Сёння ў трох гарадах Беларусі распачынаецца чарговы, 23-ці па ліку чэмпіянат краіны па футболе
30.03.2013
—
Новости Спорта
|
Гукаем футбол Першы тур чэмпіянату Беларусі па футболе сярод камандаў вышэйшай лігі30 сакавіка "Мінск" — "Тарпеда" (Жодзіна) (Мінск; 15.00, штучнае поле ФК "Мінск") "Белшына" (Бабруйск) — Дынама" (Брэст) (Мінск; 17.30, штучнае поле ФК "Мінск") "Нафтан" (Наваполацк) — "Шахцёр" (Салігорск) (Наваполацк; 16.00, штучнае поле стадыёна "Атлант") "Дняпро" (Магілёў) — "Гомель" (Магілёў; 17.00, стадыён "Спартак") 31 сакавіка "Нёман" (Гродна) — "Славія" (Мазыр) (Гродна; 14.00, стадыён "Нёман") БАТЭ (Барысаў) — "Дынама" (Мінск) (Жодзіна; 17.00, стадыён "Тарпеда) Надвор'е — капрызлівая штука, яго здаўна імкнуцца прадказаць метэаролагі. І далёка не заўсёды ў гідраметцэнтрах прыходзяць да адназначных адказаў на прыродныя пытанні. У сваю чаргу Беларусь наогул вызначаецца нейкім татальна непаслядоўным кліматам. Узнікае адчуванне, што ў нас часам вясна мяняецца месцамі з зімой, а лета з восенню. І тое, што зараз адбываецца на нашых вуліцах, наогул не паддаецца ніякаму рацыянальнаму тлумачэнню. "Хаўер" наламаў столькі дроў, што разбіраць ягоныя наступствы давядзецца яшчэ ў сярэдзіне красавіка. І вось у такіх умовах стартуе чэмпіянат Беларусі па футболе сярод камандаў вышэйшай лігі. Шкада, але так атрымалася, што большасць стадыёнаў да старту амаль не падрыхтаваны. ФК "Мінск" свой першы матч з жодзінскім "Тарпеда" будзе гуляць на штучным полі з падагрэвам, на гэтым полі "Белшына" будзе супрацьстаяць брэсцкаму "Дынама", "Нафтан" таксама на сінтэтычным пакрыцці сустрэнецца з "Шахцёрам". А вось галоўны матч тура паміж БАТЭ і мінскім "Дынама" правядуць у Жодзіне, дзе зараз, напэўна, як і ў Гродне, найлепш падрыхтаваныя арэны ў рэспубліцы. І абумоўлена гэта не проста гераічнай працай жодзінцаў, якія рыхтавалі поле для чужых клубаў, а ў якасным падагрэве. Праца гэтага абсталявання каштуе дзясяткі тысяч долараў, а таму і не дзіўна, чаму клубы адмаўляюцца гуляць першы матч чэмпіянату ў сябе дома. Па-першае, падагрэў поля ёсць не на ўсіх стадыёнах, па-другое, патрабуе вялікіх выдаткаў, і, па-трэцяе, навошта рыхтаваць, а пасля псаваць свой газон, калі можна арандаваць "сінтэтыку" і згуляць першыя матчы менавіта там. Здаецца, што такой логікай кіраваліся кіраўнікі пэўных клубаў. Аднак усё пералічанае — пытанне не толькі да футбольных калектываў, аднак і федэрацыі. Ну сапраўды, навошта пачынаць першынство так рана, калі ўжо даўно вядома, што сакавік і пачатак красавіка ў нас традыцыйна не вызначаецца адэкватным для правядзення матчаў надвор'ем. І гэта пры тым, што ў чэмпіянаце ўсяго толькі 12 клубаў? Для "птушачкі"? Ну а калі так, дык беларускі балельшчык, на жаль, яшчэ доўга не пабачыць якасны вясенні футбол. У адрозненне ад стадыёнаў, асноўныя прэтэндэнты на ўзнагароды падрыхтаваліся да новай чэмпіёнскай гонкі добра, маюць у складах не проста моцных, а сапраўды зорных футбалістаў. Мінскае "Дынама", каманда Алега Пратасава, працягвае здзіўляць грамадскасць імёнамі новых гульцоў, вядомымі на ўвесь СНД. Пра нечаканыя пераходы ў стан "блакітна-белых" Дзмітрыя Сычова і Аляксандра Гутара мы ўжо пісалі. Даволі вядомым навічком дынамаўцаў стаў 28-гадовы нігерыец Крысціян Абода, які калісьці паспеў пагуляць у Італіі за "Перуджу", "Фіярэнціну", "Удзінэзэ", "Тарына" і "Лечэ". І сапраўды, гэта футбаліст з выдатнай біяграфіяй, якога мы на сваіх палях яшчэ не бачылі. Самае цікавае, што "Дынама" магло падпісаць яшчэ аднаго, між іншым, цудоўнага гульца, які паспеў калісьці і за мадрыдскі "Рэал" згуляць. Аднак ва ўругвайца Пабла Гарсія рэзка змяніліся планы, і ён вокамгненна перагледзеў сваё рашэнне ляцець у Мінск. Толькі і без яго ў "Дынама" склад добры, гарманічны, а таму ў чарговы раз захаваць БАТЭ чэмпіёнства будзе вельмі няпроста. А вось што тычыцца клуба Анатоля Капскага, дык барысаўчане падпісалі канкракт толькі з адным легіянерам, латвійскім галкіперам Германам Маліньшам. Усе астатнія навічкі — толькі беларусы. Сярод іх адзначым вяртанне на радзіму Паўла Няхайчыка (на фота справа). За два гады ў маскоўскім "Дынама" ён так і не здолеў стаць стабільным гульцом асноўнай каманды. А таму яго вяртанне ў родную каманду бачыцца даволі правільным і адэкватным рашэннем. Паралельна з "камбэкам" Няхайчыка стала вядома, што ў Беларусь прыехаў Анры Хагуш, адзін з футбалістаў той славутай барысаўскай каманды, якая ўпершыню прабілася ў групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў. Толькі цяпер Анры гуляць будзе не за БАТЭ, а ў жодзінскім "Тарпеда". Сярод іншых трансфераў міжсезоння адзначым пераезд групы футбалістаў "Гомеля" ў салігорскі "Шахцёр", а таксама пераход з рыжскага "Сконта" ў брэсцкае "Дынама" Міноры Сата, другога ў гісторыі айчыннага футбола японскага легіянера. Ужо зараз відаць, што, зыходзячы і з фінансавання, і падбору выканаўцаў, прэтэндэнтамі на ўзнагароды з'яўляюцца БАТЭ, мінскае "Дынама" і салігорскі "Шахцёр". Астатнія каманды перад чэмпіянатам прыкладна больш-менш роўныя, а таму прадказаць склад той выніковай шасцёркі, якая павядзе барацьбу за медалі, вельмі складана. Сёлетні турнір сапраўды абяцае быць багатым на захапляльныя паядынкі. Толькі шкада, што з-за вельмі цікавага календара пэўным камандам даводзіцца пачынаць не на сваіх стадыёнах, не на вачах родных балельшчыкаў, а на нейтральнай тэрыторыі. Спадзяёмся, першы і апошні раз. Тарас ШЧЫРЫ. Фота аўтара
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Першы тур чэмпіянату Беларусі па футболе сярод камандаў вышэйшай лігі |
|