-ыя гады, каб апынуцца ў магазінах з пустымі прылаўкамі, гадзінамі стаяць у азлобленай чарзе, спадзеючыся, што атрымаеце на талон кілаграм цукру ці крупы? Вы б хацелі ехаць у нанятай машыне ў г. Вільнюс за каўбасой, хлебам, сырам не толькі для сябе, а для калегаў па працы, сяброў, родзічаў, згараць ад сораму перад вачыма літоўскіх прадаўцоў, загружаючы прадукты ў багажнік, салон машыны. Адназначна ўпэўнена — не!
Хацелі б, каб купіць хоць штосьці з вопраткі, абутку для дзяцей, для сябе, адпраўляцца ў суседнюю Польшчу, везучы туды ўбогі тавар, праводзіць бяссонныя ночы на перапоўненых грозных вакзалах і, апынуўшыся на імправізаваным рынку Беластока, ізноў-такі згараць ад сораму і глытаць зняважлівыя позіркі пакупнікоў-суседзяў? Думаю, не хацелі б!
Вы б хацелі тыднямі чакаць заработную плату, пастаянна затрымоўваемую, і думаць, чым накарміць заўтра дзяцей? Думаеце, гэта выдумка, фантазія розуму? Пагаварыце з прадстаўнікамі старэйшага пакалення, і думаю, вам не захочацца існаваць у такіх умовах.
А мы перажылі тыя складаныя гады, таму ўсёй душой хочам стабільнасці, на якую не маем права падымаць руку, бо яна нам дорыць спакойныя дні, дагледжанасць палёў, гарадоў і вёсак, перапоўненасць прылаўкаў у магазінах, здзяйсненне жаданняў нашых дзяцей, упэўненасць у тым, што, калі захварэем, атрымаем бясплатнае лячэнне ў бальніцах рэспублікі (куда, дарэчы, у апошні час імкнуцца патрапіць пацыенты з-за мяжы), абаронную старасць, мірны сон, магчымасць будаваць дамы, купляць асабістыя машыны, адпачываць там, дзе жадае сэрца, прыгожа апранацца без блату, як гэта было раней. Надаела? Мне — не! Веру, што і вам таксама!
Нядаўна сустрэла свайго былога вучня. Скончыўшы Ленінградскую ВНУ, затым там жа аспірантуру, займаецца выкладчыцкай дзейнасцю, навуковец, з сям’ёй асталяваўся ў Піцеры. З гордасцю пры размове сказаў: «Калі еду на Радзіму адведаць маму, любуюся парадкам на роднай зямлі. Цаніце гэта і беражыце».
Мы ж, бывае, не ўмеем ганарыцца дасягнутым, некаторыя маладыя людзі хочуць без намаганняў мець усё і адразу, нідзе не працуюць, сядзяць на шыі ў бацькоў (бачым такіх і ў Карэлічах).
Але, як слушна зазначыў дырэктар прыватнага прадпрыемства, створанага ім у родных Карэлічах, дзе нарадзіўся і вырас,
За мяжой хлеб таксама нялёгкі, глыбока памыляюцца тыя, хто лічыць, што там манна з неба сыплецца. Не трэба жыць чужымі думкамі, трэба мець свой цвярозы позірк на рэалію, не памыляцца ў ацэнцы падзей ды памятаць адвечнае: ад дабра дабра не шукаюць…
Галіна КАЛТУНОВА,
выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь