Беларускі баксёр Сяргей Хаміцкі сустрэўся на рынгу са знакамітым Робертам Штыгліцам. Калі беларус пачаў па-сапраўднаму біць немца, у сітуацыю ўмяшаўся неаб’ектыўны рэферы.
Двубой Хаміцкі — Штыгліц адбыўся ў суботу, 26 ліпеня, у нямецкім Дасаў і трансляваўся на ўвесь свет. Па ідэі, двухразовы чэмпіён свету Роберт Штыгліц мусіў адной левай разабрацца з 39-гадовым беларусам.
Але замест гэтага Хаміцкі, па вялікім рахунку, дэкласаваў саперніка. Быў больш агрэсіўны, не аднойчы скалануў Штыгліца. Як мінімум Сяргей ні ў чым немцу не саступаў. Хоць адразу было зразумела, што бой арганізавалі пад зорнага Роберта Штыгліца, і перамагчы беларус мог толькі накаўтам.
Да дзявятага раўнду байцы нанеслі адно аднаму істотныя страты — рассячэнні і гематомы, але Хаміцкі быў больш напорыстым і меў лепшы адсотак чыстых сілавых удараў.
У канцы дзявятага раўнду наш баксёр правёў некалькі паспяховых атак і на апошніх секундах адправіў Штыгліца ў накдаўн. Аднак польскі суддзя Збігнеў Лагаш выставіў сітуацыю так, што немец нібыта паслізнуўся. Тым не менш, стала зразумела, што за тры раўнды, якія засталіся, Хаміцкі падбярэ да саперніка ключы і лясне. Штыгліц быў дэкласаваны і прабіты.
І тут у справу ўмяшаўся той жа польскі рэферы-фантазёр. У самым пачатку 10 раўнду ён нечакана спыніў двубой праз… адматаныя тэйпы на пальчатках Хаміцкага. Нашага баксёра знялі з бою, прысудзілі яму з незразумелых прычынаў тэхнічны накаўт і аддалі пояс інтэркантынентальнага чэмпіёна WBO Роберту Штыгліцу.
У дадзены момант Сяргей Хаміцкі знаходзіцца ў Швейцарыі. Баец вельмі засмучаны, але такое цяпер стаўленне да беларусаў. Праект “Байцоўскі ген” будзе сачыць, ці падрыхтуюць чыноўнікі ад беларускага спорту адэкватны адказ на бяспраўе, якое адбылося ў нямецкім Дасаў.
На адрас партала budzma.org і нашым партнёрам прыходзяць лісты, каментары і фотаздымкі, дзе людзі падтрымліваюць Сяргея Хаміцкага. Публікуем адну з такіх картак.
Брытанская суперзорка боксу ўцякла ад “Беларускага гіганта”?
У суботу, 26 ліпеня, яшчэ адзін герой “Байцоўскага гену” Аляксандр Усцінаў мусіў сустрэцца з самым гаваркім і адыёзным брытанцам Тайсанам Ф’юры. Пераможца гэтага двубою меўся выйсці на самога Уладзіміра Клічко.
На перадматчавай прэс-канферэнцыі Тайсан Ф’юры абяцаў знішчыць нашага “Беларускага гіганта”. Але ў дзень бою было абвешчана, што брытанец адмовіўся біцца… праз тое, што ў яго захварэў дзядзька. Гэта не жарт. У кулуарах ходзяць размовы, што дзядзька Х’ю сапраўды паглядзеў запіс баёў Усцінава, і ў яго прыхапіла сэрца.
Што канкрэтна здарылася, сам Аляксандр пакуль не паведаміў, бо з Англіі не вярнуўся. Але, па версіі праекта “Байцоўскі ген”, Ф’юры проста пабаяўся выходзіць на рынг супраць Усцінава.
Нагадаем, што першапачаткова павінен быў адбыцца матч Тайсана Ф’юры з Дэрэкам Чысорам. Апошняму на падмогу і прыехаў наш Аляксандр, каб нацягаць брытанца у спарынгах. Аднак Чысора зламаў аб Усцінава руку. І тады “Беларускі гігант” прапанаваў яго замяніць.