«Залаты мяч-2009»: Эдуард Малафееў папрасiў прабачэння, а Алег Качан развiтаўся з «арлом» — Сяргеем Крыўцо
29.12.2009
—
Новости Спорта
|
Беларуская федэрацыя футбола афiцыйна завяршыла сезон i ўручыла ўзнагароды раней названым лаўрэатам. Своеасаблiвы футбольны "Оскар" у айчынным выкананнi, дзе найлепшыя футбалiсты i трэнеры атрымалi падарункi з рук футбольных чыноўнiкаў i ветэранаў гульнi нумар адзiн разам з парадамi на будучыню, прайшоў у Мiнску. Распачаў цырымонiю "Залаты мяч-2009" фiльм Леанiда Бандаровiча, дзе знакамiты дыктар дынамаўскага стадыёна расказаў пра футбольныя дасягненнi гэтага года. Кiраўнiк беларускага футбола Генадзь Нявыглас нагадаў прысутным, што свята сёлета двайное — беларуская федэрацыя адзначае якраз у гэтыя днi сваё дваццацiгоддзе. 25 снежня 1989 года адбылося першае пасяджэнне выканкама Федэрацыi футбола БССР, дзе былi прызначаны службовыя асобы, зацверджаны вынiкi i намiнацыi, а першым кiраўнiком федэрацыi быў абраны Яўген Шунтаў (цяпер ганаровы прэзiдэнт Федэрацыi футбола). Наконт сезона-2009 Генадзь Нявыглас адзначыў, што гэта быў год, "багаты на iнтрыгi i нетрадыцыйныя падзеi, што выклiкалi гарачыя дыскусii, у якiх удзельнiчала ўся краiна". "Будзем спадзявацца, што ў наступным годзе любоў да спорту будзе толькi мацнець", — заўважыў старшыня Федэрацыi футбола i перайшоў да цырымонii ўзнагароджання. На сцэну паднiмалiся чыноўнiкi самага высокага рангу (ад мiнiстра спорту i турызму Алега Качана да кiраўнiкоў беларускага футбола) i ўручалi ўзнагароды найлепшым з лепшых у гульнi нумар адзiн. Футбольны клуб БАТЭ па колькасцi намiнацый быў па-за канкурэнцыяй. "Прыз глядацкiх сiмпатый" (гульнi барысаўскай каманды наведалi 117 тысяч гледачоў) i "Перамога двума складамi", "Лепшы варатар нацыянальнага чэмпiянату", "Лепшы абаронца", "Лепшы паўабаронца" i "Лепшы футбалiст", "Лепшы трэнер" — не трэба i казаць, што да ўсiх названых намiнацый мае дачыненне сёлетнi чэмпiён. Найлепшаму галкiперу Сяргею Верамко ўручыў узнагароду варатар мiнскага "Дынама", чэмпiён-82 Мiхаiл Вергiенка, абаронца легендарнага "Дынама" Эдуард Зарэмба павiншаваў барысаўскага ж абаронцу Iгара Шытава, раскрыўшы сакрэт, чаму абаронцы, у адрозненне ад нападаючых, рэдка ўсмiхаюцца. Сапраўдныя авацыi выклiкаў выхад на сцэну Эдуарда Малафеева, якi вiншаваў паўабаронцу Дзмiтрыя Лiхтаровiча. У звычнай для сябе манеры Эдуард Васiльевiч пашкадаваў, што не выклiкаў у свой час "гэтага хлопчыка" ў зборную. "Я памыляўся, прабач мне, хлопчык. Але ты бачыў неба", — не здраджваючы сабе, звярнуўся да вершаванага жанру Малафееў. Мiнiстр спорту Алег Качан назваў найлепшага футбалiста нацыянальнага першынства Сяргея Крыўца "арлом, якому надышоў час пакiнуць сваё гняздо" i пажадаў яму ўдачы ў новым клубе (як вядома, футбалiст падпiсаў кантракт з польскiм "Лехам"). Найлепшы футбалiст Беларусi — паўабаронца нацыянальнай зборнай i ФК "Растоў" Аляксандр Кульчы на сцэне прызнаўся, што не хваляваўся так нават на знакамiтым англiйскiм стадыёне "Уэмблi", але нiхто яму, зразумела, не паверыў. Вiктар Ганчарэнка, атрымаўшы сярод спонсарскiх падарункаў i прэзент ад вытворцы швейцарскiх гадзiннiкаў "Tissot", паабяцаў радаваць вынiкамi клуба на еўраарэне, "бо радаваць усiх у чэмпiянаце Беларусi нашы перамогi не могуць". Спецыяльны прыз ад АБФФ атрымала зборная Беларусi па мiнi-футболе сярод людзей са слабым зрокам, якая сёлета стала чэмпiёнам Еўропы. Яшчэ адзiн спецыяльны прыз BelSwissBank iмя Аляксандра Пракапенкi "За футбольны талент i самааддачу ў гульнi за Беларусь" атрымаў паўабаронца зборнай i самарскiх "Крылаў Саветаў" Цiмафей Калачоў. Найлепшым футбалiстам сярод жанчын стала Ганна Татарынава ("Жылбуд", Харкаў), найлепшы футбалiст па мiнi-футболе — Вадзiм Лушкоўскi ("Дарожнiк", Мiнск), найлепшы футбалiст па пляжным футболе — Руслан Пярнай (Пас- сат-Пласт", Мiнск). Сярод клубаў у намiнацыi "За волю да перамогi" быў адзначаны магiлёўскi "Днепр", "Пагрозай аўтарытэтаў" стаў сцiплы мiкашэвiцкi "Гранiт", прыз "Справядлiвай гульнi" атрымаў ФК "Мiнск". Алена АЎЧЫННIКАВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларуская федэрацыя футбола афiцыйна завяршыла сезон i ўручыла ўзнагароды раней названым лаўрэатам. Своеасаблiвы футбольны "Оскар" у айчынным выкананнi, дзе найлепшыя футбалiсты i трэнеры атрымалi падарункi з рук футбольных чыноўнiкаў i ветэранаў гульнi нумар адзiн разам з парадамi на будучыню, прайшоў у Мiнску.
|
|