Зборная перамагла Люксембург і захавала другое месца да восені. 21.by

Зборная перамагла Люксембург і захавала другое месца да восені

09.06.2011 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Наша зборная перайграла каманду Люксембурга (2:0) і на летні адпачынак адпраўляецца, маючы ў актыве 12 ачкоў і займаючы другое месца. Гэтую пазіцыю ў групе мы зарэзервавалі да восені, да матчаў з Босніяй і Герцагавінай, якія правядзём спачатку дома, а пасля на выездзе. Другое месца дае нам шанц праз стыкавыя гульні трапіць у фінал Еўра-2012.

Адмучыліся

Нягледзячы на тое, што мы маем на адну гульню больш за супернікаў па групе, якія наступаюць нам на пяткі, усё пакуль ідзе згодна з планам. Калі не браць у разлік сам футбол. Гульня супраць аўтсайдара нашай групы парадаваць балельшчыкаў ніяк не магла. Прадказальна каманда карлікавай дзяржавы засела ў глыбокай абароне, аддаючы нам права атакаваць. Аднак атака ў нашай каманды не ладзілася. Увесь першы тайм ля варот Люксембурга нічога путнага стварыць не ўдавалася, хоць моманты былі ў Варанкова і Пуцілы. На перапынак каманды пайшлі пад свіст незадаволеных гледачоў — ці то нашай камандай, ці то манерай гульні Люксембурга.  

У другім тайме Штанге адважыўся-такі на замены. Сяргей Карніленка рэалізаваў 11-метровы на 48-й хвіліне. Пасля гол забіў Антон Пуціла. У канцоўцы мы і самі маглі прапусціць, калі Юрый Жаўноў адбіў мяч на нагу суперніку. Пашанцавала яшчэ, што зборная Люксембурга такім зручным выпадкам не скарысталася. На гэтым мучэнні каманд скончыліся. Нашай зборнай пад кіраўніцтвам Штанге нарэшце ўдалося ўзяць і гэтую вышыню — выйграць у Люксембурга, якому мы саступілі ў 2007-м, а летась згулялі ўнічыю.

Аляксандр Кульчы: "Гульня не атрымлівалася"

Паўабаронца Аляксандр Кульчы растлумачыў невыразную гульню нашай каманды няякасным полем:

— Поле не дазваляла дзейнічаць хутчэй, мяч драбіў. Калі б Андрэй Варанкоў забіў гол з метра ў першым тайме, далей было б лягчэй. А так пасля перапынку выйшаў Карніленка і дадаў нам агрэсіі і магутнасці. Добра, што забілі. Зборнай патрэбна добрая паляна. Мяч павінен хутка перамяшчацца па газоне, а не драбіць па ім.

— Як аднесліся да свісту балельшчыкаў, калі каманды ішлі на перапынак?

— Зразумела, чаму балельшчыкі такім чынам выказвалі незадаволенасць. У нас было шмат страт, браку. Гульня не атрымлівалася.

— Чаму нам не ўдавалася ніколі забіць Люксембургу больш за два мячы?

— Паглядзіце на статыстыку: ім амаль усе забіваюць адзін-два мячы.

— Як бачыце расстаноўку сіл у нашай групе?

— Хацелася б, каб усе ўнічыю гулялі, а мы перамагалі.

Бернд Штанге: "Я вельмі паважаю сваю каманду, а пра тактыку лепш прамаўчу"

Бернд Штанге дасягнуў заяўленай мэты: нічыя з Францыяй стала станоўчым вынікам разам з перамогай над Люксембургам. Задаволены трэнер аб'явіў, што ў хуткім часе едзе падтрымаць нашу моладзевую зборную на чэмпіянат Еўропы ў Данію.

— За апошнія чатыры дні ў нас былі дзве цяжкія гульні, асабліва з французамі. Той матч каштаваў нам шмат нерваў і сіл. Зараз патрабавалася шмат цярпення і нерваў, каб нашу аб'яўленую мэту дасягнуць. У нас 12 ачкоў. Я вельмі паважаю сваю каманду за тое, як яны стрымлівалі свае нервы і дачакаліся галоў. Пра тактыку я лепш прамаўчу. Нават Францыя мела праблемы з Люксембургам. Мне як трэнеру лепш гуляць супраць Францыі, чым супраць Люксембурга.

"Прайшоўся" галоўны трэнер і па балельшчыках, якія асвіствалі ў перапынку каманду:

— Мне б хацелася бачыць больш патрыятызму ад нашых заўзятараў. Мне, як ураджэнцу краіны, дзе футбол знаходзіцца на найвышэйшым узроўні, складана зразумець, чаму так мала балельшчыкаў прыйшло, чаму яны свісталі. Аднак пасля двух галоў яны падтрымалі нас.

Люк Хольтц: "За другое месца будуць змагацца румыны і беларусы"

Трэнер зборнай Люксембурга адзначыў, што беларусы перамаглі заслужана: "Калі разглядаць футбольны аспект, то беларусы больш тэхнічныя, пераўзыходзілі нас, таму перамога гаспадароў заслужаная. Сёння яшчэ рана казаць пра тое, хто зойме другое месца. Барацьбу за яго будуць весці Боснія і Герцагавіна, Румынія і Беларусь. Канчатковая барацьба, мяркую, разгорнецца паміж румынамі і беларусамі".

Застаецца дадаць, што ў нас наперадзе тры гульні: дзве з Босніяй і Герцагавінай, адна — з Румыніяй на выездзе. Для таго, каб захаваць другое месца, неабходна ў паядынках з Босніяй набраць 4 ачкі.

Становішча ў групе D: Францыя — 13 (6 гульняў), Беларусь — 12 (7), Боснія і Герцагавіна — 10 (6), Албанія, Румынія — па 8 (6), Люксембург — 1 (7).

Гульні, якія засталіся: 2 верасня — Беларусь — Боснія і Герцагавіна, Албанія — Францыя, Люксембург — Румынія. 6 верасня — Румынія — Францыя, Боснія і Герцагавіна — Беларусь, Люксембург — Албанія. 7 кастрычніка — Францыя — Албанія, Румынія — Беларусь, Боснія і Герцагавіна — Люксембург. 11 кастрычніка — Францыя — Боснія і Герцагавіна, Албанія — Румынія.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наша зборная перайграла каманду Люксембурга (2:0) і на летні адпачынак адпраўляецца, маючы ў актыве 12 ачкоў і займаючы другое месца. Гэтую пазіцыю ў групе мы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика