5 жніўня ў ходзе сустрэчы з работнікамі райвузла паштовай сувязі і райвузла электрасувязі старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў падняў сур’ёзныя для беларускага грамадства тэмы:
— У гэтыя дні перад беларусамі задачай № 1 стаіць кансалідавацца і ўдумліва зрабіць правільны выбар. Сёння наша краіна трапіла ў поле чужых інтарэсаў. Нам абяцаюць літаральна заўтра рай і салодкае жыццё. Але будзем рэалістамі. Трэба абіраць розумам, а не ісці за прыгожымі лозунгамі. Думаючы пра светлую будучыню, варта ўзгадаць мінулае і ацаніць тое станоўчае, што зроблена за апошнія дзесяцігоддзі ў нашай краіне. А беларусам ёсць чым ганарыцца, наша рэспубліка паспяхова развіваецца ў розных галінах. Прычым, мы наглядаем рост дабрабыту не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. Так, праблемы ёсць, вось толькі ў якой краіны іх няма? Галоўнае, мы ведаем, як знайсці эфектыўныя рашэнні і куды рухацца. Такую моцную пазіцыю ўчора падчас Паслання да беларускага народа і Нацыянальнага сходу ясна і ўпэўнена акрэсліў Прэзідэнт. І гэта не проста словы, бо сённяшняя ўлада не абяцае, а найперш робіць. Далёка за прыкладам хадзіць не будзем і звернем позірк на нашу малую радзіму. Сёлета каля 500 тысяч рублёў нам давялося тэрмінова накіраваць з раённага бюджэту на дапамогу нашым медыкам дзеля барацьбы з каранавірусам. Пры гэтым мы знайшлі магчымасці дапамагчы і іншым сферам. У прыватнасці, накіраваны сродкі і рэсурсы на добраўпарадкаванне райцэнтра. І толькі ад нашага выбару залежыць, ці Беларусь працягне ісці сваім шляхам да новых вышыняў альбо нас і нашых дзяцей чакаюць нявызначанасць і туманныя перспектывы.
Служба інфармацыі «Полымя»