Пустыя трыбуны на гістарычным матчы. Сталічны патрыятызм у дзеянні. 21.by

Пустыя трыбуны на гістарычным матчы. Сталічны патрыятызм у дзеянні

19.02.2011 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Адна з найвялікшых мараў майго дзяцінства здарылася ў чацвер 17 лютага. Беларускі футбольны клуб згуляў у плэй-оф еўрапейскага клубнага турніра. Упершыню за два дзясяткі гадоў, як наша краіна стала незалежнай.

Мяркую, што сотні тысяч беларускіх хлапчукоў, якія ганялі мяч у дварах і на школьных стадыёнах, таксама калісьці шчыра марылі пра гэта.

І вось здарылася.

Матч адбыўся ў марознае надвор'е. Але што такое 10, 15 ці 20 градусаў марозу для дзіцячай мары? Сантыметровы бар'ер на бегавой дарожцы.

За паўгадзіны да гульні БАТЭ (Барысаў) — "Пары Сен-Жэрмен" (Парыж) я лёгка паркуюся ля стадыёна. Падазрона.

Каля маёй машыны — у асноўным бусікі і легкавікі з абласнымі нумарамі (хлопцы з Барысава, якія прыехалі падтрымаць сваю каманду). Прыезджыя заўзятары апранутыя, як рыбакі: цёплыя камуфляжы, бахілы. Я таксама, як той саспелы качан, нацягнуў на сябе двое кальсонаў і цёплыя буцалы. Карацей, і мінус 20 мы ўсе вытрымалі б без пытанняў.

Лёгка трапляю на сталічны стадыён "Дынама" акурат за дзесяць хвілін да матча. Арэна — паўпустая.

І на гэтым моманце я хачу спыніцца. Па афіцыйных звестках на гістарычны матч прыйшло аж... 6080 прыхільнікаў — амаль у сем разоў менш, чым можа змясціць стадыён "Дынама" (арэна можа прыняць больш за 40 тысяч гледачоў).

І дзе ўсе гэтыя былыя падлеткі, што ганялі футбольны мяч у двары? Дзе нармальныя мужыкі, якія па сваёй прыродзе, здавалася б, павінны любіць футбол? Тым больш калі каманда з тваёй краіны гуляе ў плэй-оф Лігі Еўропы. Дзе вы былі? Спужаліся марозу, абстрыкаліся і глядзелі футбол дома? Ці футбол для мужыка зрабіўся неактуальны, і вы замест гэтага прымяралі каля люстэрка жаночыя панчохі?.. Вось вам і сталічны патрыятызм: у горадзе жыве пад два мільёны чалавек, а на гістарычны футбольны матч прыйшло ўсяго каля шасці тысяч.

Памятаю, калі каманда БАТЭ феерычна прабілася ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў, то на матчах з такімі футбольнымі грандамі, як "Рэал" (Мадрыд) і "Ювентус" (Турын) стадыён "Дынама" быў забіты бітком. Людзі ішлі паглядзець на "Рэал" і "Ювентус", жыўцом пабачыць легендарных футбалістаў. І тады трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка на адной з прэс-канферэнцый раскрытыкаваў гэтых "заўзятараў": лепш падтрымлівайце сваю каманду, а не цалуйце пяткі замежнікам.

Гэта, на маю думку, і ёсць галоўны сэнс спорту — падтрымліваць свае каманды, а не поўзаць перад разнастайнымі грандамі. Тым больш што барысаўскі БАТЭ даў дыхту і здолеў годна пабіцца з хвалёнымі камандамі. Калісьці пра такое мы толькі марылі, а сёння наша каманда здолела ажыццявіць гэтыя дзіцячыя сненні.

Няўжо за гэта БАТЭ не заслужыла гуляць пры поўных трыбунах галоўнага стадыёна краіны? Тым больш паказваючы такую самаадданую гульню?

Футбол ілюструе два хібы беларускага менталітэту: трымценне перад грандамі і абыякавасць. Клуб БАТЭ здолеў пераадолець першы стэрэатып — некаторыя гранды былі сенсацыйна бітыя.

А вось многія заўзятары (асабліва сталічныя) як былі ў сваёй большасці аморфнымі, такімі і засталіся. Мне здаецца, што гэта сумна, калі людзі адмаўляюцца ад сваіх дзіцячых мараў, дажываюць шэрай будзённасцю і пераўтвараюцца ў бярвенне.

Большая частка гледачоў, якія прысутнічалі на "Дынама", — гэта хлопцы-рыбакі з Барысава. Трэба сказаць, што ў гэтым невялікім горадзе мясцовы пяцітысячны стадыён амаль заўсёды цалкам забіты. Гэта, безумоўна, зусім іншая падтрымка. На жаль, жыццёвы ўклад сталіцы, куды ўсе прагнуць і імкнуцца, часта знішчае ў людзях рамантыку і інтарэс.

Р.S. <І>Хоць свой першы матч плэй-оф Лігі Еўропы БАТЭ згуляў унічыю і гульня ў адказ у Парыжы будзе цяжкай, я буду шчыра падтрымліваць нашу каманду. Нават калі яна прайграе. Людзі, якія здольныя руйнаваць стэрэатыпы і могуць здзяйсняць дзіцячыя мары, вартыя безапеляцыйнай падтрымкі, што б ні здарылася.

Яўген Валошын.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адна з найвялікшых мараў майго дзяцінства здарылася ў чацвер 17 лютага. Беларускі футбольны клуб згуляў у плэй-оф еўрапейскага клубнага турніра. Упершыню за два...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика