Ад Азаранкі да Шаўцова. 21.by

Ад Азаранкі да Шаўцова

29.12.2012 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Звязда" падводзіць спартыўныя вынікі 2012 года і сярод разнастайных падзей вылучае тыя, якія дакладна можна ўносіць у гісторыю айчыннага спорту

Вось і ўсё. Засталося пацярпець яшчэ трохі, і на навагодніх сталах з'явяцца салатніцы з аліўе, каўбаскі, бакалы з бурлівым залатым шампанскім, а пад пахкімі ялінкамі — таямнічыя падарункі. Людзі ўжо даўно звыкліся ўспрымаць 31 снежня святочна, аднаўляючы ў думках самае прыемнае, што здарылася з імі, сваякамі, сябрамі за апошнія 364 дні. У айчынным спорце таксама хапала не толькі таго, ад чаго можна было за галаву хапацца (фіяска беларусаў на Алімпіядзе ўсе яшчэ памятаюць добра), але і таго, што прыносіла радасць ад шчаслівых вікторый.

Між іншым, ёсць у нас свая Вікторыя, імя якой цалкам адпавядае мужнаму характару гэтай працавітай дзяўчыны. Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка не толькі ў міксце з Максімам Мірным перамагла на Алімпіядзе ў Лондане, а яшчэ і скончыла гэты сезон на першым месцы рэйтынгу WTА. Вынік для нашага тэніса, безумоўна, фантастычны. Беларускія тэнісісткі яшчэ ніколі не ўздымаліся так высока. Адметна, што наша тэнісная прыма мае добрыя магчымасці пацвердзіць свой сёлетні поспех. Вікторыі яшчэ 24 гады, а значыць, усё ў яе кар'еры яшчэ наперадзе.

Фантастычным год Дракона стаў і для нашага мужнага стралка Сяргея Мартынава. Да свайго алімпійскага "золата" ён ішоў доўга: толькі на 6-х сваіх Гульнях ён атрымаў доўгачаканы медаль. Нібы Фартуна сапраўды выпрабоўвала спартсмена на трываласць: "Ці не збочыць ён з абранай сцяжыны?". І не, не збочыў! Двойчы быў трэцім на Алімпіядзе і не здаваўся, не сыходзіў. І вось сёлета здолеў усё ж такі ўзняцца на вышэйшую прыступку ў спаборніцтвах у стральбе з дробнакалібернай вінтоўкі з 50 метраў (лежачы). Што казаць, сапраўдная перамога волі, якой так часам не хапае нам не толькі ў спорце, але і непасрэдна ў сваёй працы.

Здавалася, яшчэ нядаўна заўзятары сустракалі ў аэрапорце жаночую зборную Беларусі па біятлоне, але з таго часу ўжо прайшло больш за 8 месяцаў. Толькі галоўнае, што не знікла, — майстэрства нашых зімніх стралкоў. Найперш гэта тычыцца Дар'і Домрачавай, уладальніцы двух малых крыштальных глобусаў Кубка свету 2011/12. Будзем верыць, што і новы сезон стане для яе паспяховым. А пакуль усіх парадавала яшчэ адна айчынная біятланістка. На этапе Кубка свету ў славенскай Паклюцы Надзея Скардзіна ўпершыню трапіла на п'едэстал, заваявала бронзавую ўзнагароду ў спрынце. Віншуем!

Ураджайным на медалі гэты год быў і для нашай плыўчыхі Аляксандры Герасімені. На жаль, Саша так і засталася без алімпійскага "золата", аднак два сярэбраныя медалі ў Лондане — поспех, якім таксама ганарыцца трэба.

Нельга не ўзгадаць і самае буйное дасягненне нашых гульневікоў — выхад зборнай Беларусі па гандболе на чэмпіянат свету, які прыме Іспанія. Падобнага балельшчыкі чакалі доўгіх 17 гадоў і дачакаліся! Гэта менавіта той выпадак, дзе выдатна праявіўся трэнерскі геній Юрыя Шаўцова і лідарскія якасці Сяргея Рутэнкі. У стадыі плэй-оф нашы хлопцы змагаліся з вопытнымі славакамі. Перамаглі ў гасцях у два мячы, але дома саступілі ў адзін кідок. Тым не менш, выніковая перамога была нашай. "Мінск-Арэна" літаральна патанала ў авацыях. Каманда іх сапраўды заслужыла. Шчаслівыя, удзячныя балельшчыкі нават убачылі ў камандзе Юрыя Анатольевіча славуты мінскі СКА Спартака Мірановіча, за які калісьці так выдатна гуляў сам глаўкам цяперашняй зборнай. Адказны старт зборнай ужо не за гарамі. 12 студзеня беларусы правядуць у Сарагосе свой першы матч. Наш першы сапернік — зборная Польшчы.

Упэўнены, ёсць тыя, у каго перамогі БАТЭ ў футбольным першынстве Беларусі выклікаюць пазяханне. Маўляў, няма інтрыгі ў нашым чэмпіянаце, няма чаго глядзець. Каманда Віктара Ганчарэнкі ў дзявяты раз заваявала залатыя ўзнагароды чэмпіянату краіны. І гэта ў той год, калі здавалася, што вось-вось і "Гомель", "Шахцёр" паспрачаюцца за чэмпіёнства. Аднак БАТЭ зрабіў у нашым чэмпіянаце ўсё па фэн-шуі — як мае быць. Паглядзім, як будзе ў наступным сезоне. Дарэчы, барысаўчане, якія ў чарговы раз падарылі нам цудоўную футбольную восень (перамогі над клубамі "Баварыя" і "Ліль", спадзяюся, яшчэ памятаюць), павольна перакінулі масток у футбольную зіму. Так-так, менавіта ў лютым, у розыгрышы Лігі Еўропы БАТЭ сустрэнецца з набітым "зоркамі", як слоік агуркамі, турэцкім "Фенербахчэ". Туркі ўжо загадзя сябе абвясцілі фаварытамі. Але не богі гаршкі абпальваюць. Мяч круглы, а поле роўнае. Усё вызначыць сама гульня, а не пустыя размовы. Здаецца, падарунак ад святога Мікалая ў выглядзе перамогі над стамбульцамі быў бы да месца.

Тарас ШЧЫРЫ

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Звязда" падводзіць спартыўныя вынікі 2012 года і сярод разнастайных падзей вылучае тыя, якія дакладна можна ўносіць у гісторыю айчыннага спорту Вось і ўсё....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика