Футбольны цуд ад Бернда Штанге пад пытаннем?
12.10.2010
—
Новости Спорта
|
Пра гэта можна даведацца ўжо сёння позна ўвечары, калі на сталічным стадыёне "Дынама" нацыянальная зборная Беларусі правядзе апошні ў гэтым годзе адборачны матч да чэмпіянату Еўропы-2012. Сапернікам беларусам стануць албанцы — каманда гэтай краіны заўсёды вызначаецца непрадказальнасцю і мае статус "цвёрдага арэшка". Сцвярджаць, што любы вынік, акрамя выйгрышу, стане для падначаленых спадара Штанге правальным, наўрад ці можна. І ўсё з-за сенсацыйнай стартавай перамогі над французамі ў Парыжы, дзякуючы якой нямецкі трэнер атрымаў значны карт-бланш не толькі ад кіраўніцтва Беларускай федэрацыі футбола, але і звычайных балельшчыкаў. Хоць мяркуючы па ўчарашняй прэс-канферэнцыі, якая ў сваёй большасці падводзіла вынікі пятнічнай малавыразнай выязной гульні з Люксембургам (0:0), у выпадку чаго крэдыт даверу да замежнага настаўніка і ігракоў "нацыяналкі" зноў можа вярнуцца да "плінтусавага" ўзроўню. Сустрэчу з журналістамі Бернд Штанге пачаў у якасці форварда, спрабуючы адразу ўзяць ініцыятыву ў свае рукі і не даць прадстаўнікам айчынных СМІ раздуць з мухі слана. Сёння я без ігракоў нацыянальнай зборнай, засяродзіў увагу прысутных германскі коўч. Калі каманда выйграе, падкрэсліў ён, то я заўсёды прыходжу з футбалістамі. Калі ж гуляе няўдала, то прымаю ўвесь агонь крытыкі на сябе — чыталася на твары нямецкага настаўніка. Аналізуючы нулявы зыход паядынку ў Люксембургу, Бернд Штанге без залішніх ваганняў прызнаўся, што для беларусаў гэта была няўдалая гульня. І не толькі з пункту гледжання нулёў на табло, але і з пазіцыі гульнявога майстэрства і тактыкі. Галоўнай памылкай у гэтым паядынку з футбалістамі карлікавай еўрапейскай краіны, сказаў спадар Штанге, былі высокія перадачы, якія раз за разам станавіліся лёгкай здабычай гаспадароў поля. Акрамя таго, у радах зборнай не знайшлося футбаліста, які здолей бы аддаць пару-тройку пасоў, якія б вянчалі галявы момант з абавязковым узяццем варот саперніка. А ў беларускай камандзе, калі верыць нямецкаму трэнеру, роля "інтэлігентаў" адводзілася Аляксандру Глебу і Віталю Кутузаву. Але ж па волі абставін гэтыя ігракі ў Люксембургу не выступалі. Зараз, працягнуў галоўны трэнер беларускай зборнай, мы маем поўную аналітычную выкладку з апошняга матча і супраць албанцаў павінны выступіць агульным фронтам. І неабавязкова па схеме з двума апорнымі абаронцамі, дзеля таго, каб выйграць сённяшнюю сустрэчу і пайсці на зімовыя канікулы на другой пазіцыі. Тут ужо спадар Штанге ўлічыў патэнцыйную перамогу зборнай Францыі, якая сёння дома прымае каманду Люксембурга. З улікам суботняга выйгрышу на "Стад дэ Франс" над румынамі з лікам 2:0 падначаленыя Ларана Блана могуць ісці на "зімоўку" аднаасобнымі лідарамі з трыма вікторыямі запар. Рэзюме ўчарашняй прэс-канферэнцыі Бернда Штанге было прадказальным: нам неабходна толькі перамога і іншага выніку мы сабе не ўяўляем. Праўда, якімі метадамі яна будзе здабытая і хто выступіць у ролі галоўных "скрыпачоў", сказана не было. Заўтра, г.зн. сёння, убачыце, сказаў Бернд Штанге. Адно магу сцвярджаць, заключыў ён, што гульнявы склад у параўнанні з папярэднім матчам, практычна не зменіцца. А тактыку гульні неабходна скарэктаваць: футбалісты павінны будуць менш біць верхам, а гуляць нізам. У гэтым выпадку лягчэй будзе паказаць сваё майстэрства Сяргею Кісляку, Антону Пуцілу, Віталю Радзівонаву. Мы не павінны расчараваць беларускіх балельшчыкаў у кваліфікацыйным турніры, які пачалі з феерычнай перамогі над чэмпіёнамі свету. Без сумненняў, падвёў рысу галоўны трэнер беларусаў, гульня будзе цяжкай, але выйграваць мы павінны, бо пры ўсёй павазе да албанцаў, па класе яны ніжэй за французаў, румын і нават баснійцаў. Уладзімір ЗДАНОВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра гэта можна даведацца ўжо сёння позна ўвечары, калі на сталічным стадыёне "Дынама" нацыянальная зборная Беларусі правядзе апошні ў гэтым годзе адборачны... |
|