Хакейнае Дынама пазбавілася ад легіянераў і вяртае літару Д. 21.by

Хакейнае Дынама пазбавілася ад легіянераў і вяртае літару Д

17.04.2010 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У наступным сезоне ў камандзе могуць з'явіцца Аляксей Калюжны і Сяргей Касціцын

Новы сезон хакейны клуб "Дынама-Мінск" пачынае з новым кіраўніцтвам. Гэта расійскі спецыяліст Сяргей Каткоў, які стаў генеральным дырэктарам і запрасіў на пасаду галоўнага трэнера чэха Марэка Сікору. Дапамагаць галоўнаму трэнеру будуць Аляксандр Андрыеўскі і Анатоль Чысцякоў. Паводле слоў Сяргея Каткова, Андрыеўскі пагадзіўся на паніжэнне, бо не мае вялікага вопыту для вырашэння сур'ёзных задач. Анатоль Чысцякоў — расійскі трэнер, які дапамагаў Марэку Сікоры ў магнітагорскім "Металургу" і "Аўтамабілісце" з Екацярынбурга.

З мінулагодніх легіянераў у "Дынама" застануцца толькі Джэф Плат, кантракт якога падпісаны да 2011 года, і, магчыма, абаронца Д'юві Уэскат. "Уэскат папрасіў некаторыя дадатковыя ўмовы да свайго кантракта. У прыватнасці, няньку для свайго нованароджанага дзіцяці. Мяркую, мы выканаем гэтыя ўмовы і падпішам кантракт", — расказаў Сяргей Каткоў. Тут ён заявіў, што гэтым спіс легіянераў, якія гулялі летась, і абмяжоўваецца. Генеральны дырэктар з галоўным трэнерам наведаюць чэмпіянат свету і там паназіраюць за некаторымі гульцамі, у прыватнасці, шведскім хакеістам Андэрсанам. Праўда, шанцаў у іх трапіць у "Дынама", відаць, няшмат. "Я маю на руках сур'ёзнае медыцынскае заключэнне аб стане здароўя Віле Пелтанена. Мы з Марэкам у курсе, які гэта быў баявіты капітан, але мы павінны падумаць, можам мы рызыкаваць, ці не. Ёсць падставы меркаваць, што такія траўмы ў яго ўзросце, а яму 37, не аднаўляюцца", — расказаў Сяргей Каткоў.

Затое з беларускіх хакеістаў у "Дынама" застануцца амаль усе. Сяргей Каткоў агучыў імёны Мялешкі, Кулакова, Дзянісава, Міхалёва, Стася, Антонава, Варламава, Качаткова, Чупрыса і Задзялёнава. У варатарскай лініі пакуль няма яснасці. Кантракт Андрэя Мезіна заканчваецца 30 красавіка, і яго перспектывы будуць залежаць ад гульні на чэмпіянаце свету — гэтак жа, як і Віталя Коваля (праўда, у яго кантракт яшчэ на год). Акрамя таго, на гэтую пазіцыю разглядаецца яшчэ тры кандыдатуры, адзін з варатароў гуляе ў НХЛ.

Здаецца, курс на вяртанне беларускіх хакеістаў узяты ў "Дынама" і ў наступным сезоне будзе ўвасабляцца ў жыццё. Цалкам верагодна, што ў камандзе з'явіцца Аляксей Калюжны, Сяргей Дзямагін ці Сяргей Касціцын. "Я размаўляў з усімі беларускімі гульцамі, якія гуляюць у КХЛ. Гэта і Угараў, і Калюжны, і Дзямагін, і Кальцоў. Хтосьці катэгарычна адмовіўся адразу, хтосьці звязаны кантрактам (гэта Косця Кальцоў), Дзямагін пакуль думае. Калюжны пагадзіўся спачатку, але на наступны дзень патэлефанаваў яго агент і сказаў, што ў іншым клубе ім прапануюць удвая большыя грошы. Так што Аляксей пакуль думае. Мы нават тройку пад Калюжнага пачалі фарміраваць. Я дамовіўся і з Сяргеем Касціцыным, і калі "Манрэаль Канадзіенс" не прапануе яму аднабаковы кантракт, ён гатовы разглядаць нашу прапанову. Аднак гэта таксама будзе нятанны гулец", — падзяліўся Сяргей Каткоў.

Да радасці шматлікіх прыхільнікаў "Дынама", на эмблему клуба вернецца літара "Д". "У "Дынама", якому 85 гадоў, свае багатыя традыцыі. Я звярнуў увагу, што некалькі гадоў таму гэты надпіс прыбрала з формы маскоўскае "Дынама", але своечасова адумалася і вярнула. Рыжане пры ўсёй іх насцярожанасці таксама захавалі назву. Чаму мы павінны парушаць традыцыі, якім не адзін дзясятак гадоў?". Сяргей Каткоў паведаміў, што заказаў вытворцу формы расійскай кампаніі "Луч" некалькі варыянтаў з лагатыпам "Дынама" на грудзях, і, магчыма, галава зубра на форме ўсё ж застанецца на плячы ці іншых месцах.

Сяргей Каткоў паведаміў, што меў размову з усімі гульцамі "Дынама" і ўсім задаў адно і тое ж пытанне: што не дазволіла камандзе трапіць у плэй-оф? І атрымаў шэраг самых розных адказаў. "Пры такой наяўнасці недахопаў вырашыць пастаўленую задачу было амаль немагчыма. Высветлілася, што гульцы падзяліліся на дзве-тры групоўкі. Таму адна з нашых задач — згуртаваць хакеістаў", — паведаміў генеральны дырэктар. Сярод метадаў былі названыя традыцыйныя шашлыкі і вячэры з сем'ямі, паездкі да шахцёраў і спусканне ў шахту.

Новы галоўны трэнер каманды Марэк Сікора пакуль асвойваецца ў "Дынама" і беларускай сталіцы. "Я бачу прыгожы горад, добрае надвор'е. У мяне ўжо ёсць кватэра ў 20—25 хвілін хады пешшу да арэны, гэтак як я і хацеў. Класна зрабілі. Прадукты паглядзеў — добрыя. Ведаю, што ў "Дынама" за 2 гады змянілася 5 трэнераў. Мяркую, што са мной атрымаецца лепш", — падзяліўся пан Сікора.

Наконт манеры гульні каманды трэнер выказаўся наступным чынам: "Будзем гуляць па сітуацыі. Я не хачу сказаць, што мы будзем дзейнічаць у адкат, але я той трэнер, які на першае месца ставіць гульню ў абароне. Абарона — гэта вынік. Прычым гульня ў абароне датычыць кожнага хакеіста — і абаронцы, і нападаючага. Так у мяне было ў Екацярынбургу, і ў многім дзякуючы гэтаму ўдалося дасягнуць выніку з камандай, патэнцыял якой ніжэйшы за мінскае "Дынама".

Алена АЎЧЫННІКАВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У наступным сезоне ў камандзе могуць з'явіцца Аляксей Калюжны і Сяргей Касціцын Новы сезон хакейны клуб "Дынама-Мінск" пачынае з новым кіраўніцтвам. Гэта...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика