Георгій Кандрацьеў: "Без фарту ў футболе ніяк"
09.02.2012
—
Новости Спорта
|
Даведка Георгій Пятровіч Кандрацьеў Нарадзіўся 7 студзеня 1960 года ў вёсцы Любанічы Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. Футбольную кар'еру пачаў у віцебскай "Дзвіне", якая выступала ў 2-й саюзнай лізе. З 1980 па 1988 выступаў у мінскім "Дынама", правёў 211 матчаў і забіў 66 мячоў. Пасля гуляў за адэскі "Чарнаморац", маскоўскі "Лакаматыў", з 1991 па 1997 год — у клубах Аўстрыі, Фінляндыі, Украіны і Германіі. Закончыў кар'еру ў 1998 годзе ў мазырскай "Славіі". За зборную СССР выступаў у 1984—1986 гг. Правёў 14 матчаў і забіў 4 галы. Чэмпіён СССР 1982 года, бронзавы прызёр 1983 года, фіналіст Кубка СССР 1987 года. Двойчы — у 1985 і 1987 гадах — уключаўся ў спіс 33-х лепшых футбалістаў СССР. Самы выніковы з беларускіх савецкіх форвардаў, уваходзіць у клуб Рыгора Фядотава. У яго актыве 124 галы і 31-е месца. У зборнай СССР пры Эдуардзе Малафееве ў вырашальнай гульні за выхад на чэмпіянат свету супраць нарвежцаў 30 кастрычніка 1985 года забіў вырашальны гол (1:0). Але ў Мексіку на чэмпіянат свету не трапіў, бо Эдуарда Малафеева на трэнерскай пасадзе змяніў Валерый Лабаноўскі, у якога былі свае сімпатыі. Таксама футбаліст не трапіў і на Алімпійскія гульні ў складзе зборнай СССР, якая іх байкатавала ў 1984-м. Аднак лёс выправіў несправядлівасць: ужо ў якасці трэнера Георгій Кандрацьеў заваяваў з нашай маладзёжкай упершыню ў гісторыі беларускага футбола пуцёўку ў Лондан-2012. Дарэчы, ні расіяне, ні ўкраінцы такога поспеху яшчэ не дасягалі. Трэніраваў віцебскі "Лакаматыў" (2003—2004), "Смаргонь" (2005—2008), а з 2009 года — моладзевую зборную Беларусі. У 2011-м прызнаны лепшым трэнерам года ў Беларусі. Новы трэнер нацыянальнай зборнай па футболе Георгій Кандрацьеў, які змяніў немца Бернда Штанге, напярэдадні першага матча ў сезоне (ён пройдзе 29 лютага ў турэцкай Анталлі) паведаміў, што зменіцца ў галоўнай камандзе і які ў яго асноўны галаўны боль, паразважаў аб праблемах нацыянальнага чэмпіянату і аб зменлівасці лёсу сталічнага клуба "Партызан", узгадаў свой першы трэнерскі кантракт са "Смаргонню" і расказаў, як з-за журналістаў кінуў курыць. "Можна паставіць задачу стаць чэмпіёнам свету. Але ці выканальная яна?"— Георгій Пятровіч, Савет Міністраў краіны зацвердзіў праграму развіцця футбола на 2011—2015 гг., дзе нашай нацыянальнай зборнай паставілі задачу выйсці ў фінал чэмпіянату свету-2014. Для гэтага, як вядома, наша каманда павінна абысці ў групе або дзейнага чэмпіёна свету Іспанію, або чэмпіёна свету-1998 Францыю, не кажучы пра Грузію і Фінляндыю. Як вы, адзін з галоўных выканаўцаў такой задачы, яе пракаментуеце? — Асабіста мне такой задачы ніхто не ставіў: ні падчас размовы па кантракце са старшынёй федэрацыі Румасам, ні падчас гутаркі з яго намеснікам Сафар'янам. А хто гэтую праграму пісаў, для мяне застаецца загадкай. Можна паставіць задачу і чэмпіёнам свету стаць, але ці выканальная яна? Магчыма, пісалі людзі, якія не вельмі разбіраюцца ў футболе. Або ўзялі папярэднюю праграму, у якой проста пераставілі лічбы. — Якія задачы ставіць перад вамі федэрацыя? — На гэты адбор канкрэтных задач не было. Трэба годна гуляць у кожным матчы, нагульваць склад на наступны адборачны цыкл на чэмпіянат Еўропы. А вось там будзе стаяць канкрэтная задача. Магчыма, на Еўра-2016 у фінальнай частцы будзе гуляць не 16, а 24 каманды. Там можна ставіць задачу на выхад у фінальную частку. — Галоўны трэнер заўсёды знаходзіцца пад градам крытыкі. Вы да яе гатовы? — Гатовы. Мяне шмат крытыкавалі, нават калі мы з маладзёжкай занялі трэцяе месца на чэмпіянаце Еўропы. Рашэнне ўзначаліць нацыянальную зборную я прымаў абдумана і крытыкі не баюся. У нас, як вядома, у футболе, палітыцы і сельскай гаспадарцы ўсе разбіраюцца. "Нас з Пракопам называлі фартовымі. А гэта не фарт, а адчуванне, куды мяч адскочыць"— Як вы, самы выніковы з савецкіх беларускіх форвардаў, ставіцеся да праблемы з нападаючымі ў нацыянальнай камандзе? Ваш папярэднік Штанге пастаянна на яе скардзіўся... — Так, вялікая праблема ў нас з нападаючымі. Радзівонаў і Карніленка адпавядаюць узроўню зборнай, аднак ім ужо па 29 гадоў. А за імі — бездань. Кім гуляць — адзін з асноўных маіх галаўных боляў. Не дай Бог, з хлопцамі нешта здарыцца, будуць у нас вялікія праблемы. Нападаючага складана вырасціць, ім трэба нарадзіцца, гэта ў крыві павінна быць. Гэта як тарэадоры — імі не становяцца, а нараджаюцца. У нападаючага павінна быць развіта моцнае галявое адчуванне. Ён можа добра гуляць у цэнтры поля, але не забіваць. Тут шмат залежыць ад інтуіцыі... — Як у Месі? — Месі — гэта індывідум, такіх больш няма, пра яго лепш не будзем гаварыць. А вось цэнтральныя нападаючыя павінны мець галявое адчуванне. Як, скажам, у Марка ван Бастэна (гэта адзін з маіх любімых гульцоў) ці немцаў Хорса Хрубеша, Клауса Фішэра. Яны адчуваюць, у якое месца трэба прыбегчы, і туды ляціць мяч. — Ёсць упэўненасць, што ў вас таксама было гэтае адчуванне. — Было, бо хто мяне вучыў? Я нарадзіўся ў вёсцы і да 15 гадоў увогуле не трэніраваўся. Гэта было ў крыві. Магчыма, мы дрэнна шукаем у дзіцячым узросце. Навучыць нападаючага правільна гуляць у штрафной вельмі складана. Ён можа правільна бегчы, але часам трэба прыняць нейкае нестандартнае рашэнне, не ў тое месца бегчы. Вучаць набягаць увесь час на блізкую, а часам трэба і на далёкую "кропку". У мяне гэтае адчуванне было. Я ўгадваў, куды зрыкашэціць мяч пасля барацьбы. І ў Сашы Пракапенкі галявое адчуванне было. Ён часта станавіўся за мной, штурхаў мяне ў кучу, і мяч пасля рыкашэту ўвесь час яму даставаўся. Усе казалі: "Пракоп, у цябе там магніты ў нагах стаяць і мяч прыцягваюць. Ты фартовы". Гэтак жа і на мяне казалі — фартовы. Гэта не фарт, гэта прадчуванне, куды мяч адскочыць. — У вашым дзяцінстве ні мячоў не было, ні экіпіроўкі, затое якая цікавасць была да футбола — людзі з іншых гарадоў тысячамі ехалі на матч! Зараз наадварот — на полі гуляюць прафесіяналы, а людзям нецікава: матчы нацыянальнага першынства праходзяць з некалькімі сотнямі балельшчыкаў, а часам з падтрымкай сяброў і сваякоў саміх футбалістаў... — Так, "Дынама" ў свой час збірала 50 тысяч заўзятараў. Але і БАТЭ, калі гуляе ў еўракубках, таксама збірае поўны стадыён. У той час было толькі "Дынама-Мінск" і каманды з другой саюзнай лігі. Праўда, і на другую лігу хадзілі і ў Гомелі, і ў Гродне, і ў Брэсце — па 8-10 тысяч. Але тады не было інтэрнэту, іншых забаў. Футбол быў і забавай, і адпачынкам, людзі з задавальненнем ішлі на стадыён. З усёй краіны ехалі на "Дынама". Зараз у нас шмат камандаў, свой чэмпіянат, не такі цікавы. Але не думаю, што ў Беларусі сталі менш любіць футбол. — Тое, што "Партызана" не будзе ў вышэйшай лізе — добра ці дрэнна для чэмпіянату? — Я ў справы клуба не ўнікаў, але мяркую, што і кіраўніцтва каманды вінаватае, і, магчыма, нашы футбольныя ўлады... Але як дапамагчы, калі гэты праект нікому не цікавы? З кожным годам у нас у футболе становіцца ўсё складаней і складаней. На мой погляд, як бы дзяржава ні падтрымлівала, калі прыватнікі не будуць укладваць грошы, у футбола няма будучыні. Якія ў нас самыя моцныя ў фінансавым плане каманды? БАТЭ і мінскае "Дынама", дзе прыватны гаспадар. Расія таксама ідзе па гэтым шляху. "Краснадар" — адзін з наймацнейшых клубаў, бо яго ўладальнік Сяргей Галіцкі — вельмі нябедны чалавек. Ён у свой час сказаў, што зарабіў і сабе на старасць, і дзецям, а цяпер хоча развіваць футбол. І будуе выдатную базу для клуба — інтэрнат, палі, стадыён... Яшчэ адзін расійскі прыклад — "Анжы". "Выклічу Стасевіча і Брэсана"— 29 лютага наша каманда згуляе першы ў сезоне таварыскі матч супраць Малдовы. Наколькі зменіцца каманда Кандрацьева ў параўнанні з камандай Штанге? — У нас не так шмат людзей, каб казаць пра грунтоўныя перамены. Вядома, будзем выклікаць новых людзей, даваць ім шанц, не забываючы і тых, хто гуляў. — Аляксандру Глебу ёсць месца ў гэтай камандзе? — Пакуль няма, бо ён не знайшоў клуб. Знойдзе — будзе выклікацца і ў зборную. Раскідвацца такімі людзьмі, як Саша, якія нараджаюцца раз у два дзесяцігоддзі, нельга. — Магчыма, у камандзе з'явіцца хтосьці, каго Штанге ігнараваў? — Складана пакуль казаць, хто будзе добра выглядаць. На гэты збор хутчэй за ўсё выклічу Ігара Стасевіча з мінскага "Дынама". Калі прыйдзе адказ, што Брэсану можна гуляць у бліжэйшым матчы, то выклічам і яго. "Усе букмекерскія канторы адназначна адводзілі нам на чэмпіянаце Еўропы восьмае месца"— Як праз паўгода глядзіце на гістарычнае дасягненне з нашай маладзёжкай? Матч за фінал з іспанцамі не сніцца? — Не сніцца, але часта яго ўзгадваю. Мы вялі 1:0 да 89-й хвіліны. І калі іспанцы, здаецца, ужо здаліся — не было тых атак, як на працягу матча, агрэсіі, — нешта я не так зрабіў, дзесьці хлопцы недабеглі, недацярпелі. Напэўна, так футбольнаму богу трэба было — яшчэ раз нас выпрабаваць у матчы з чэхамі. І ў тым паядынку хлопцы годна выглядалі і перамаглі. Напярэдадні чэмпіянату чэхі былі ў рэйтынгу першай камандай. А на нас, дарэчы, ніхто не ставіў. Нам адназначна адводзілі восьмае месца ўсе букмекерскія канторы... Не скажу, што ўзгадваю чэмпіянат Еўропы з эйфарыяй. Цяпер нам трэба даказаць, што невыпадкова мы трапілі на Алімпіяду. — Пасля чэмпіянату Еўропы вас зноў пачалі называць шчасліўчыкам... — Няхай называюць і далей усё так ідзе. Я буду толькі рад. У футболе, у спорце без фарту — нікуды. Мяч можа трапіць у перакладзіну і за лінію, а можа — у вароты. Як у матчы "Рэал" — "Барселона": б'е О'Зіл з "Рэала" — мяч трапляе ў перакладзіну і вылятае. Б'е "Барселона": мяч ад перакладзіны ў вароты залятае. Так што без фарту ніяк... А хлопцы з маёй маладзёжкі — вялікія малайцы. Не валодаючы асаблівымі дадзенымі ў футболе, яны дасягнулі такога поспеху для Беларусі. Маральны дух у камандзе быў вельмі моцны. Ну і майстэрства, значыць, было — без яго перамагчы немагчыма. Самі галы ў вароты не залятаюць. "Першы кантракт у "Смаргоні" быў на 200 долараў"— Георгій Пятровіч, нядаўна вы адпачывалі ў Гродзенскай вобласці. Чаму беларускі санаторый? У футбалістаў зараз модна ездзіць, напрыклад, у Дубаі... — Ды я ў санаторыях быў усяго два разы. Не люблю далёка і надоўга з дому адлучацца. Калі шчыра, то некалькі гадоў таму я і не мог сабе дазволіць адпачынак за мяжой. Думаеце, я вялікія грошы зарабляў? Працаваў галоўным трэнерам у "Смаргоні", першы кантракт у мяне быў на 200 долараў... Зараз магу сабе гэта дазволіць, але ўжо і не хочацца. — Раскажыце пра вашу сям'ю. — Гэта жонка, дачка і ўнучка Ева. Яшчэ два сабакі і кошка. З жонкай пазнаёміўся ў 82-м. Сябар прывёў яе на футбол, мы з "Шахцёрам" гулялі, пасля паехалі на Мінскае мора, у "Юнацтва", там была нядрэнная дыскатэка... А праз два гады мы пажаніліся. Дачка зараз жыве асобна. Еве ў снежні споўнілася два гады, яна пачала размаўляць, вельмі цікавы ўзрост. Часта гасцюе ў нас. Не магу сказаць, што я надзвычай хатні, я і з сябрамі люблю сустрэцца, пасядзець. Але сям'я, безумоўна, на першым месцы. — Курыць кінулі канчаткова? — У лістападзе кінуў і амаль тры месяцы трымаюся. Я даўно хацеў кінуць, ды і ўрачы мне раяць. Аднойчы два месяцы не курыў, але калі Юра Курненін памёр, зноў пачаў. А ў лістападзе захварэў і дзесяць дзён не курыў. І тут прэс-канферэнцыя. Журналісты пытаюць: не збіраецеся кінуць курыць? Я думаю: спрыяльны момант, скажу, што ўжо кінуў. А раз сказаў, трэба слова трымаць. Гутарыла Алена АЎЧЫННІКАВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Новы трэнер нацыянальнай зборнай па футболе Георгій Кандрацьеў, які змяніў немца Бернда Штанге, напярэдадні першага матча ў сезоне (ён пройдзе 29 лютага ў турэцкай... |
|