Алег Васіленка: "У Расіі ёсць вялікая павага да "Дынама-Мінск"
16.12.2010
—
Новости Спорта
|
Няпростая гісторыя пошукаў ідэальнага трэнера футбольным "Дынама-Мінск" папоўнілася новай вехай. 23-м трэнерам за 11-гадовы час праўлення клубам вядомага бізнэсмена і гаспадара холдынгу "Трайпл" Юрыя Чыжа стаў на днях расійскі 37-гадовы спецыяліст Алег Васіленка. "Дынама" спрабавала самыя розныя шляхі — ад вядомых айчынных спецыялістаў (Уладзімір Курнеў, Анатоль Байдачны) і вядомых замежных (Славалюб Муслін), да былых знакамітых гульцоў (Юрый Шуканаў, Аляксандр Хацкевіч, Сяргей Гурэнка) і нікому невядомых раней (Кірыл Альшэўскі). Але ніхто на працяглы час у клубе не затрымаўся і не здолеў знайсці шляхоў да сэрца Юрыя Чыжа.
Колькі пратрымаецца ў "Дынама" расіянін Алег Васіленка, пакажа наступны сезон. Як паведаміў генеральны дырэктар "Дынама" Валерый Стральцоў, кантракт з Алегам Васіленкам падпісаны на два гады.— У нас былі розныя кандыдатуры — і расійскія, і ўкраінскія, і беларускія спецыялісты. Падчас кантактавання спыніліся на асобе Алега Пятровіча. Ён вывеў сочынскую "Жамчужыну" з другой у першую лігу. Вынік для нас быў вырашальным. Валерый Стральцоў паведаміў, што трэнер будзе прадстаўлены камандзе 10 студзеня, калі гульцы выйдуць з адпачынку. У гэты ж час мы даведаемся і пра новыя набыткі клуба, склад якога, паводле слоў генеральнага дырэктара, амаль на 100 працэнтаў трэба замяніць. Каманда пройдзе тры замежныя перадсезонныя зборы, першы з якіх запланаваны на Кіпры. Першай стажыроўкай новага трэнера стане паездка з Валерыем Стральцовым у бразільскі "Атлетыка". Алег Васіленка сустрэўся з журналістамі і расказаў пра сябе і пра футбол. — Калі і пры якіх абставінах вы атрымалі запрашэнне ў "Дынама"? — Калі скончыліся чэмпіянаты ў Беларусі і ў расійскай першай лізе, мы перасекліся з прэзідэнтам клуба Юрыем Чыжом, у нас адбылася размова. — Па якіх прычынах вы пакінулі сочынскую "Жамчужыну"? — Я вырашыў, што "Дынама" мне больш падыходзіць, каб зрабіць крок наперад. — Што ведалі пра Беларусь, калі збіраліся сюды прыехаць? — У асноўным я пытаў пра чэмпіянат Беларусі. Што датычыць клуба, структуры, людзей, якія тут працуюць, я не сумняваўся. — Што вам расказвалі пра чэмпіянат Беларусі? — Тое, што ён развіваецца. Гэта даказвае і паспяховае выступленне вашых юнацкіх зборных. Ваша моладзевая каманда абыграла Італію. Відавочна, што беларускі футбол развіваецца па выбудаванай стратэгіі. Магу сказаць, што павага да ФК "Дынама-Мінск" у Расіі вялікая. — Трэнерскі штаб вы будзеце фарміраваць з беларускіх ці замежных спецыялістаў? — Я не прыхільнік рэвалюцыйных крокаў. У Беларусі дастаткова спецыялістаў высокага ўзроўню, сумесна з якімі мы створым трэнерскі штаб. — Вы ведаеце, што за час праўлення цяперашняга кіраўніка клуба вы 23‑ці трэнер? — А за час існавання "Дынама" я 45-ты. Ведаю, вы сядзіце і думаеце: ну вось,чарговы прыйшоў... Для мяне важна верыць у тое, што ты робіш. Усе павінны разумець, што мы адно цэлае. Калі хтосьці ў камандзе будзе сумнявацца, нічога не атрымаецца. — У апошнім сезоне "Дынама" якраз не было адным цэлым. Гэтага і не хапіла, каб заваяваць медалі... — Я веру ў людзей. З першага дня прыезду я шчыра ўпэўнены, што прэзідэнт клуба, генеральны дырэктар — граматныя, разумныя людзі, якія жадаюць дасягаць з камандай высокіх вынікаў. Калі дамовіцца і пачаць штосьці рабіць, усё атрымаецца. — Вы вызначылі для сябе, якіх футбалістаў хацелі б бачыць у камандзе? — Я вызначуся пасля знаёмства з камандай. Калі запрашаць замежных футбалістаў, яны павінны прыносіць карысць, быць мацнейшымі за мясцовых гульцоў і ўсведамляць, у якую каманду прыйшлі. — У "Дынама" ў апошнім сезоне было шмат футбалістаў з Бразіліі. У вас ёсць досвед кантактавання з замежнымі гульцамі? — У "Сатурне", дзе я працаваў, было шмат легіянераў. З імі няпроста знаходзіць агульную мову, але гэта магчыма. Пераезд у іншую краіну для любога футбаліста — стрэс. Упэўнены, што калі бразільцы ўбачылі снег, яны былі шакіраваныя. — Якія ўмовы вы выстаўлялі перад клубам напярэдадні пераезду? — Клуб дае мне кватэру. Мая сям'я падтрымлівае і дапамагае мне, таму са мной у Мінску будзе мая жонка і сын. — Які футбол вам падабаецца, і ці маеце вы ўяўленне, як гуляла "Дынама"? — Мне яшчэ трэба пазнаёміцца з тым футболам, у які гуляла каманда. У мяне шмат відэаматэрыялаў, з заўтрашняга дня гэтым і займуся. Ці трэба яго мяняць — вялікае пытанне. Зламаць і пачаць наноў — справа няхітрая. Мне здаецца, лепш захаваць усё лепшае і працягваць будаваць. Што датычыць футбола, то мне падабаецца па-спартыўнаму агрэсіўны, атакуючы, са страсцю, з душой. Каб самі гульцы атрымлівалі задавальненне. — Які клуб адпавядае гэтаму ўяўленню? — "Барселона". Шмат выдатных клубаў — "МЮ", "Інтэр", "Рэал", "Арсенал". Але максімальна стабільна і хутка ў пэўных фазах гульні дзейнічае "Барселона". Таму яна і лепшая ў свеце. — Чаму "Дынама" больш перспектыўнае для вас, чым "Жамчужына"? — Я выхаваны на "Дынама". Калі клуб стаў чэмпіёнам СССР, я толькі пачынаў гуляць у футбол. Тое чэмпіёнства пакінула вялікі адбітак у маім сэрцы на ўсё жыццё — гэта як успышка ад фотаапарата. Я не магу гарантаваць, што ўсё ў нас атрымаецца, але я абяцаю, што буду сумленна і з поўнай самааддачай працаваць. — У трэнерскай працы вы дыктатар ці дэмакрат? — Я найперш імкнуся да справядлівасці. Заўсёды трэба разумець, што футбаліст — таксама чалавек. Але і гульцы павінны разумець, што не толькі яны робяць вынік. Ёсць каманда, дзе важныя дзеянні кожнага, пачынаючы ад кіраўніка. Што датычыць дысцыпліны, то ў "Дынама" ёсць правілы, якіх усе будуць прытрымлівацца. — Што ведаеце пра іншыя беларускія клубы? — Летась у міжсезонне мы гулялі з БАТЭ. Уражанне цалкам станоўчае, а з Віктарам Ганчарэнкам у нас увогуле выдатныя адносіны. У жніўні давялося пабываць у Мінску. На стадыёне "Дынама" паглядзеў гульню ФК "Мінск". У гэтых клубаў ёсць стабільная арганізацыя гульні, каманды ў цэлым, таму яны і на п'едэстале. У БАТЭ, акрамя арганізацыі гульні, ёсць адзінства ўсіх супрацоўнікаў клуба, трэнерскага штаба, яны аб'яднаныя адной мэтай. Мы зараз будзем рабіць тое ж самае. — Магчыма, шмат інфармацыі вам мог даць Генадзь Туміловіч. Ці не плануецца яго вяртанне ў "Дынама"? — З Туміловічам мы не размаўлялі. Алена АЎЧЫННІКАВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Няпростая гісторыя пошукаў ідэальнага трэнера футбольным "Дынама-Мінск" папоўнілася новай вехай. 23-м трэнерам за 11-гадовы час праўлення клубам вядомага... |
|