Анатоль ТОЗІК, намеснік прэм'ер-мiнiстра Рэспублiкi Беларусь: "Мы можам выступаць мацней". 21.by

Анатоль ТОЗІК, намеснік прэм'ер-мiнiстра Рэспублiкi Беларусь: "Мы можам выступаць мацней"

09.08.2012 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Алiмпiйскiя гульнi ў Лондане ўжо даўно перасягнулi свой экватар. З самага пачатку куратарам беларускай каманды быў вiцэ-прэм'ер Анатоль Тозiк. Яго можна было бачыць на многiх спаборнiцтвах. Несумненна, што прысутнасць i гарачая падтрымка кiраўнiка такога рангу айчынным спартсменам была вельмi патрэбна. Учора Анатоль Апанасавiч прысутнiчаў на "бронзавай" гонцы нашай жаночай чацвёркi, пасля чаго адправiўся ў аэрапорт — на гэтым алiмпiйская камандзiроўка завяршылася. Пасля цёплага вiншавання беларусак з поспехам вiцэ-прэм'ер удзялiў дзясятак хвiлiн карэспандэнту "Звязды".

— Анатоль Апанасавiч, вас часта можна было бачыць на алiмпiйскiх спаборнiцтвах у Лондане. Вы сябе адносiце да вялiкiх аматараў спорту?

— Як i любы чалавек, грамадзянiн, якi знаходзiцца на спаборнiцтвах такога ўзроўню, безумоўна, перажываю за нашых. Таму што кожная перамога i кожны медаль патрэбны не толькi спартсмену, але i тваёй краiне. Бо дух замiрае, калi на алiмпiйскай арэне развiваецца дзяржаўны сцяг, выконваецца беларускi гiмн. А наконт аматарства... Цяпер, калi ва ўрадзе я курырую гэтую сферу, то, вядома, стараюся бываць на спаборнiцтвах. Калi патрэбна, нечым дапамагаю.

— Вы амаль два тыднi прабылi на Гульнях. За гэты час змаглi акунуцца ў алiмпiйскую атмасферу, пабыць у скуры спартсмена?

— Несумненна, у скуры спартсмена пабыць я не змог. Гэта немагчыма. I ў скуры балельшчыка таксама. Для мяне было важна паглядзець Алiмпiйскiя гульнi знутры. Паглядзець усё, што адбываецца на спаборнiцтвах самага высокага ўзроўню. Для таго, каб было больш адэкватнае ўяўленне, якiя пытаннi трэба будзе вырашаць ва ўрадзе, на што звярнуць увагу. Калi ты знаходзiшся знутры Гульняў, то адчуванне трохi iншае, чым тое ж самае бачыш па тэлебачаннi цi ведаеш па расказах iншых людзей.

— Кiраўнiк дзяржавы Аляксандр Лукашэнка неаднаразова гаварыў, што спорт — гэта не толькi пасол мiру, але i вялiкая палiтыка. На Алiмпiйскiх гульнях гэта адчувалася?

— На гэтым узроўнi так — гэта не толькi спорт, але i палiтыка. Асаблiва гэта было ярка выражана на турнiры па тэнiсе, калi нашы Максiм Мiрны i Вiкторыя Азаранка выйгралi залаты медаль у мiксце ў брытанскага дуэта. Безумоўна, гэтая перамога мела велiзарнае значэнне для нас. I не толькi як спартыўная, але i як палiтычная. Упэўнены, што многiя замежнiкi паглядзелi на беларусаў па-iншаму. Увогуле, якая прыгожая была пара Максiм Мiрны — Вiкторыя Азаранка. Праз наш спорт, праз вобраз гэтых тэнiсiстаў прадстаўнiкi многiх дзяржаў свету будуць цiкавiцца нашай краiнай. А калi сцяг Беларусi развiваецца ў каралеўскай ложы Уiмблдона — гэта даражэй удвая.

— За час знаходжання ў Лондане вы пазнаёмiлiся з умовамi, у якiх знаходзяцца нашы спартсмены?

— Так. I скажу вам, што яны нармальныя.

— Ваша меркаванне наконт судзейскага суб'ектывiзму, якi прысутнiчаў у многiх дысцыплiнах.

— Вядома, пэўны суб'ектывiзм, адчуваецца. Як прыклад — сiтуацыя з Iванам Цiханам, якую мы каментавалi беларускiм журналiстам. Засталiся пытаннi наконт Насцi Новiкавай. А ў астатнiм, на мой погляд, вiдавочных недарэчнасцяў i парушэнняў не было. I вось чаму. У сiтуацыях, калi спартсмены iдуць, як кажуць, ноздра ў ноздру, i ацэнка суддзямi даецца па ачках, а не па сантыметрах i кiлаграмах, — вельмi складана штосьцi аспрэчваць i даказваць. Мабыць, усе, хто прайграў, лiчаць сябе пакрыўджанымi з-за судзейскай прадузятасцi.

Таму гэты фактар таксама трэба мець на ўвазе i да таго, што адбываецца навокал, адэкватна адносiцца. Калi прэтэндуеш на перамогу, то яна павiнна быць упэўненай i не выклiкаць нi ў кога сумненняў. Калi, напрыклад, Надзя Астапчук кiдае ядро на 66 см далей за iншых i да адзнакi ў 21 метр нiхто з сапернiц не мог прыблiзiцца, то як тут могуць засудзiць? Нiяк. Скажам, калi Сяргей Мартынаў устанавiў у стральбе сусветны рэкорд, то гэта таксама вiдавочна. А калi бой па ачках завяршыўся ўнiчыю — 19:19, i перамога прысуджана сапернiку, то складана нешта даказаць. Паглядзiце: у некаторых нашых барцоў грэка-рымскага стылю была рэальная магчымасць заваяваць бронзавы медаль. Але ж не змаглi. I вiнаваты там не суддзi, а самi спартсмены. У канцы ў iх проста не хапiла духу. Мне здаецца, што трэба на фiнiшы мець больш злосцi i ўпартасцi. На такiм узроўнi выступленняў спартсмен ужо павiнен максiмальна выкладвацца на баксёрскiм рынгу цi барцоўскiм дыване. Мы ж бачылi, калi спартсмена з дывана выносiлi цi ён проста падаў з-за недахопу сiл. Якiя прэтэнзii могуць быць да такога атлета? Нiякiх. Якiя ў нас прэтэнзii да Кацярыны Карстэн? Абсалютна нiякiх. Якiя пытаннi могуць быць да Настассii Новiкавай? Нiякiх. I Каця, i Насця поўнасцю аддалiся барацьбе. А вось сiтуацыя, калi з памоста спартсмен сыходзiць i вiдаць, што ў яго застаўся нявыкарыстаны патэнцыял, падштурхоўвае да розных пытанняў. Значыць, у спартсмена недзе не хапiла духу, характару, спартыўнай злосцi ў добрым разуменнi гэтага слова. I мы нярэдка з-за такiх, здавалася б, дробязяў заставалiся ў Лондане за крок ад медалёў.

— Анатоль Апанасавiч, з якiм настроем i пачуццём вы пакiдаеце Алiмпiяду?

— На тым этапе, што прайшоў, безумоўна, беларускiм спартсменам можна было б заваяваць узнагарод больш. Аб асноўных прычынах, чаму гэтага не здарылася, я ўжо сказаў. А ў днi, што засталiся, мы вельмi спадзяёмся, што медалi ў нас яшчэ будуць. Надзеi на барцоў вольнага стылю, на мастацкую гiмнастыку, байдарачнiкаў.

— Зразумела, што нашым спартсменам не адмовiш у патрыятызме i жаданнi выступаць. Але ж, вiдавочна, па вынiках Алiмпiяды будуць зроблены пэўныя высновы?

— На Алiмпiяду з'ехалiся лепшыя з лепшых. Вялiкiя спартсмены больш чым 200 краiн свету. I ўсе сюды прыехалi перамагаць. Той, хто змагаецца, па iм вiдаць. Але, на жаль, у нас ёсць атлеты, якiя свае магчымасцi рэалiзавалi не поўнасцю. А гэта значыць, што трэнерам, спецыялiстам, чыноўнiкам ёсць над чым працаваць. Думаю, што i кiраўнiк дзяржавы зробiць вельмi сур'ёзныя вывады па вынiках выступлення ў Лондане. У краiне ёсць патэнцыял, i мы можам на гэтым узроўнi выступаць мацней.

Уладзiмiр ЗДАНОВIЧ, Лондан.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Алiмпiйскiя гульнi ў Лондане ўжо даўно перасягнулi свой экватар. З самага пачатку куратарам беларускай каманды быў вiцэ-прэм'ер Анатоль Тозiк.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика