Дар'я Домрачава: "Гэты чэмпіянат мяне шмат чаму навучыў..."
23.02.2013
—
Новости Спорта
|
Чэмпіянат свету па біятлоне скончыўся ўжо тыдзень таму, але размовы вакол спаборніцтваў і вынікаў нашых спартсменаў у Чэхіі дагэтуль не сціхаюць. Вельмі ўжо "зачапіў" спартыўных экспертаў і простых заўзятараў залаты медаль Дар'і Домрачавай, здабыты ў апошні дзень чэмпіянату. Пасля няўдалага старту прыма айчыннага біятлона змагла ўсё ж гучна пляснуць дзвярыма, пакідаючы Нове-Места. А па вяртанні на Радзіму расказала нам, з якімі праблемамі сутыкнулася на сусветным першынстве, што новага даведалася пра сваіх фанатаў і як змянілася ўспрыманне ўласных перамог. Ветраная пастка альбо звычайнае нешанцаванне "Адразу скажу, што простых спаборніцтваў не бывае. А першынство ў Чэхіі я запомню надоўга, бо эмацыянальна гэта было сапраўднае выпрабаванне. Ведаеце, тыя праблемы, з якімі я сутыкнулася, дазволілі мне па-новаму адчуць усю буру эмоцый, калі я ўзнялася на п'едэстал. Без усіх гэтых складанасцяў тыя эмоцыі не былі б такімі яркімі.
Момант трыумфу "Цяжка было перажываць няўдалыя старты. У такія моманты я адчувала спусташэнне, бо разумела, што падрыхтавана да чэмпіянату добра, але ад п'едэстала далёка. Але кожная перашкода на тое і дадзена, каб навучыцца чаму-небудзь новаму. Вось, напрыклад, незадоўга да спаборніцтваў у Чэхіі я давала інтэрв'ю адной замежнай тэлекампаніі. Мяне запыталі пра эмоцыі, якія адчувае спартсмен, стоячы на п'едэстале. Я адказала, што гэта не тыя адчуванні, пра якія мы марым, і што найбольшае задавальненне прыносіць не гэты момант, а сам шлях да подыума. Але пасля свайго выпакутаванага медаля зразумела, як памылялася! Цяпер разумею, што трэба цаніць момант трыумфу гэтак жа, як трэба цаніць кожны свой старт і кожную секунду гонкі". Выйсці б на вуліцу ў камбінезоне!.. "Насамрэч мяне не так ужо і часта пазнаюць на вуліцах. Людзі прывыклі бачыць мяне ў зялёным камбінезоне і з вінтоўкай. Напэўна, калі б я ў такім выглядзе выйшла ў горад, эфект быў бы большым. Мне прыемная ўвага заўзятараў, фанатаў. Але, вяртаючыся дадому, хочацца адпачыць у спакойнай атмасферы, проста пабыць з сям'ёй, каб не прыйшлося кожную хвіліну адказваць на тэлефонныя званкі. А ўвогуле самае галоўнае — заставацца сабой і не падхапіць "зорную хваробу". Праверка для фанатаў "Тое, як склаўся для мяне чэмпіянат свету, дапамагло зразумець, што прыхільнікі бываюць рознымі. Падчас спаборніцтваў спартыўныя форумы і прэсу не глядзела, але ад членаў каманды чула водгукі пра мае выступленні, сярод якіх былі вельмі непрыемныя. Але гэта жыццё, хтосьці верыць у цябе да апошняга і падтрымлівае ў цяжкія хвіліны, а хтосьці гатовы дзяліць з табой толькі перамогі. Я ведаю, што ёсць людзі, якіх мае перамогі сапраўды натхняюць, і гэта выдатна. А зайздроснікаў у паспяховых людзей заўсёды хапае, гэта трэба разумець". "Амерыканскія горкі" "Гэты сезон для мяне — як амерыканскія горкі. То праблемы са здароўем, то з лыжамі. Урэшце, гэта адбілася на маім псіхалагічным стане, што перашкаджала стральбе. Зараз я адчуваю сябе добра. Сезон яшчэ не скончыўся, і трэба працаваць далей. Безумоўна, хацелася б зачапіць які-небудзь "Малы хрустальны глобус". А насамрэч, я стараюся не зацыклівацца на гонцы за ачкамі. Бо не толькі радок у выніковым пратаколе можа прыносіць задавальненне. Калі ў нейкай дысцыпліне атрымалася пераадолець сябе, зрабіць крок наперад, я буду рада". Пра саперніцу Тору Бергер "У біятлоне зараз шмат таленавітых дзяўчат, канкурэнтак хапае. Безумоўна, "зоркай" гэтага сезона з'яўляецца Тора Бергер. Яна вельмі ўпэўнена адчувае сябе на агнявым рубяжы і бяжыць дастаткова хутка. Акрамя гэтага, для поспеху аднаго спартсмена неабходна зладжаная работа ўсёй каманды. У нарвежцаў гэта працуе. Я паважаю Тору, яе вынікі гавораць самі за сябе. Яна належыць да тых сапернікаў, якіх хочацца перамагаць". Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чэмпіянат свету па біятлоне скончыўся ўжо тыдзень таму, але размовы вакол спаборніцтваў і вынікаў нашых спартсменаў у Чэхіі дагэтуль не сціхаюць. Вельмі ўжо... |
|