Апошнія метры: ні кроку назад. 21.by

Апошнія метры: ні кроку назад

25.01.2011 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Нападаючы "Дынама" і нацыянальнай зборнай Беларусі закінуў пераможную шайбу ў важным матчы рэгулярнага чэмпіянату КХЛ і прынёс мора прыемных эмоцый сваім прыхільнікам. Здаецца, добрая навіна, аднак... нападаючага завуць Аляксей Угараў, і прынёс ён перамогу свайму маскоўскаму "Дынама" у паядынку з мінскімі цёзкамі.

 

А пачынаўся матч звышпаспяхова для мінчан. Прайшло ўсяго 18 секундаў ад стартавага ўкідвання шайбы, як форвард Петр Сікора прыпыніў ход секундамера на табло арэны "Лужнікі" у Маскве. Атрымаўшы шыкоўны пас ад Дзмітрыя Мялешкі, чэшскі "зубр" выкаціўся пад вострым вуглом на вароты гаспадароў і магутным кідком пацэліў акурат у далёкі верхні куток.

Масквічы, якія да гэтага матчу прайгралі ў адзінаццаці гульнях запар, адказалі хутка. На пачатку другой хвіліны за затрымку клюшкай быў выдалены канадзец Корса, і Лео Камароў аднавіў раўнавагу на табло. Лічбы 1:1 пратрымаліся амаль да першага перапынку, калі той самы Угараў добра на "пятачку" прычакаў перадачу ад Салаўёва і прабіў партнёра па зборнай Мезіна.

Другі і трэці перыяд, на жаль, таксама не прынеслі радасці прыхільнікам мінскіх "зубраў". Гаспадары проста перакідалі і перакаталі беларусаў. Адзінай светлай плямай у гульні мінчан варта назваць дзеянні дуэта Плат—Корса, ды і тое, гэтая адзнака з допісам — "з нацяжкай". Па кідках мінчане саступілі сваім маскоўскім калегам 34:18 — лічбы кажуць усё самі за сябе.

Доўгі перапынак паміж апошнімі гульнямі, прытым, што да гэтага "зубры" выходзілі на лёд 7 разоў за два тыдні, дрэнна адбіўся на камандных узаемадзеяннях. У "Лужніках" беларускія перадачы часцей знаходзілі маскоўскіх хакеістаў ці борцікі, чым сваіх сапраўдных адрасатаў.

Галоўны трэнер мінскага клуба на пасляматчавай прэс-канферэнцыі адзначыў, што закінутая на 18-й секундзе шайба не дапамагла, а наадварот, дрэнна падзейнічала на яго падначаленых. "Каманда папросту не змагла "ўкаціцца" ў матч. Першыя два перыяды ў нас было шмат памылак: грашылі недакладнымі перадачамі, дрэнна згулялі. За першыя сорак хвілін у нас было каля васьмі кідкоў у створ варотаў — гэта вельмі мала, таму мне крыўдна. У трэцім адрэзку мы згулялі лепей па кідках, але, забіваючы адзін гол, на перамогу найграць немагчыма", — заявіў Марэк Сікора.

Гэтым паражэннем "Дынама" яшчэ больш ускладніла сабе барацьбу за месца ў плэй-оф. Па стане на панядзелак мінчане займаюць восьмае месца ў Заходняй канферэнцыі, саступаючы 4 балы рыжскім цёзкам. Дзявяты радок у ніжагародскага "Тарпеда", якое саступае беларусам тыя самыя чатыры балы, аднак мае дзве гульні ў запасе. Каб не скончыць выступленне ў сезоне, мінчанам трэба перамагаць у кожным бліжэйшым матчы. Пра тое, ці атрымалася гэта ў супрацьстаянні з чэхаўскім "Віцязям" (матч учора скончыўся пасля падпісання газеты ў друк), чытайце ў наступным нумары "Звязды".

Яўген ВАРАКСА.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нападаючы "Дынама" і нацыянальнай зборнай Беларусі закінуў пераможную шайбу ў важным матчы рэгулярнага чэмпіянату КХЛ і прынёс мора прыемных эмоцый сваім...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика