Як адабраць мяч у іспанцаў?. 21.by

Як адабраць мяч у іспанцаў?

09.10.2012 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Падобнае пытанне хвалюе трэнераў літаральна кожнага саперніка пірэнейцаў. У тым ліку і беларусаў, якія 12 кастрычніка прымаюць славутых чэмпіёнаў свету і Еўропы на сталічным стадыёне "Дынама".

Шкада, у сёлетнім адборачным цыкле чэмпіянату свету-2014 дружына Георгія Кандрацьева вынікамі не ззяе, перамог пакуль не дасягае. Стартавыя паражэнні ад Грузіі, Францыі — і каманда ў аўтсайдарах групы І. Што казаць, адмоўныя паказчыкі напярэдадні сустрэчы са зборнай, якую лічаць лепшай на планеце, не радуюць. Але Георгій Кандрацьеў, галоўны трэнер зборнай Беларусі, аптымізму не губляе.

— Тых людзей, якіх я выклікаў у зборную, лічу зараз мацнейшымі ў Беларусі. Спадзяюся, яны дапамогуць вырашыць задачы, якія стаяць перад камандай. Калі кагосьці не выклікаў, дык толькі з-за траўмы, — падчас спецыяльнай прэс-канферэнцыі адказвае на пытанні журналістаў Георгій Пятровіч.


Нягледзячы на гэта, пытальнікаў у Кандрацьева не паменшылася. У нядзелю траўму атрымаў нападаючы ФК "Мінск" Леанід Ковель, і нацыянальная каманда засталася літаральна з адным форвардам. Як трэнерскі штаб збіраецца вырашаць форс-мажорную сітуацыю?

— Зараз у футболе цэнтральных нападаючых засталося няшмат. Каманды гуляюць групай атакі. А гэта і "Барселона", і "Рэал". Безумоўна, хочацца, каб у нас было больш нападаючых, але трэба зыходзіць з таго, што ў нас ёсць. На жаль, траўму атрымаў Антон Пуціла. А ў мяне былі задумкі, звязаныя з ім. Давядзецца зноў думаць.

Акрамя таго, журналісты закранулі пытанне цудоўнага выступлення БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў. Як адзначыў Георгій Кандрацьеў, іх "перамогі — гэта вялікі плюс для беларускага футбола, для мяне як трэнера зборнай. І мяне ўсцешвае, што гульцы зборнай растуць у БАТЭ. Мяркую, псіхалагічна хлопцы будуць добра падрыхтаваныя. Бо гульня з Іспаніяй не менш важная, чым матч з "Баварыяй".

Дарэчы, зноў разам з галоўнай камандай краіны рыхтуецца Аляксандр Глеб. Але ёсць у зборнай і Рэнан Брэсан. Што цікава, убачыць гэтых футбалістаў БАТЭ адначасова на полі — з'ява рэдкая.

— З Сашам мы пастаянна кантактуем, — прызнаецца трэнер. — А што тычыцца ўзаемадзеяння Брэсана і Глеба, дык у першым матчы плэй-оф Лігі чэмпіёнаў супраць ізраільскага "Хапаэля" яны ўзаемадзейнічалі вельмі добра. Добрыя футбалісты заўжды знойдуць агульную мову на полі. Я не бачу ніякіх цяжкасцяў.

Што тычыцца Іспаніі, гэта каманда, гуляць на перамогу з якой неймаверна складана нават топавым зборным. І знайсці супрацьдзеянне да гульнявой манеры "чырвонай фурыі", як паказваюць апошнія буйныя старты, не здолеў пакуль ніхто. Кандрацьеў разважае, што ўявіць, як перамагчы іспанцаў можна, але ажыццявіць гэта значна складаней.

— Зборная Іспаніі — наймацнейшая каманда ў свеце. Перайграць яе вельмі цяжка, але мы паспрабуем.

Галоўная праблема ў гульні з Іспаніяй у тым, што яны мяч не аддаюць. У матчы з Грузіяй іспанцы па кантролі мяча мелі перавагу ў 80 на 20 працэнтаў. Яны проста адабралі мяч, і грузіны стаялі ўсёй камандай у абароне. А яшчэ праблема і ў тым, што, калі каманда мяч забярэ, дык яны ім зноў завалодаюць паблізу штрафной пляцоўкі. Мы паспрабуем яго не губляць, адсунуць гульню, аднак зрабіць гэта будзе складана. Калі, напрыклад, прайграем, аднак будзем гуляць у футбол, а не стаяць на месцы, чакаючы гол у свае вароты, тады, напэўна, балельшчыкі нам даруюць.

— Але ці могуць іспанцы недаацаніць беларусаў?

— Хочацца, каб недаацэнка была. Аднак такія прафесіяналы, напэўна, добра вывучаць нашы гульні і паставяцца да нас з павагай.

Дарэчы, пра балельшчыкаў. Цэны на квіткі гэтай сустрэчы зараз і сапраўды палохаюць. Што казаць, калі білеты каштуюць ад 210 да 360 тысяч беларускіх рублёў. І паверыць у аншлаг пакуль складана.

— Безумоўна, хацелася б, каб стадыён быў запоўнены. Але ад мяне гэта мала залежыць. Я прашу, каб балельшчыкі прыйшлі на стадыён і падтрымалі каманду.

Тарас ШЧЫРЫ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Падобнае пытанне хвалюе трэнераў літаральна кожнага саперніка пірэнейцаў. У тым ліку і беларусаў, якія 12 кастрычніка прымаюць славутых чэмпіёнаў свету і Еўропы на...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика