Чаму лепшая бадмiнтанiстка Беларусi перайшла ў зборную Польшчы?. 21.by

Чаму лепшая бадмiнтанiстка Беларусi перайшла ў зборную Польшчы?

21.08.2009 11:59 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Яшчэ вясной стала вядома, што бадмiнтанiстка Вольга Конан адмовiлася выступаць за Беларусь. Спартсменку ўспрымалi як медальную надзею нашай краiны на наступнай лонданскай Алiмпiядзе. Сёння Вольга сцвярджае, што нiхто з беларускiх чыноўнiкаў нават не прапанаваў ёй вярнуцца ў склад зборнай. Выходзiць, дзяржава адмовiлася ад магчымага алiмпiйскага медаля? Карэспандэнт "Звязды" разбiраўся, чаму Вольга Конан са скандалам перайшла ў зборную Польшчы.

Цяперашнi алiмпiйскi цыкл прынёс беларускаму спорту вялiкiя страты.

Спачатку дысквалiфiкавалi нашых зорных кiдальнiкаў молата Iвана Цiхана i Вадзiма Дзевятоўскага. Шанц, што спартсменаў апраўдаюць, мiзэрны. Па-мойму.

А ўзiмку кантракт з Мiнiстэрствам спорту не падпiсала юнiёрская чэмпiёнка Еўропы па бадмiнтоне Вольга Конан. Ад яе многiя заўзятары спорту чакалi медаля на лонданскай алiмпiядзе. Бо ў Пекiне 18-гадовая Конан заняла дзявятае месца i часам на роўных змагалася з вядомымi азiяцкiмi чэмпiёнкамi.

Але Вольга з гучным скандалам з'ехала ў Польшчу i паведамiла, што будзе выступаць пад сцягам гэтай краiны.

"Я прапанавала запрасiць замежнага трэнера, а яны смяялiся"

З Вольгай мы сустрэлiся ў Варшаве, дзе яна сёння ў асноўным жыве i трэнiруецца. Дзяўчына мае пакой у вялiкiм катэджы разам з iншымi бадмiнтанiсткамi польскай зборнай.

— У Беларусi мой узровень дакладна не вырасце, — кажа Вольга. — Некалькi гадоў да пекiнскай Алiмпiяды я жыла i трэнiравалася ў бадмiнтонным лагеры нямецкага Саарбрукена. Са мной займалiся азiяцкiя настаўнiкi, былi добрыя спарынг-партнёры. Калi ж я вярталася ў Брэст, то мне не было з кiм трэнiравацца, не было спарынг-партнёраў. Нашы настаўнiкi не здольныя вывесцi мяне на Алiмпiйскi п'едэстал.

Я прапанавала — давайце запросiм азiяцкага трэнера. Бадмiнтон — не футбол, замежнаму спецыялiсту можна плацiць тры-чатыры мiльёны рублёў, забяспечыць яго жыллём. Такiм чынам у нашай краiне можна развiваць бадмiнтон, атрымоўваць медалi на чэмпiянатах. Вынiкi хутка з'явiлiся б. Але нашым чыноўнiкам гэта не патрэбна. З маiх слоў толькi пацяшалiся. Iм патрэбныя выступленнi для адпiскi. А Вольга Конан — гэта костка ў горле.

"Разрыў звязкi мне лячылi як удар"

Бадмiнтанiстка запэўнiла, што нават трэнiруючыся за мяжой, не магла трываць зняважлiвае стаўленне да сябе спартыўных чыноўнiкаў.

— З лагера ў Саарбрукене я ездзiла на разнастайныя турнiры. Вядома, дарогу павiнны былi аплочваць у нашым Мiнiстэрстве спорту, — працягвае Вольга Конан. — У бухгалтэрыi з мяне патрабавалi квiткi за пералёты i пераезды. Здаралася, мы ездзiлi на спаборнiцтвы на прыватным мiкрааўтобусе. Вядома, бiлеты мне нiхто не выдаваў, проста ўсе спартсмены скiдвалiся на палiва. Грошы мне даводзiлася плацiць са сваёй кiшэнi. А потым у Мiнспорту мне iх не вярталi, маўляў, трэба было ляцець самалётам i прывозiць квiткi. Цi гэта не знявага? Так з-за бюракратыi я выклала нямала сваiх грошай, хоць выступала пад беларускiм сцягам.

Цi яшчэ адзiн выпадак. Я траўмавала калена, адбыўся разрыў звязкi. I беларускi траўматолаг параiў перавязаць нагу i трошкi пачакаць, нiбыта гэта моцны ўдар. Я вярнулася ў Саарбрукен i зразумела, што не магу выходзiць на корт, што дыягназ мне выставiлi памылковы. У Германii мне зрабiлi бясплатную аперацыю, і яшчэ тры тыднi ад мяне не адыходзiў нямецкi ўрач, забяспечваў рэабiлiтацыю. Цi магчыма такое ў Беларусi? А на Бацькаўшчыне пасля ўсяго гэтага мяне нават не забяспечылi спецыяльным накаленнiкам.

Пасля Алiмпiйскiх гульняў я спадзявалася, што легкадумнае стаўленне да мяне i да бадмiнтона зменiцца . Але дзе там! Прапанавалi падпiсаць кантракт, дзе графа "заробак" была пустая. I я прыняла рашэнне гэты кантракт не падпiсваць. I з'ехала з Беларусi. Па-праўдзе, я спадзявалася, што ў Мiнiстэрстве спорту адумаюцца, патэлефануюць мне, прапануюць прыстойныя ўмовы для трэнiровак. Але мне дагэтуль нiхто не патэлефанаваў. Крыўдна, што я беларуска, а вымушана буду прыносiць медалi на афiцыйных турнiрах iншай краiне. Але калi Мiнспорту зменiць да мяне сваё стаўленне, то я яшчэ магу вярнуцца. Мне патрэбны нармальны заробак i добрыя ўмовы для трэнiровак.

Мая мэта — калi не "золата" лонданскай Алiмпiяды, то медаль iншага гатунку дакладна.

Фота з архiва
Фота з архiва

Дзяржтрэнер па бадмiнтоне: "Нашы ўрачы не маглi назiраць за яе траўмай з адлегласцi"

У Беларускай федэрацыi бадмiнтона ўпэўненыя, што патрабаваннi Вольгi Конан — гэта капрызы. А дагадзiць бадмiнтанiстцы проста немагчыма.

— Не магу сказаць, што Вольга Конан мала б зарабляла, — упэўнена Святлана Лялькоўская, дзяржтрэнер па бадмiнтоне. — Графа "заробак" у кантракце была пустой, таму што яна запаўняецца на момант падпiсання кантракта. Стаўка Мiнспорту выплачвалася б па 22-м разрадзе, згодна з дасягненнямi спартсменкi. Гэта каля 600 тысяч беларускiх рублёў у месяц. Але Вольга атрымоўвала стыпендыю прэзiдэнцкага спартыўнага клуба. Доўгi час перад Алiмпiядай iшла спонсарская дапамога.

Непрыемную сiтуацыю з траўмай калена дзяржтрэнер Святлана Лялькоўская патлумачыла доўгай адсутнасцю Вольгi ў Беларусi.

— Траўма здарылася на турнiры ў Швецыi. Галоўны трэнер зборнай быў гэтаму сведкам. Напачатку Вольга сказала, што траўма нязначная. Прыехала ў Беларусь, патрапiла на прыём да галоўнага траўматолага спартовага дыспансэра. Здымкi паказалi — разрыў ёсць. Але ўрач параiў не рабiць аперацыю, а паглядзець, што адбудзецца далей. У хуткiм часе Вольга з'ехала ў Германiю. I там праз некалькi месяцаў ёй зрабiлi аперацыю. Упэўнена, што наш траўматолаг не памылiўся, папросту назiраць за развiццём траўмы было немагчыма з-за адсутнасцi Вольгi.

А гiсторыя з накаленнiкам — таксама няпраўда. Я не магла дастаць свае грошы i за яго заплацiць. Трэба было пачакаць тыдзень, пяць дзён. Мы дзяржаўная арганiзацыя i можам разлiчвацца толькi па безнаяўным разлiку. Але Вольга патрабавала, каб накаленнiк з'явiўся iмгненна.

"Фiнансаваць замежнага трэнера — няма сродкаў"

У дзяржтрэнера Святланы Лялькоўскай мы спыталiся, чаму ў Беларусь не запрашаюць замежнага трэнера. Калi ўжо з'явiлiся перспектыўныя бадмiнтанiсткi, як Вольга Конан, то чаму б не замацаваць гэты поспех, не прыцiснуць хвасты азiяцкiм спартсменкам?

— Фiнансаваць замежнага трэнера магчымасцi ў нас пакуль няма, — тлумачыць Святлана Лялькоўская. — Добраму замежнаму спецыялiсту трэба плацiць не менш за пяць тысяч еўра штомесяц. А наконт спарынг-партнёраў, якiх Вользе Конан, па яе словах, у Беларусi не хапае, яна заўсёды магла спарынгавацца з мужчынамi. Упэўнена, што i сёння Вольга не зможа перамагчы нашых мужчын.

Прэтэнзii Вольгi нас здзiвiлi. Адна шостая частка ад усiх сродкаў на развiццё бадмiнтона ў Беларусi iшла на аплату яе турнiраў.

— А што калi бадмiнтанiстка вырашыць вярнуцца ў зборную Беларусi?

— Мы не будзем секчы сук, на якiм сядзiм, i прымем яе. Мы спрабавалi з ёй звязацца i раней, прапаноўвалi абмеркаваць канфлiктную сiтуацыю, але Вольга не адказвала на нашы электронныя лiсты. Вiдаць, цяпер яна павiнна сама зрабiць крок нам насустрач.

Бацькi Вольгi Конан цалкам на баку дачкi. Яны ўпэўненыя, што выступаць за нацыянальную зборную з такiм стаўленнем спартыўных чыноўнiкаў было немагчыма. А дачку, нягледзячы на пераход у зборную Польшчы, лiчаць патрыёткай.

— З самага дзяцiнства яна марыла прыносiць славу Беларусi, — сцвярджае Надзея Лазараўна, мацi бадмiнтанiсткi. — Калi Вользе было пяць гадоў, мы паехалi на адпачынак у Балгарыю. Аднойчы на пляжы з'явiлiся клоўны. Яны сабралi дзяцей для конкурсу — хто хутчэй вып'е бутэльку лiманаду. Сярод дзетак была i наша Вольга. Яна прынялася за справу з iмпэтам i першай праз трубачку высмактала ўвесь лiманад. А пасля гэтага сказала: "Я перамагла, таму што хачу, каб маю Беларусь ведалi паўсюль-паўсюль...".

Дарэчы, прыкладна месяц таму з мамай бадмiнтанiсткi не працягнулi кантракт у цэнтры алiмпiйскай падрыхтоўкi па веславаннi ў Брэсце. Аднак пасля таго, як у справу ўмяшалiся журналiсты, кантракт з Надзеяй Конан працягнулi.

У той жа час

Выступiць за зборную Польшчы на чэмпiянаце свету ў Iндыi, якi прайшоў на мiнулым тыднi, Вользе Конан не дазволiлi.

— Мiжнародныя нормы такiя, што цягам трох гадоў спартсменка не мае права выступаць за зборныя iншых краiн, — паведамляе дзяржтрэнер Святлана Лялькоўская. — Але палякi ўсё адно заявiлi Вольгу на чэмпiянат свету. За гэта мiжнародная федэрацыя выбачылася перад намi, а польская федэрацыя атрымае грашовае пакаранне.

Тым не менш Вольгу Конан запрасiлi гуляць за наймацнейшы клуб Германii Bischmischeim. Да гэтага Вольга перамагла лепшую спартсменку з гэтага клуба — кiтаянку.

Падрыхтавацца да Алiмпiяды ў Лондане Вольга зможа без праблем, трохгадовы каранцiн да гэтага часу скончыцца. Толькi за якую краiну згуляе бадмiнтанiстка на Алiмпiядзе — гэта пытанне.

Погляд збоку

Канфлiкт спартыўных чыноўнiкаў i Вольгi Конан не выглядае адназначна. Спартсменка, дбаючы пра развiццё бадмiнтона i сваю фiнансавую стабiльнасць, выставiла свае патрабаваннi. На думку дзяржаўных чыноўнiкаў, патрабаваннi аказалiся завышанымi.

Але цi можна лiчыць Вольгу Конан здраднiцай — вялiкае пытанне. У свой час з Беларусi са скандалам з'ехаў гандбалiст Сяргей Рутэнка. Змянiў грамадзянства i з часам стаў самым дарагiм гандбалiстам свету. Сяргей даказаў, што падыход некаторых беларускiх чыноўнiкаў да гандбола ў той час быў няправiльны. А калi кiраўнiком федэрацыi стаў Уладзiмiр Канаплёў — Рутэнку вярнулi.

Конан беларускi пашпарт таксама пакуль не змянiла.

Дык, можа, знойдзецца мудры чыноўнiк, якi здолее пасадзiць за стол перамоваў i Вольгу Конан, i бадмiнтонную федэрацыю?

Некаторыя журналiсты паспяшалiся спiсаць Вольгу Конан з рахункаў. Маўляў, каб здабыць медаль на Алiмпiядзе, трэба нарадзiцца з вузкiмi вачыма, а еўрапейскiя спартсменкi iм не канкурэнты. Такiя пункты гледжання няхай застануцца слабакам. А пра Вольгу Конан, спадзяюся, мы яшчэ пачуем.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яшчэ вясной стала вядома, што бадмiнтанiстка Вольга Конан адмовiлася выступаць за Беларусь. Спартсменку ўспрымалi як медальную надзею нашай краiны на наступнай лонданскай Алiмпiядзе.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика