Нападаючы Руслан Піменаў: Усе чакаюць ад "Дынама" перамог 5:0. Гэта скоўвае
24.04.2010
—
Новости Спорта
|
Набытак расійскага футбаліста Руслана Піменава стаў сёлета літаральна самым гучным трансферам сталічнага "Дынама". 29-гадовы нападаючы ў свой час выступаў за зборную Расіі, маскоўскія "Лакаматыў і "Дынама", французскі клуб "Мец". Апошнія два гады форвард правёў у маскоўскім "Дынама", праўда, у яго аснове амаль не выходзіў. Мы распыталі футбаліста пра яго мінскі этап у спартыўнай кар'еры. — Руслан, раскажыце, як вы апынуліся ў мінскім "Дынама"?— "Дынама" гуляла ў Маскве таварыскі матч з "Лакаматывам". Наш з Сяргеем Гурэнка агульны знаёмы прапанаваў маю кандыдатуру мінскаму клубу. Гурэнка сказаў, што спачатку мне трэба прыехаць на невялікі прагляд, пасля гэтага прымуць рашэнне, паколькі цікавасць такая была. Пасля гэтай размовы я прыехаў у Мінск, прайшоў прагляд. — Прычым спачатку ў прэсе з'явілася інфармацыя пра тое, што ў вас быццам бы праблемы са здароўем і кантракт не будзе падпісаны... — Гэта прыкрая недарэчнасць. Але мне было вельмі непрыемна, што гэта неправераная інфармацыя трапіла ў СМІ. Навошта гэта было зроблена, калі яшчэ не было ніякай канкрэтыкі, мне незразумела. А так усё добра. — Як вам ўмовы ў мінскай камандзе? — Мяне ўсё задавальняе. Усё ж такі гэта сталіца. Каманда сур'ёзная, з тытуламі, з сур'ёзнымі намерамі. Адзінае, што пакуль не задавальняе — гэта вынік. Але гэта папраўна. — У чым тады, на ваш погляд, прычына такой невыразнай гульні каманды на старце? — Я чалавек новы ў камандзе, мне складана меркаваць. Здаецца, кваліфікаваныя гульцы, добры трэнер. Мяркую, што гэта перадстартавае хваляванне. Усё ж такі усе чакаюць перамог, па 5:0 у кожным матчы, і гэты ціск адчуваецца. Гэта скоўвае хлопцаў. — Як вас прынялі ў камандзе? — Выдатна. Футбалісты хутка ўліваюцца ў калектыў. Тым больш я рускамоўны. — Магчыма, вы сустракаліся з уладальнікам клуба Юрыем Чыжом і ён даваў вам нейкія парады? — Я нават не бачыў яго ні разу. — Вы ведаеце, што ён і пасля матчу можа падысці да гульца паразмаўляць? — Пакуль не ведаю. Я так разумею: калі каманда перамагае, тады ёсць сэнс падыходзіць. А калі прайграе, і так усё зразумела: усе стараліся, трэніраваліся, аддавалі на полі ўсе сілы, але ў футболе станоўчы вынік чаргуецца з адмоўным. Трэба працаваць, і вынік не прымусіць сябе чакаць. — Як складваюцца вашы адносіны з Сяргеем Гурэнкам? Калісьці вы разам гулялі, а цяпер павінны выконваць яго патрабаванні. Ці маеце вы права выказаць сваё меркаванне, не пагадзіцца з трэнерам у чымсьці? — Прыемна тое, што кожны гулец у камандзе можа ў любы момант падыйсці да галоўнага трэнера. Перашкод ніякіх няма, і выдатна, што любыя моманты можна абмяркоўваць. А наконт патрабаванняў, на тое ён і трэнер, каб выстаўляць патрабаванні, а мы іх выконвалі. — У маскоўскім "Дынама" быццам бы былі незадаволеныя вашай фізічнай формай, у прыватнасці, папракалі вас у лішняй вазе. Сяргея Гурэнку задавальняе ваша фізічная форма? — У маскоўскім "Дынама" я паспрачаўся з галоўным трэнерам, мы не сышліся характарамі. Менавіта ён прыпісваў мне праблемы з вагой. Трэнер пайшоў на прынцып, і адзінае, што я мог зрабіць — разарваць кантракт з маскоўскім "Дынама". І перайшоў у мінскае "Дынама". — Пры пераходзе ў вас былі нейкія асаблівыя патрабаванні? Ці, магчыма, да вас? — Патрабаванне да мяне адно — хутчэй забіваць і дапамагаць камандзе. — Як у бытавым плане асвоіліся ў Мінску? — Аўтамабіля пакуль няма, пры неабходнасці карыстаюся паслугамі таксі — усё без празмернасцяў. Клуб выдаткоўвае мне невялікую суму на арэнду кватэры. Гэта дзесяць хвілін пешшу да цэнтра горада. Хоць мне тут падказваюць, што гэта ўсё-такі цэнтр. Я яшчэ не вельмі добра ведаю горад. А па фінансавых умовах я не самы высокааплатны гулец. Грошы тут не адыгрывалі галоўнай ролі. Сярод гульцоў клуба ў ведамасці зарплат я дзесьці, напэўна, ў сярэдзіне. —У Мінску бывалі раней? — Сёлета я ўпершыню прыехаў у Мінск. Музеяў і адметнасцяў пакуль не бачыў. У нас трэніроўкі, гульні. У перапынку паміж першым і другім кругам планую нікуды не ездзіць, а застацца тут і пазнаёміцца з горадам. На першы погляд, цэнтр горада вельмі прыгожы, добразычлівыя людзі — спрыяльная атмасфера, адным словам. Алена АЎЧЫННІКАВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Набытак расійскага футбаліста Руслана Піменава стаў сёлета літаральна самым гучным трансферам сталічнага "Дынама". 29-гадовы нападаючы ў свой час выступаў за...
|
|