"Мілан" у Мінску
01.11.2011
—
Новости Спорта
|
Адзін з самых тытулаваных і багатых клубаў свету згуляе сёння ў Мінску супраць БАТЭ Сёння ў 20 гадзін на стадыёне "Дынама" пачнецца яшчэ адзін гістарычны матч гэтай восені: БАТЭ — "Мілан". Італьянскаму клубу не патрабуецца дадатковае прадстаўленне, гэта адзін з самых тытулаваных клубаў не толькі Італіі, але і Еўропы. Часопіс Fоrbs уключыў яго ў дзясятку самых багатых клубаў свету: бюджэт "Мілана" на 2011 год складае 838 мільёнаў. Італьянская каманда прыляцела да нас учора ўвечары (каля 19 гадзін самалёт прызямліўся ў нацыянальным аэрапорце). Трэніроўку сяміразовы ўладальнік Кубка чэмпіёнаў на "Дынама" вырашыў не праводзіць, абмежаваўшыся ранішнімі заняткамі перад вылетам на хатняй базе "Міланэла". Пасялілася каманда ў пяцізоркавым атэлі "Еўропа" (у адрозненне ад "Барселоны", якая аддала перавагу гасцініцы "Краўн Плаза"), але затрымлівацца ў Мінску не плануе — адразу пасля матча каманда пакіне нашу сталіцу. Як вядома, у першым матчы з "Міланам", які праходзіў два тыдні таму ў Італіі, БАТЭ саступіў 0:2. З той пары справы ў чэмпіянаце Італіі ў "чырвона-чорных" наладзіліся. "Мілан" выйграў тры апошнія матчы, у прыватнасці ў 10-м туры ў гасцях адолеў "Рому" з лікам 3:2. Гэтая перамога дазволіла падапечным Масіміліяна Алегры забрацца на чацвёрты радок у серыі А. БАТЭ за гэты час таксама падняў сабе настрой, паколькі ў мінулыя выхадныя каманда датэрмінова заваявала чарговы трафей на ўнутранай арэне: БАТЭ стаў васьміразовым чэмпіёнам Беларусі. Ці сталі мацнейшымі на самой справе за гэты час "Мілан" і БАТЭ і як беларускі чэмпіён рыхтуецца супрацьстаяць грознаму італьянскаму суперніку сёння ўвечары, расказвае галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка і паўабаронца каманды Дзмітрый Бага. — Віктар Міхайлавіч, наколькі цяперашні "Мілан" больш небяспечны, чым "Мілан" двухтыднёвай даўнасці? В.Г. — Можна казаць толькі пра тое, што калі "Мілан" выйграў тры матчы серыі А, то і тут ён будзе гуляць на перамогу. Тым больш цікавай атрымаецца гульня. Але трэба ўлічваць, што да гэтых трох тураў у іх было незайздроснае становішча ў табліцы серыі А, і яны яго імкнуліся паправіць, а тут яны і так у групе маюць сем ачкоў. — Наколькі БАТЭ цяперашні мацнейшы за БАТЭ двухтыднёвай даўнасці? В.Г. — З "Барселонай" быў дрэнны матч, з "Міланам" на выездзе — лепш, хочацца верыць, што хатні з "Міланам" будзе яшчэ лепш. — "Мілан" не будзе праводзіць трэніроўку на "Дынама". На ваш погляд, наколькі важна апрабаванне газона? В.Г. — Не бачу вялікай праблемы. Усе гульнявыя трэніроўкі мы таксама праводзім на нашай базе. "Мілан" — каманда таго ўзроўню, які дазваляе хутка асвоіцца на любым газоне. — Хто, на ваш погляд, самыя небяспечныя гульцы "Мілана"? В.Г. — Можна адразу ўзгадаць футбалістаў, якія вызначыліся хет-трыкамі — Баатэнг і Начэрына. Але для мяне самы небяспечны гулец у апошніх матчах — Абатэ, чые флангавыя падключэнні пастаянна пагражалі супернікам. Вось гэтая тройка, калі вывесці за дужкі Ібрагімавіча. — Кежман гатовы выйсці на поле на ўвесь матч? В.Г. — Мяркую, што не. Быў бы гатовы, калі б не выпаў на нейкі час з трэніровачнага працэсу. Хвілін 60-70 ён гатовы сыграць. — Яшчэ да лёсавання Рэнан Брэсан казаў, што хацеў бы гуляць у групе з "Міланам" і "Барселонай". Як мяркуеце, зараз ён не шкадуе? В.Г. — Абсалютна ніхто пра гэта не шкадуе. Больш за тое, калі б занава было лёсаванне, то я б абедзвюма рукамі быў за тое, каб гуляць з "Міланам" і "Барселонай". Зараз калі мы паглыбіліся ў аналіз гэтых каманд, знайшлі шмат цікавага і карыснага, што можна пераняць ад "Мілана" і "Барселоны". — Наколькі перашкаджалі вам рыхтавацца да матча фактары, якія адцягваюць увагу — напрыклад, заява расійскага каментатара Уткіна? В.Г. — Абсалютна не перашкаджалі, і мы на гэта не звяртаем увагі. Калі б мы рэагавалі на ўсё, не было б часу рыхтавацца. Ёсць выказванні асобна ўзятага чалавека. Чаму яны павінны адцягваць нашу ўвагу? — Дзмітрый, што для вас больш важна — трапіць у групу з больш слабымі супернікамі ці згуляць з еўрапейскімі грандамі? Д.Б. — У Лізе чэмпіёнаў няма слабых супернікаў. Наша група — проста фантастычная. Гэта вельмі здорава сыграць з такімі супернікамі. Зразумела, што ў кожным матчы хочацца перамагаць, але мы рэальна глядзім на рэчы. Трэба рабіць правільныя высновы з паражэнняў ад "Барселоны" і "Мілана" і рухацца наперад. Мяркую, гэта шчасце, што такія каманды прыязджаюць у Беларусь. І я рады, што прымаю ўдзел у гэтых матчах. — Улічваючы клас суперніка, які зыход матча прымальны для каманды? Д.Б. — Перамога. Нічыя таксама нядрэнна. Але мы настроены на перамогу. Я веру, што прыйдзе поўны стадыён, як і з "Барселонай", будзе такая ж фантастычная атмасфера. Я таксама веру, што ў нас атрымаецца рэабілітавацца перад сваімі балельшчыкамі. — Дзмітрый, у "Мілане" ты правёў не самы лепшы матч. Якія высновы зрабіў для сябе? Д.Б. — Згодны, матч праваліў. В.Г. — Не праваліў, а мог бы лепш згуляць. Д.Б. — Гульня прайграна, трэба рабіць высновы. Мы разабралі той матч, я ўбачыў свае памылкі. Буду імкнуцца выправіць. В.Г. — Калі закранулі гэтую тэму... Увесь час кажу Дзіме, што рэзерв каманды — гэта ўзмацненне менавіта яго гульні. Яму шмат дадзена — з яго і спагнанне асаблівае. — Віктар Міхайлавіч, у гэтым сезоне ваша каманда лепш праводзіць другія сустрэчы ў двухматчавых супрацьстаяннях. Якія рэзервы ўзмацнення вы бачыце ў гэтым матчы? В.Г. — Калі не казаць пра самую гульню, то каб абыграць такога суперніка ці хаця б забіць гол, мы павінны быць вельмі дзёрзкімі. Гэта халодная галава ў абароне і дзёрзкасць у атацы. Плюс трэба ўлічваць пэўныя тактычныя моманты, размяшчэнне гульцоў "Мілана" на полі, нашы дзеянні. Для нас важная і падтрымка стадыёна, улічваючы, што мы вельмі ўдзячныя балельшчыкам пасля матча з "Барселонай". Калі каманда і стадыён будуць адзінымі, нам шмат па плячы. — Што перад матчам непакоіць больш за ўсё? В.Г. — У нас была надзейная звязка Сіміч—Філіпенка. Ягор не можа згуляць — гэта дрэнна. Акрамя таго, няўпэўнена сябе адчувае Сіміч, што таксама засмучае. — Вы гулялі супраць "Мілана" дзесяць гадоў таму. Параўнайце, калі ласка, тыя і цяперашнія ўражанні. В.Г. — Тады ў нас не было ніякага ўяўлення, што такое "Мілан". Нас запусцілі і сказалі: гуляйце. Зараз ёсць дакладнае разуменне пра ўзровень суперніка і пра тое, як яму супрацьстаяць. Добра памятаю хатнюю гульню — у нас была дзёрзкая каманда, кураж... Мы прайгралі 0:2, але была задаволенасць, як мы згулялі. І балельшчыкі, пакідаючы стадыён, не былі падманутымі. А што датычыць выязной гульні, то ў нас у камандзе нават жарт хадзіў: калі мы выйшлі на поле, нашу ўвагу адцягвалі электронныя рэкламныя шчыты. Яны шалясцелі, калі пераварочваліся, і мы сачылі не за гульнёй, а за імі. Алена АЎЧЫННІКАВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адзін з самых тытулаваных і багатых клубаў свету згуляе сёння ў Мінску супраць БАТЭ Сёння ў 20 гадзін на стадыёне "Дынама" пачнецца яшчэ адзін гістарычны матч...
|
|