Юля Несцярэнка з-за траўмы прапусціць чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы. 21.by

Юля Несцярэнка з-за траўмы прапусціць чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы

09.03.2010 13:32 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Як распавёў Еўрарадыё трэнер славутай бягухі, спартоўца зусім не трэніравалася ўзімку, але пастараецца аднавіцца да лета

12-14 сакавіка ў Катары на зімовым Чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў закрытым памяшканні не выступіць адна з найхутчэйшых жанчын свету — беларуска Юлія Несцярэнка. Як патлумачыла Еўрарадыё генеральны сакратар Федэрацыі лёгкай атлетыкі Таццяна Лядоўская, спаборніцтвы ў Катары стануць для нашых спартоўцаў хутчэй яшчэ адной трэніроўкай, а не галоўнай падзеяй года.

Таццяна Лядоўская: “Сёлета ў нас за галоўны старт лічыцца летні Чэмпіянат Еўропы, які пройдзе ў Барселоне ў жніўні. А зімні сезон — гэта падвядзенне, базавы ўзровень, кантроль формы. Таму, натуральна, вялікіх задач на зімовы перыяд няма. Аднак, нягледзячы на гэта, на зімовым Чэмпіянаце свету ў закрытым памяшканні мы плануем заваяваць 1-2 медалі”.

Беларусь у Досе, сталіцы Катара, прадставяць 9 лёгкаатлетаў. А вось “Белай Маланкі”, як клічуць алімпійскую чэмпіёнку 2004 года Юлію Несцярэнку яе фанаты, на зімовым чэмпіянаце свету не будзе.

Таццяна Лядоўская: “У Юлі Несцярэнкі не прадугледжаныя індывідуальным планам выступы ў зімовым спаборніцкім сезоне. Але пры гэтым яна папярэдне планавала выступіць на Чэмпіянаце Еўропы сярод каманд і, натуральна, на Чэмпіянаце Еўропы ў Барселоне. Папросту што прызвычаіўся народ: калі выйграла, то ўвесь час павінна выйграваць. А тое, што яна трапляе ў фінал альбо ў складзе эстафеты заваёўвае медаль, то гэта ўжо не лічаць і не бачаць. А высілкі ж тыя прыкладаюцца”.

Зрэшты, апошнюю зіму алімпійская чэмпіёнка і сапраўды прапусціла. Як патлумачыў Еўрарадыё трэнер “Белай Маланкі” Дзмітрый Несцярэнка, перапынак быў вымушаны: спартсменцы неабходна было адпачыць і аднавіцца пасля сур’ёзнай траўмы спіны.

Дзмітрый Несцярэнка: “Зіму ўвогуле прапускалі, яна зусім не трэніравалася. Ну так, кросікі бегала, адпачывала. Вырашылі падлячыцца трошкі. Пакрысе да лета будзем расчухвацца. Пабачым, калі нармальна адновіцца ды па трэніроўках усё будзе добра, то я думаю, што пераможам на Чэмпіянаце Еўропы. Ну як, яна зараз падтрымлівае форму, але мы зараз шыпоўкі не абуваем, не бегаем — па выніках я вам нічога сказаць не магу. Папросту з-за спіны менш сталі нагрузку рабіць: менш вагі на штангах, менш прысяданняў — каб нагрузка на спіну была меншая”.

Затое ў Федэрацыі лёгкай атлетыкі на аднаўленне формы Юліі Несцярэнкі пазіраюць больш аптымістычна. Як паведаміла Таццяна Лядоўская, чэмпіёнка знаходзіцца літаральна ў кроку ад сваёй “алімпійскай хуткасці”.

Таццяна Лядоўская: “У 2004 годзе яна прабегла 10.93. У гэтыя гады яна стабільна бегае 11.04-11.14. На 100 метраў гэта розніца недзе ў 1 метр — вось гэтая розніца 10.92-11.04. Была сур’ёзная траўма, але Юля яе залячыла. Яна ж год зусім не выступала: ані ўзімку, ані ўлетку — канкрэтна займалася лячэннем траўмы. Зараз усё, здаецца, нармальна”.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як распавёў Еўрарадыё трэнер славутай бягухі, спартоўца зусім не трэніравалася ўзімку, але пастараецца аднавіцца да лета
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика