Вяртанне волата. 21.by

Вяртанне волата

28.02.2012 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пасля доўгага перапынку алімпійскі чэмпіён Пекіна па цяжкай атлетыцы Андрэй Арамнаў зноў на кані. Барысаўскі асілак упэўнена заваяваў Кубак Беларусі ў вагавай катэгорыі звыш 105 кілаграмаў. Апошні раз ён выступаў перад гледачамі на мінскім чэмпіянаце Еўропы ў 2010 годзе.

Спаборніцтвы, якія праходзілі ў мінскім спарткомплексе "Спартак", былі відовішчнымі. Цяжкаатлеты на памосце грукаталі, падбадзёрвалі сябе словамі, нерваваліся, збівалі тальк з далоняў і нават пад цяжарам штангі падалі на памост. Па драматургіі турнір аказаўся цікавым, але, нягледзячы на добрыя вынікі іншых, найбольш моцныя апладысменты гледачы пакінулі хлопцу з пушкінскай прычоскай і бакенбардамі. Арамнаў падыходзіў да штангі нетаропка, разважліва і браў вагу пераканаўча: спачатку 180 кг у рыўку, а пасля 220 у штуршку. Так, агульная лічба 400 яшчэ толькі пачатковы этап. Андрэй у стадыі падрыхтоўкі да Алімпійскіх гульняў.

— Усё, як трэба, — пасля спаборніцтваў задаволена кажа першы трэнер Арамнава Уладзімір Барздакоў. — Мы планавалі "сабраць" 400 кілаграмаў. А ў выніку ён нават перамог. Падрыхтоўка ідзе нармальна. Паскараць яе не трэба. Пік формы павінен прыпасці на Алімпіяду, а на сусветны ўзровень Андрэй выйдзе на чэмпіянаце Беларусі, які адбудзецца ў маі.

За барацьбой пільна сачыў і Аляксандр Ганчароў — галоўны трэнер зборнай Беларусі па цяжкай атлетыцы.

— Тэхнічныя вынікі спартсменаў крыху не тыя, якія я хацеў убачыць на гэтым памосце, — падводзіць вынікі спаборніцтваў Аляксандр Васільевіч. — Але наперадзе яшчэ ёсць час. Тыя, на каго разлічваем — у страі. Гэта галоўнае. Перамога Арамнава? Яна цалкам заслужаная. Сёння ўжо было і слова, і справа. Андрэй паказаў, што сённяшні паказчык у двухбор'і — гэта добры пачатак для таго, каб думаць пра медаль на Алімпійскіх гульнях.

Сам Арамнаў, які вядомы не толькі канфліктамі з Ганчаровым, але і іншымі скандальнымі сітуацыямі, пасля ўзнагароджання выглядаў вельмі спакойна: пакінуў маркерам аўтограф на каляровай афішы, а пасля адказаў на пытанні журналістаў:

— Сёння я падняў не так шмат, як звычайна. Але пасля двухгадовага перапынку гэта нядрэнны вынік. Ён быў запланаваны ў маім гадавым плане спаборніцтваў. Безумоўна, не чакаў, што буду першым. Хлопцы рыхтаваліся, былі ў добрай форме. Але лёс склаўся так, што ўсё атрымалася, як звычайна. Зычу здароўя сваім супернікам і сабе таксама.

— Андрэй, вы сёння ўдзельнічалі крыху не ў сваёй катэгорыі. На Алімпіядзе ў Пекіне перамаглі сярод тых, чыя вага не перавышала 105 кілаграмаў.

— Мне зараз прасцей выступаць у гэтай катэгорыі. Цяжка зніжаць вагу. Гэта непатрэбны стрэс для арганізма. Няма сэнсу. Але ў Лондане буду ўдзельнічаць у катэгорыі да 105 кілаграмаў.

— Вы доўга не прымалі ўдзел у турнірах. Ці сумавалі па спаборніцтвах?

— Не. У цяжкай атлетыцы дрэнна ўвесь час знаходзіцца ў вельмі добрай форме. Гэта вялізны знос арганізма. У нас не так шмат плацяць, каб можна было пакрываць фізічныя страты. Трэба грошы збіраць. Лячыцца буду пазней. Цяпер я ў поўнай баявой гатоўнасці, рыхтуюся да Алімпіяды. Гэта галоўны старт года для мяне.

— Што вас зараз не задавальняе ў падрыхтоўцы?

— Мне не падабаецца, што я не магу як след трэніравацца ў зборнай: не даюць сур'ёзных умоў для падрыхтоўкі. Сумую па сябрах, і мне не хапае спартыўнага духу, які ёсць у камандзе. Трэніруюся зараз у Бабруйску, дзе я раней вучыўся. Ва ўсіх маіх справах мне дапамагаюць трэнеры Міхаіл Салдар і Уладзімір Барздакоў.

— А ці збіраецеся вяртацца на базу ў Стайкі?

— Так, але зрабіць гэта мне не дазваляе маё стаўленне да таго, што там адбываецца. Калі зробяць так, як я хачу, я вярнуся і буду трэніравацца. Але баюся, каб мяне проста не падставілі.

Тарас Шчыры.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пасля доўгага перапынку алімпійскі чэмпіён Пекіна па цяжкай атлетыцы Андрэй Арамнаў зноў на кані. Барысаўскі асілак упэўнена заваяваў Кубак Беларусі ў вагавай...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика