Георгій Кандрацьеў: "Я пастараюся, каб каманда гуляла ў больш агрэсіўны футбол"
28.02.2012
—
Новости Спорта
|
29 лютага нацыянальная зборная па футболе адкрые новы сезон таварыскім матчам супраць Малдовы. На трэнерскай пасадзе ў гэтым паядынку дэбютуе Георгій Кандрацьеў. На наступны дзень, 1 сакавіка, алімпійская зборная пад кіраўніцтвам таго ж Кандрацьева правядзе таварыскі матч у межах падрыхтоўкі да Алімпійскіх гульняў супраць клуба 1-й расійскай лігі "Урал" (Екацярынбург). Матчы пройдуць у Турцыі. Галоўны трэнер расказаў, чаму замест партугальцаў, грэкаў і ірландцаў мы гуляем з малдаванамі, а таксама чаму гуляць супраць клуба нічым не горш, чым супраць зборнай. — Георгій Пятровіч, гэта першы ваш матч на пасадзе трэнера нацыянальнай зборнай. Якія мэты ў ім ставіце? — Я неаднойчы паўтараў, што ў любым матчы наша мэта — перамагчы. Гэтая гульня не выключэнне. Хачу паглядзець усіх гульцоў. І кожнаму скажу, што толькі той, хто імкнецца да высокіх вынікаў і перамог, дастойны гуляць у зборнай. Мая пазіцыя — прахадных матчаў за нацыянальную зборную быць не павінна. Усе гульцы павінны пранікнуцца гэтай ідэяй. — Карніленка, Цігараў, Жаўнерчык выпалі з абоймы зборнай. Раскажыце, чаму? — Карніленка траўмаваны, ён праходзіць абследаванне ў Германіі. Цігараў на рэабілітацыі ў Італіі. Жаўнерчык жывы-здаровы. Ён патэлефанаваў і папрасіў, каб на гэты збор я яго не выклікаў. 3 сакавіка яго клуб гуляе ў Маскве супраць "Лакаматыва". Ён — жалезны гулец асноўнага складу — баіцца, што адлучэнне ў зборную перашкодзіць яму пачаць сезон у асноўным складзе. Мы пайшлі яму насустрач, бо не так шмат у нас гульцоў асноўнага складу клубаў расійскай прэм'ер-лігі. — Ці зможа Брэсан дэбютаваць за зборную ў гэтым матчы? — Брэсан будзе гуляць. Мы атрымалі дазвол, і ніякіх забарон няма. Я гэтаму вельмі рады. — У асноўным складзе? — Хутчэй за ўсё, так. Але зараз шмат тэлефанаванняў па траўмах. Будзем спадзявацца, што ўсё будзе добра. — Некаторыя балельшчыкі супраць таго, каб Брэсан гуляў за зборную. Як вы да гэтага ставіцеся? — Я не разумею, чаму людзі супраць. У нас не так шмат гульцоў узроўню нацыянальнай зборнай. Тым больш што Брэсан вывучыў мову, хоча гуляць за зборную. Замежнікаў не павінна быць шмат, але адзін-два — чаму б і не? За зборную Германіі гуляюць замежнікі, туркі тыя ж, чаму нашы балельшчыкі супраць? — Каго нагадвае асабіста вам Брэсан па стылі з легендарнага "Дынама" чэмпіёнскага ўзору 1982 года? — Напэўна, Юру Пудышава. Рэнан — плэймейкер, як і Юра. Такі ж разумны гулец, як Юра. Штосьці агульнае ў іх ёсць. — Наколькі наша зборная будзе адрознівацца ад таго ўзору, які быў пры Штанге? — На гэтым зборы — не моцна. А пасля — паглядзім, хто будзе добра выглядаць. Што датычыць манеры гульні, то я пастараюся, каб каманда гуляла ў больш агрэсіўны футбол, больш была нацэлена на вароты суперніка. Усё ж такі бясконцыя перапасоўкі ў цэнтры поля да дабра не прыводзяць. Як правіла, усё заканчваецца недакладным пасам, атакай у адказ на нашы вароты і небяспечным момантам каля нашых варот. Найперш нам трэба памяняць псіхалогію хлопцаў, каб яны гулялі ў больш востры футбол, нацэлены на вароты, а не проста кантралявалі мяч. — Як збіраецеся вырашаць праблему з нападаючымі? — Адна з "хвароб" нашага футбола — адсутнасць нападаючых высокага ўзроўню. Плакацца з гэтай нагоды не трэба. Трэба перастройваць гульню, шукаць іншыя варыянты ўзмацнення гульні ў атацы. — Віталь Радзівонаў згуляе ў матчы? — Я лічу, што яму яшчэ рана. Не будзем рызыкаваць яго здароўем. Ён спатрэбіцца яшчэ і нам, і БАТЭ. — Тады выбар у нападзенні зусім невялікі... — "Рома" гуляла два гады без нападаючых... Я галаву попелам не пасыпаю, знойдзем штосьці, прыдумаем... — Раней у Турцыі зборная жыла ў гасцініцы "Каліста" і гуляла на стадыёне "Атацюрк". Зараз абраны іншыя варыянты... — Так выпадкова атрымалася, бо новыя людзі займаліся гэтым пытаннем. Нас задавальняла і "Каліста", і "Атацюрк". Зараз згуляем на "Мардане", ён таксама нам знаёмы. — Тыя ж малдаване зараз праінфармавалі, што будуць гуляць з партугальцамі. Чаму наша зборная адмовілася гуляць з грэкамі і ірландцамі? — Мы не адмаўляліся. З Ірландыяй і Партугаліяй мы пагадзіліся гуляць. Яны самі адмовіліся. Ведаеце, як пачынаюцца гэтыя перапіскі? Прыходзіць прапанова: "Жадаеце згуляць?" Мы адказваем: "Так". Пачынаецца перапіска, удакладненні. Ірландцы папрасілі грошы. Мы адказалі, што падумаем. У выніку яны даслалі адказ, што гуляць з намі не будуць. Партугальцы даслалі прапанову, мы пагадзіліся. Літаральна праз два дні яны напісалі: "Прабачце, мы гуляць з вамі не будзем". — На якой пазіцыі згуляе Трубіла? — Трубіла выйдзе, хутчэй за ўсё, на замену. Ён 27-га гуляе ў клубе, а ў ноч напярэдадні гульні прылятае ў зборную. Гэта прыклад таго, як гулец імкнецца выступаць за зборную. Я казаў яму: "Калі хочаш, можаш не прыязджаць. Ён настойваў: "У зборную паеду". Згуляе ў абароне злева, але не шмат часу. — На першым зборы навічкі, па традыцыі Штанге, будуць спяваць? — Абавязкова. Я абяцаў, што гэтую традыцыю не будзем мяняць. — А вы, Георгій Пятровіч? — На трэнерскі штаб гэта не распаўсюджваецца. Хоць нейкая прывілеі ў нас, людзей ва ўзросце, павінны ж быць... — Як ставіцеся да таго, што алімпійская зборная гуляе не са зборнай, а з клубам? — Нармальна. Зараз не так важна, які статус у каманды. "Урал" — добры клуб. Я глядзеў, калі яны гулялі ў фінале з "Шыннікам". Нам будзе цікава згуляць, тым больш што яны сур'ёзна рыхтуюцца. Алена АЎЧЫННІКАВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
29 лютага нацыянальная зборная па футболе адкрые новы сезон таварыскім матчам супраць Малдовы. На трэнерскай пасадзе ў гэтым паядынку дэбютуе Георгій Кандрацьеў....
|
|