Ці зможа каманда Штанге здзівіць Парыж?. 21.by

Ці зможа каманда Штанге здзівіць Парыж?

03.09.2010 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Шанцы нашых футбалістаў у матчы з "трохкаляровымі" ацанілі Сяргей Бароўскі і Ігар Гурыновіч

Сёння наша футбольная зборная стартуе ў адборачным цыкле да Еўра-2012. Нагадаем, што кантынентальнае першынство пройдзе ў Польшчы і на Украіне. І дзе, як ні ў краінах-суседках, нашы балельшчыкі максімальна маглі б падтрымаць сваю каманду? Федэрацыя паставіла перад футбалістамі нялёгкую задачу — заняць у групе другое месца. Яно дазволіць праз стыкавыя матчы прабіцца ў фінал. Але ў групе ўсё не так проста: акрамя беларусаў, у ёй французы, румыны, баснійцы, албанцы і люксембуржцы. Для выканання задачы прыйдзецца апярэдзіць кагосьці з двух першых у спісе.

Першым супернікам беларусаў ужо сёння ўвечары стануць французы — чэмпіёны Еўропы і свету. Праўда, гэта было раней. А сёлетняя паездка на чэмпіянат свету ў Паўднёвую Афрыку стала для французаў адной з самых ганебных . На мундзіяль трохкаляровыя прабіліся дзякуючы цуда-голу Анры ў вароты ірландцаў, забітаму з парушэннем правілаў. Да гэтага на працягу адборачнага цыклу каманда не змагла на сваім полі перамагчы румынаў, ледзь-ледзь адолела літоўцаў. У ПАР праблемы працягваліся: Нікаля Анэлька сказаў галоўнаму трэнеру Раймону Даменеку нешта такое, што наўрад ці абодва яны захочуць гэта паўтарыць. Пасля гэтага футбаліста прагналі са зборнай, але гульцы яго падтрымалі і не выйшлі на трэніроўку. Стала канчаткова зразумела, што Раймон Даменек аўтарытэт страціў. Каманда Францыі пакінула чэмпіянат, прайграўшы апошні матч зборнай ПАР і не выйшаўшы з групы. Разбіраць брудную трохкаляровую бялізну імкнуліся прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі і парламент. З той пары ў камандзе змяніўся склад і галоўны трэнер. Анэлька, Рыберы, Эўра і Тулалан, як пачынальнікі і актыўныя ўдзельнікі скандалу, мясцовай федэрацыяй футболу былі дыскваліфікаваныя. Цьеры Анры сам адмовіўся выступаць за зборную, Самір Насры траўміраваны. Няма ў складзе Абілаля, Гуркюфа і Галаса. Але ў тым і справа, што ў Францыі шмат футбалістаў, якія гуляюць у топ-клубах — той жа Бензема з "Рэала", Малуда з "Чэлсі" і шмат іншых.

Новы галоўны трэнер каманды Ларан Блан, адзін з лепшых абаронцаў у свеце ў свой час і чэмпіён свету-1998, зборныя раней ніколі не трэніраваў. Праўда, са сваім клубам "Бардо" выйграваў чэмпіянат Францыі. За час пасля чэмпіянату свету ён правёў з камандай усяго адзін матч — таварыскі супраць каманды Нарвегіі — і прайграў 1:2. Але і з той пары склад амаль цалкам змяніўся. Хто і як будзе гуляць у камандзе, мы пабачым, напэўна, толькі калі каманды сёння ўвечары выйдуць на "Стад дэ Франс". У сераду, як паведамляе тэлеканал "Еўраньюс", размяшчэнне нацыянальнай зборнай Францыі перад матчам з Беларуссю наведаў Зінэдзін Зідан. Спачатку, праўда, планавалася, што ён будзе ў трэнерскім штабе Блана. Але, як бачым, аўтарытэтны ў нядаўнім мінулым футбаліст абмежаваўся некалькімі парадамі гульцам і назіраннем за трэніроўкай.

Такім чынам, галоўнай праблемай зборнай Францыі з'яўляецца нясыгранасць. Пачынаць з чыстага ліста заўсёды няпроста. Але ці стане гэта вялікай перашкодай у матчы супраць нашай зборнай? Пра гэта мы пагаварылі з вядомымі беларускімі спецыялістамі Сяргеем Бароўскім і Ігарам Гурыновічам.

Сяргей Бароўскі, чэмпіён СССР у складзе мінскага "Дынама", двойчы (у 1994—1997 і 1999—2000 гадах) узначальваў нацыянальную каманду:

— На старце адборачнага цыклу гуляць з удзельнікам чэмпіянату свету прасцей, чым з камандай, якая не змагла трапіць на мундзіяль і ставіць сур'ёзныя задачы. У гэтым плане жэрабя быў для нас прыхільным. Але скандал, які грымнуў у зборнай Францыі, можа як станоўчую ролю сыграць, так і наадварот. Тут усё будзе залежыць ад таго, наколькі Ларан Блан зможа мабілізаваць каманду на гульню. Французы будуць гуляць з ліста пасля ўсяго трох дзён падрыхтоўкі. Таварыскіх матчаў у іх не было — матч з нарвежцамі я не ўлічваю, бо гулялі яны зусім іншым складам. Немагчыма нават меркаваць, у якім складзе будзе зборная Францыі. Але так і цікавей.

— У складзе зборнай Францыі няма былых зорак...

— Але гульня таго ж "Зеніта" з "Асерам" паказала, што ў Францыі дастаткова кваліфікаваных футбалістаў. Адназначна, што ўсё будзе залежыць ад таго, у каго які настрой, у каго з супернікаў будзе мацнейшай прага да перамогі.

— Для нашай зборнай агучаная задача заняць другое месца ў групе. Наколькі гэта рэальна?

— Калі французы і румыны згуляюць па максімуму, то ў беларусаў шанцаў няма. Але, як сведчыць не адзін адборачны цыкл, заўсёды ёсць спады ў вядучых каманд. Хто думаў, што Славакія, Славенія абыйдуць Польшчу, Чэхію у мінулай кваліфікацыі? Калі браць рэйтынг, то шанцаў няма, але абставіны могуць скласціся і на карысць беларусаў.

— Наш шанц — шанц аўтсайдара?

— Зусім не. Аўтсайдары ёсць у групе, і гэта не мы. Наша зборная мае гульцоў добрага ўзроўню. І каб каманда сярэдняга еўрапейскага ўзроўню магла трапіць, па прыкладзе той жа Латвіі, у фінал чэмпіянату Еўропы, патрэбна адпаведная сітуацыя. Гэта выдатны стан сваёй каманды і перавага над настроем праціўніка. Будзе гэта — тады ёсць добры шанц пазмагацца за другое месца.

— У матчы з румынамі, другім моцным супернікам, з якім мы сустракаемся адразу пасля французаў, 7 верасня, якія нашы шанцы?

— Тыя ж, што і з французамі. Усё будзе залежыць ад гатоўнасці каманды 7 верасня. І наколькі правільна спрацуем з румынамі, з якімі не так даўно сустракаліся ў межах адборачнага цыклу. Трэба ўлічыць памылкі тых гульняў і згуляць на максімуме сваіх сіл.

Ігар Гурыновіч, чэмпіён СССР у складзе мінскага "Дынама":

— Наш супернік зусім не слабы. У зборную Францыі прыцягнутыя новыя людзі, і яны будуць даказваць, што заслужана трапілі ў каманду. Гульня будзе надзвычай складанай. Францыя ў любым складзе і стане — дастаткова моцны супернік.

— Магчыма, нам дапаможа нясыгранасць праціўніка...

— Вядома, мы жадаем нашай зборнай перамогі. Але мы яшчэ не зборная Германіі, каб асноўным матывам пройгрышу зборнай Францыі стала іх нясыгранасць. Мяркую, у любым складзе, нават нясыграным, Францыя — моцны супернік.

— Нашай камандзе па сілах заняць другое месца ў групе?

— Яшчэ ў былыя часы Эдуард Васільевіч Малафееў казаў, што трэба патрабаваць выніку найвышэйшага і атрымаеш рэальна магчымы. Застаецца толькі пажадаць поспехаў нашай камандзе.

— Вы лічыце, абысці французаў ці румынаў і заняць другі радок нам пакуль цяжка?

— У жыцці бывае ўсё. На полі гуляе не Штанге, а футбалісты, і ўсё залежыць ад іх самааддачы і матывацыі. А чэмпіянат Еўропы, мяркую, добрая матывацыя.

— Што скажаце пра стан нашай зборнай?

— Усе гульцы, акрамя Кутузава, у якога сезон толькі пачаўся, павінны быць у добрай форме — чэмпіянаты Беларусі і Расіі даўно пачаліся. Глеб не ў самай лепшай форме. Але гэта можна кампенсаваць самааддачай і разуменнем таго, што ты гуляеш за зборную.

— Але Кутузаў і Глеб — нашы лідары, на якіх Штанге заўсёды рабіў стаўку...

— Было шмат матчаў, калі не гуляў Глеб, і каманда выглядала вельмі прыстойна...

Алена АЎЧЫННІКАВА. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Шанцы нашых футбалістаў у матчы з "трохкаляровымі" ацанілі Сяргей Бароўскі і Ігар Гурыновіч Сёння наша футбольная зборная стартуе ў адборачным цыкле да...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика