Бернд Штанге: "Францыі мы не баімся!". 21.by

Бернд Штанге: "Францыі мы не баімся!"

03.06.2011 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сёння ўвечары наша нацыянальная каманда згуляе супраць зборнай Францыі. Матч пачнецца ў 21.45 на стадыёне "Дынама".

  1 чэрвеня ў 20.15 зорная французская каманда на "Боінгу-737" прыбыла ў аэрапорт "Мінск-1", дзе яе сустракалі нешматлікія балельшчыкі. У асноўным, беларускія прыхільнікі "Манчэстар Юнайтэд", якія прыехалі па аўтограф Патрыса Эўра. Але калі побач праходзяць Самір Насры з "Арсенала" ці "чалавек са шрамам" Франк Рыберы з "Баварыі", як іх не спыніць? Аўтографы французскія зоркі раздавалі ахвотна, а вось размаўляць з прэсай наадрэз адмаўляліся. А ўчорашняя ранішняя трэніроўка на полі за Домам футбола ўвогуле праходзіла пад аховай амапаўцаў, якія пільна сачылі, каб ніхто не наблізіўся да падапечных Ларана Блана. Галоўны трэнер французскай каманды і сам трэніраваўся з футбалістамі, а перад ад'ездам у Мінск паразмаўляў з французскай прэсай.

— Я яшчэ раз перагледзеў той матч і пераканаўся: мы тады згулялі вельмі дрэнна. Нягледзячы на тое, што каманда часцей валодала мячом, гульцы пастаянна спазняліся з перадачамі, упусцілі мноства момантаў. Вядома, мы не заслугоўвалі на "Стад дэ Франс" перамогі, але і не павінны былі прайграваць. Калі б мы лепш згулялі ў абароне, лік мог бы быць нічыйным — 0:0. Пра гэта трэба памятаць і ў пятніцу згуляць больш надзейна ў абароне.

Я хацеў вызваліць ад трэніровак Патрыса Эўра і Эрыка Абідаля, якія ў суботу гулялі ў фінале Лігі чэмпіёнаў, аднак яны пажадалі папрацаваць разам з камандай. Калі меркаваць па трэніроўках, Франк Рыберы, які амаль тры тыдні не займаўся, знаходзіцца ў выдатным стане. Гэта мяне вельмі радуе. Ці ёсць у нас сродкі, каб узяць рэванш за вераснёўскае паражэнне? У мяне ёсць падставы так меркаваць. Я на гэта вельмі спадзяюся, — падзяліўся Ларан Блан.

Галоўны трэнер нашай каманды Бернд Штанге таксама заяўляе, што наша мэта — перамагчы, праўда, з агаворкай "калі французы дазволяць гэта зрабіць". Няма сэнсу пералічваць траўміраваных і дыскваліфікаваных футбалістаў асноўнага складу, якіх зараз няма ў зборнай. Калі цытаваць нямецкага спецыяліста, то ўсё супраць нас было яшчэ ў панядзелак. А перад гульнёй высветлілася, што траўмы маюць Глеб-малодшы, і Дзмітрый Молаш. Але каманда настроена па-баявому:

— Мы не збіраемся адседжвацца ў абароне. Будзем гуляць кампактна і пастараемся не даваць суперніку прасторы. Я веру ў перамогу, веру ў хлопцаў. Францыі мы не баімся! Мы павінны абараніць тое другое месца, якое займаем зараз. Таксама нам трэба знайсці баланс паміж высокімі і нізкімі футбалістамі. У зборнай Францыі шмат гульцоў, рост якіх вышэйшы за 180-190 см. Гэта небяспечна пры выкананні стандартаў. Наша задача — не даваць прабіваць стандартныя становішчы. У беларускім футболе праблема знайсці высокіх гульцоў. У Францыі мы паказалі кампактны футбол, выдатныя вынікі індывідуальнай гульні. А зараз пастараемся згуляць на энтузіязме. Гэта няпроста, аднак я з ходу магу прывесці 10 прыкладаў, калі вялікія каманды прайгравалі аўтсайдарам.

Згодны з трэнерам і нашы футбалісты. Гулец, у спартыўнай кар'еры якога ёсць эпізод, якім можна ганарыцца (ён забіваў французам!), Сяргей Кісляк лічыць, што і ў зборнай Францыі ёсць слабыя месцы, нягледзячы на тое, што з верасня-2010 каманда змянілася:

— У зборнай Францыі зараз з'явілася шмат моцных гульцоў. Зараз футбалісты злыя на нас за тое паражэнне, будуць больш атакаваць. Але я ўпэўнены, што ў нас таксама будзе шанц. Трэба толькі ім скарыстацца. У кожнай камандзе ёсць слабыя і моцныя бакі. Мы паглядзелі відэанарэзку, нам паказалі слабыя месцы французаў. Трэба толькі скарыстацца імі, — упэўнены Сяргей Кісляк.

Згодны з ім і Віталь Трубіла:

— У першай гульні з Францыяй я не ўдзельнічаў, але вынікам быў моцна здзіўлены. Гэта гаворыць пра тое, што мяч круглы і ўсё можа паўтарыцца яшчэ раз. Усе ведаюць, на якім узроўні гуляюць французы, аднак нам трэба менш забіваць галаву іх гульнёй і думаць пра сваю.

— Перад першым матчам з Францыяй у вас былі нейкія прадчуванні, што заб'яце гол? Магчыма, зараз таксама ёсць? — спыталі ў Сяргея Кісляка.

— Я і тады спаў абсалютна спакойна, і зараз. Прадчуванняў не было.

— Ларан Блан лічыць, што ў Парыжы яго каманда не заслугоўвала паражэння...

— Я таксама неаднойчы перагледзеў той матч. Мне спадабалася, як мы дзейнічалі. Мы выкарысталі свой момант, а яны — не. Так што ўсё заканамерна, — упэўнены Сяргей Кісляк.

— Для гэтай гульні трэба было запрасіць фельдмаршала Кутузава: ён ведае, як перамагаць французаў, — жартуе Бернд Штанге.

Жарты жартамі, але і нічыя для нас будзе станоўчым вынікам у такой гульні. Як аднясуцца да яе ў камандзе, спыталі мы ў гульцоў:

— Калі згуляем унічыю са зборнай Францыі, а затым выйграем у Люксембурга, гэта будзе станоўчы вынік, — лічыць Сяргей Кісляк.

— Нічыя з Францыяй, безумоўна, поспех, але гэта наш хатні матч, і трэба перамагаць, — дадае Віталь Трубіла.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння ўвечары наша нацыянальная каманда згуляе супраць зборнай Францыі. Матч пачнецца ў 21.45 на стадыёне "Дынама". 1 чэрвеня ў 20.15 зорная французская каманда на...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика