"Надвор'е проста "крэйзі"
30.10.2012
—
Новости Спорта
|
Футбол Нечаканы снег, які на выхадных белай коўдрай накрыў усю краіну, са скрыгатам зубоў узгадваюць цяпер не толькі кіроўцы і камунальшчыкі. У чарговым туры чэмпіянату Беларусі па футболе гульцам прыйшлося змагацца з сапернікам і капрызамі надвор'я. І далёка не ўсе з гэтага дзіўнага супрацьстаяння выйшлі пераможцамі.
Субота. Бабруйск. Мясцовая "Белшына" актыўна імкнецца пакінуць зону аўтсайдараў, дзе кожная каманда толькі і чакае асечкі саперніка, каб абысці небараку ў турнірнай табліцы. "Нафтан", апанент "шыннікаў", наогул займае апошні радок, а таму біцца камандам у гэты дзень было за што. Матч на заснежаным полі праходзіць у шчырай барацьбе. Гаспадары двойчы здолелі дагнаць гасцей, а за некалькі хвілін да фінальнага свістка забілі чырвоным мячом пераможны гол. 3:2 — у стратэгічным плане вельмі важная вікторыя для каманды Аляксандра Сяднёва. — Умовы для ўсіх былі аднолькавыя, аднак поле было ў дрэнным стане, — разважае Мікалай Бранфілаў, абаронца "Белшыны", які за гульнёй назіраў з трыбуны тамтэйшага стадыёна "Спартак". — І, як мне здаецца, ападкі перашкодзілі нам прадэманстраваць больш якасны футбол. Ці трэба было ў падобных умовах эканоміць сілы? Не, наадварот, трэба было паказаць, на што ты здольны, рыхтавацца сур'ёзна, каб гуляць на любым полі. А вось нападаючы "Белшыны" Генадзь Блізнюк правёў увесь матч і адчуў на сабе ўсю любоў беларускага клімату. — Надвор'е нас не песціла. Поле было поўнасцю ў снезе. Месцамі сустракаліся нават невялічкія сумёты. Я лічу, што добра падрыхтаваць яго было немагчыма: снег не раставаў. На першы план у такіх умовах выходзілі байцоўскія якасці. Не менш снегу ў суботу было і ў Гродне, дзе мясцовы "Нёман" прымаў ФК "Мінск". — Снег пайшоў нечакана. Літаральна за 40 хвілін да пачатку сустрэчы. Ведаеце, нават бакавыя лініі не было відаць. Прыйшлося ўсё прыбіраць у экстранным парадку. А што тычыцца экіпіроўкі, дык у нас усё падрыхтавана загадзя пад любое надвор'е. З ёй пытанняў не ўзнікала, — кажа Дзмітрый Барысейка, начальнік "Нёмана", які нават не можа ўзгадаць, калі пры падобных умовах Гродна прымаў афіцыйны футбольны матч. Даволі аператыўна на кліматычную праблему адгукнуліся ў Жодзіне. Мясцовы "Тарпеда" таксама змагаецца за выжыванне, а таму было вельмі важна, каб матч адбыўся на нармальным газоне, у камфортных умовах. У выніку жодзінцы хоць і саступілі салігорскаму "Шахцёру", але работнікі стадыёна атрымалі падзяку ад Вадзіма Бразоўскага, галоўнага трэнера "аўтазаводцаў". — Я лічу, што поле пасля такога "цунамі", калі параўнаць з тым, як у Гродне "Нёман" гуляў з "Мінскам", выглядала проста шыкоўна, — адзначыў пасля гульні Бразоўскі. Аднак у чым жодзінскі сакрэт? "Справа ў тым, што калектыў стадыёна "Тарпеда" праявіў мужнасць, — тлумачыць Яўген Горыд, начальнік спартаб'екта. — Адступаць было няма куды, і работнікі гераічнай працай, усімі верагоднымі сродкамі падрыхтавалі стадыён да гульні. Безумоўна, снегу мы не чакалі, але падагрэў поля ўключылі яшчэ напярэдадні матча. У эканамічным складніку — мы ў мінусе, але кіраўніцтва завода ў гэтым пытанні пайшло нам насустрач. Лічу, што поле было амаль у ідэальным стане". Дарэчы, нядрэннае поле было і ў Барысаве, дзе на шляху да чарговага чэмпіёнства БАТЭ перайграў "Брэст". І калі барысаўчане ўжо маюць досвед гульні ў такіх пагодных умовах (матчы з кіеўскім "Дынама" і французскім ПСЖ у Лізе Еўропы), дык для пэўных футбалістаў гасцей снег у чарговы раз стаў адкрыццём. — У Беларусі я гуляю ўжо даўно, толькі ў матчы з БАТЭ я ўсё роўна змерз, — з дрыжыкамі ў голасе ўзгадвае сустрэчу Сімон Агар, нігерыйскі паўабаронца "Брэста". — Я апранаўся цёпла, але нагам усё роўна было вельмі холадна. Добра, што хоць на полі не было снегу. Наступным разам надзець шапку? Напэўна, так і зраблю, калі дазволяць у шапцы гуляць. Яшчэ адзін з тых, хто адчуў на сабе асаблівасці нашага клімату. — Паскаль Мендзі, сенегалец, які сёлета выступае за жодзінскае "Тарпеда". Увесь каментарый нашаму карэспандэнту ён суправаджаў добравядомым англійскім словам "крэйзі" (шалёны). Відаць, моцна ўразіў хлопца беларускі снег. "Надвор'е было проста "крэйзі". І гуляць было сапраўды складана. Што я магу зрабіць? Верыць у лепшае. Але ў маёй кар'еры ўжо ёсць пэўны досвед, калі і ў Расіі, і ў Літве я гуляў у падобных пагодных умовах. Таму ніякіх праблем, усё добра. Між іншым, апошні тур першынства датуецца 25 лістапада, а таму яшчэ невядома, якое надвор'е будзе чакаць нашых мужных футбалістаў напрыканцы восені. Хлопцы, рыхтуйцеся! Тарас ШЧЫРЫ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нечаканы снег, які на выхадных белай коўдрай накрыў усю краіну, са скрыгатам зубоў узгадваюць цяпер не толькі кіроўцы і камунальшчыкі. У чарговым туры чэмпіянату... |
|