Маладзёжная каманда — у фінале чэмпіянату Еўропы!. 21.by

Маладзёжная каманда — у фінале чэмпіянату Еўропы!

14.10.2010 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Нацыянальная зборная завяршыла стартавы адрэзак на другім месцы

12 кастрычніка стаў удалым днём для беларускага футбола — у гэтым нельга не пагадзіцца з галоўным трэнерам нашай нацыянальнай каманды Берндам Штанге. Як і ў тым, што вынік нашай маладзёжнай зборнай у матчы плэй-оф з італьянцамі стаў міжнароднай сенсацыяй. Разгром "Адзурыні" з лікам 3:0 — і НАША каманда ў фінале чэмпіянату Еўропы! Галоўная каманда краіны з вынікам больш сціплым — перамогай 2:0 над зборнай Албаніі — завяршыла стартавы адрэзак кваліфікацыі і на зімовыя канікулы адпраўляецца ў добрым настроі — на другім месцы ў групе, усяго на адно ачко адстаючы ад лідара, каманды Францыі.

Прайграўшы чатыры дні таму першы стыкавы матч італьянцам (0:2), наша каманда, здавалася, шанцы на выхад у фінал чэмпіянату Еўропы ў Данію мела даволі ўяўныя. І найбольш у гэта паверылі італьянцы. Бо на працягу стартавых пяці хвілін матча ў Барысаве наша каманда забіла два мячы. Іх аўтарам стаў гулец магілёўскага "Дняпра" Уладзімір Юрчанка, які вызначыўся на 4-й і 5-й хвілінах. Стартавая расслабленасць італьянцаў каштавала ім такога, здавалася б, грунтоўнага гандыкапу, здабытага ў першым матчы. "Адзурыні" зразумела, што нешта трэба рабіць і прыбрала ініцыятыву да сваіх рук. Беларусы задавольваліся адведзенай ім роляй другога нумара і контратакавалі. Праўда, забіць італьянцам за 90 хвілін асноўнага часу так і не ўдалося.

Высвятляць пераможцу давялося ў дабаўлены час. Яго супернікі пачалі асцярожна: адчувалася, што гульцы напружана імкнуцца не дапусціць памылак, любая з якіх можа каштаваць пуцёўкі ў Данію. Але на 96 хвіліне матча мінскі дынамавец Алег Вераціла зрабіў вынік канчатковым — 3:0. Як абаронца апынуўся ў штрафной суперніка, цяпер напэўна, не растлумачыць і ён сам, але абраная ім пазіцыя аказалася вырашальнай для нашай каманды: Няхайчык прапусціў пас Драгуна, а Вераціла накіраваў мяч паміж ног галкіпера ў сетку варот. Заставалася пратрымацца крыху больш за дваццаць хвілін овертайма, і нашы хлопцы гэта здолелі! Каманда абаранялася самааддана, хлопцы выносілі мяч падалей ад сваіх варот — і хто цяпер іх за гэта асудзіць?

Яшчэ раз адчуем, што ў нас сапраўдная каманда і адметны трэнер разам з пасляматчавымі каментарыямі гульцоў. Вось што сказаў герой матча, аўтар двух галоў Уладзімір Юрчанка: "Настройваліся бароцца адзін за аднаго, за Пятровіча, і ўдача павярнулася да нас тварам. Пачатак матчу для мяне, як сон. Не магу растлумачыць, як так атрымалася, што за дзве хвіліны забілі два галы! У Італіі фарціла суперніку, зараз жа пашчасціла нам — зрабілі тры галы фактычна з трох момантаў. Пасля таго, як забілі вырашальны мяч, час пацягнуўся бясконца доўга. Нават стаміўся пастаянна на табло глядзець. Хацелася аднаго — каб гэта хутчэй закончылася", — цытуе футбаліста афіцыйны сайт УЕФА.

Георгій Кандрацьеў прызнаўся, што прадчуванне перамогі ў яго было: "Мяне перапаўняе пачуццё гордасці — за хлопцаў, за нашу краіну, за каманду. Сёння мы здзейснілі спартыўны подзвіг. Перад матчам у мяне было прадчуванне, і я паклаў у сумку бутэльку шампанскага. Стадыён у Барысаве шчаслівы для нас. У Італіі нам не пашчасціла, прапусцілі два недарэчных галы, але па статыстыцы мы пераўзышлі італьянцаў. Пасля таго паражэння ў нас адбылася размова, і я не сумняваўся, што хлопцы будуць паміраць на полі. Магчыма, гэта футбольны бог нас узнагародзіў", — падзяліўся Георгій Пятровіч.

Яшчэ адзін герой матча, аўтар пераможнага гола Алег Вераціла прызнаўся, што гэты матч — галоўны ў яго кар'еры: "Мяркую, толькі з часам мы зразумеем рэальную значнасць нашага дасягнення — і радасці будзе яшчэ больш. Сённяшні матч адназначна самы важны для мяне. Прычым не толькі ў сёлетнім сезоне, але і ва ўсім футбольным жыцці".

Трэнер гасцей Пьерлуіджы Казірагі на пасляматчавую прэс-канферэнцыю з прыкрасці не прыйшоў. Яго каментарый прыводзіць Football Іtalіa: "Паражэнне ад беларусаў азначае не толькі тое, што мы не трапілі ў фінальную частку чэмпіянату Еўропы, але і тое, што мы прапусцім Алімпійскія гульні ў Лондане-2012. Гэта катастрофа для зборнай Італіі. Мы выйгралі першы матч 2:0 у пятніцу і адчувалі, што справа зробленая. Праўда, футбалісты стараліся, і я не магу іх крытыкаваць за адсутнасць жадання. Паражэнне ў гасцях — гэта расплата за гэтыя пяць хвілін вар'яцтва ў пачатку матчу, калі мы прапусцілі два мячы. Я гэтак жа расстроены, як і гульцы", — прызнаўся трэнер зборнай Італіі.

Акрамя беларусаў у фінале чэмпіянату Еўропы, які летам пройдзе ў Даніі, сталі Данія (як арганізатар турніру), Англія (абыграла ў плэй-оф румын), Швейцарыя (перайграла шведаў), Ісландыя (выйграла ў шатландцаў), Чэхія (перамагла грэкаў), Іспанія (адолела харватаў) і Україна (узяла верх над галандцамі). Дагэтуль наша каманда двойчы выходзіла ў фінал чэмпіянату Еўропы — у 2005 пад кіраўніцтвам Юрыя Пунтуса і ў 2009 з Юрыем Курненіным.

Пахварэць за нацыянальную каманду ў гэты ж дзень (гульня праходзіла ў Мінску на стадыёне "Дынама") сабралася зусім не так шмат балельшчыкаў, як збіраецца на топ-матчы. Стадыён не запоўніўся нават на трэць, і прычын тут некалькі. Гэта і пратэст заўзятараў супраць узмоцненага кантролю на ўваходзе на стадыён і трыбуны, і халаднаватае надвор'е, і невыразная гульня нашай каманды ў Люксембургу. І хоць пасля сумеснага пасяджэння федэрацыі футбола, кіраўнікоў клубаў, лідараў фанацкага руху і праваахоўнікаў прапускны рэжым на стадыёны вырашана спрасціць, "асадак застаўся" — балельшчыкі на форумах заракаюцца ісці на стадыён. Шкада толькі, што праца трэнерскага штабу нацыянальнай каманды па прыцягненні заўзятараў на трыбуны вось так у момант перакрэсліваецца. Праўда, пасля названага пасяджэння "шмон" на ўваходзе ажыццяўляўся ў нашмат аблегчаным варыянце — асабіста ў мяне на гэты раз не прасілі расшпіліць усе маланкі ў сумачцы, не заглядвалі ў касметычку і не патрабавалі раскрыць футляр для акуляраў.

Тым, хто ўсё ж прыйшоў на стадыён, трэба аддаць належнае: падтрымка была хоць і няшматколькаснай, затое галасістай. Чаго толькі вартая пераклічка трыбун з фан-сектарам на роднай мове: "Толькі наперад!" і "Слава Радзіме!"

З першых хвілін гульні адчувалася, што беларусы настроеныя атакаваць і рэабілітавацца за невыразную гульню ў Люксембургу. І гэта прынесла вынік: на 10-й хвіліне пасля недакладнай рэалізацыі штрафнога Сяргеем Кісляком, няўдалага дабівання Янам Цігаравым мяч такі апынуўся ў варотах — дабіць яго ўдалося Віталю Радзівонаву. Албанцы чамусьці ўсёй камандай панесліся да арбітра даказваць, што гола не было. Але ўсе бачылі, што быў — 1:0. Увесь першы тайм албанцам з цяжкасцямі ўдавалася пераадолець цэнтр поля, а наш галкіпер Юрый Жаўноў адкрыта сумаваў і мёрз у варотах. Пасля першага тайму лік мог быць і 3:0, калі б рэалізацыя момантаў была больш дакладнай. Але каманда пачала выпраўляць тое, за што яе крытыкавалі на старце, і наносіла ўдары па варотах суперніка. У другім тайме нашы збавілі тэмп, а напрыканцы гульні ўвогуле спыніліся. І тут з заменай падаспеў Бернд Штанге. Сяргей Крывец, якога літаральна хвіліну таму каля броўкі навучаў наш трэнер, на 77-й хвіліне зрабіў лік 2:0. І пасля гэтага лічбы на табло зноў маглі стаць разгромным, калі былі б нашы гульцы больш дакладнымі.

Пасля матчу албанскі трэнер Джэмал Мусціданагіч папулярна растлумачыў, што ў яго камандзе вялікія праблемы — па розных прычынах адсутнічае тры найлепшыя гульцы, намаганнямі якіх, напэўна, гэта каманда і здолела заняць пакуль трэцяе месца ў групе. Мы ж асенні адрэзак заканчваем на другім, усяго на ачко адстаючы ад Францыі.

"Мы ганарымся, што заваявалі 8 ачкоў. Перамога была заслужанай. З 1-й хвіліны хацелі паказаць, што можам нівеліраваць люксембургскую няўдачу. Пасля таго матчу ўсе мы былі ў дрэнным настроі. Я задаволены, што мы з невялікім адставаннем ад Францыі завяршаем гэту частку года. Мы зрабілі добрую гульню, не далі шанцаў албанцам, якія унічыю сыгралі з Румыніяй і Босніяй. Вялікі камплімент усім, хто сёння быў на полі", — падзяліўся Бернд Штанге.

Але прычын для эйфарыі няма, лічыць наш трэнер. "Я сказаў у раздзявальні футбалістам: радуйцеся, але нядоўга. Наступны матч мы таксама праводзім з Албаніяй, і тут ніякіх нічыіх. Мы павінны выйграць, каб было 11 ачкоў. Потым мы хочам выйграць у Люксембурга, каб было 14".

Зімой наша зборная мае намер правесці таварыскія матчы. Супернік пакуль невядомы, галоўны трэнер паведаміў толькі, што магчыма, гэта будзе каманда з цёплых краін — Катар ці Саўдаўская Аравія. 17 лютага цалкам верагодна, што наша каманда згуляе са зборнай Турцыі.

Становішча ў групе Е:

Каманда Г В Н П А

Францыя 4 3 0 1 9

Беларусь 4 2 2 0 8

Албанія 4 1 2 1 5

Боснія і Герцагавіна 3 1 1 1 4

Румынія 3 0 2 1 2

Люксембург 4 0 1 3 1

 

Алена АЎЧЫННІКАВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нацыянальная зборная завяршыла стартавы адрэзак на другім месцы 12 кастрычніка стаў удалым днём для беларускага футбола — у гэтым нельга не пагадзіцца з галоўным...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика