21 і 22 ліпеня прайшлі гульні чацвёртага тура адкрытага чэмпіянату раёна па футболе. Па выніках усіх падзей (не толькі матчаў), якія адбыліся ў мінулыя выхадныя, турнірную табліцу ўзначаліла каманда «Люсіна».
Перад гульнямі чарговага тура стала вядома, што каманда «Хатынічы» больш не будзе прымаць удзел у сёлетнім чэмпіянаце. Пасля буйнога паражэння ад «Інтэграла» з лікам 1:16 хатыніцкія футбалісты не здолелі сабраць каманду на хатнюю сустрэчу супраць «Лясгаса», а таксама не выйшлі на сувязь з арганізатарамі чэмпіянату наконт правядзення матча супраць «КПД». Тамму галоўнай судзейскай калегіяй было прынята рашэнне зняць каманду «Хатынічы» з чэмпіянату і ануляваць вынікі ўсіх сустрэч з яе ўдзелам.
Што датычыцца матчаў, то цэнтральным паядынкам тура была сустрэча ганцавіцкіх «Лясгаса» і «ПМС». «Лясгасаўцы» перад гульнёй з галоўным прэтэндэнтам узмацнілі склад футбалістамі з Баранавіч і Ляхавіч. Менавіта футбалісты «Лясгаса» і адкрылі лік у сустрэчы прыкладна ў сярэдзіне першага тайма – вызначыўся Артур Чудук. Аднак каманда «ПМС» хутка здолела адыграцца: пасля розыгрышу вуглавога гол забіў Віктар Лойка. Прайшло яшчэ некалькі хвілін, і Артур Чудук зноў вывеў «Лясгас» наперад – 2:1. Але яшчэ да перапынку «меліяратары» адыграліся: Юрый Мелехавец ударам здалёк зрабіў лік 2:2.
У другім тайме гульня крыху супакоілася. Каманды працягвалі ствараць галявыя моманты, але вызначыцца да фінальнага свістка больш нікому так і не ўдалося. Канчатковы лік сустрэчы – 2:2.
Адразу пасля матча «Лясгас» – «ПМС» на поле стадыёна ДЮСШ выйшлі «Арбіта» з Азярэчча і «Люсіна». Абедзве каманды стварылі дастатковую колькасць цікавых момантаў ля варот адна адной, але вызначыцца за 90 хвілін сустрэчы не ўдалося ні люсінскім футбалістам, ні іх сапернікам з Азярэчча. Фінальны свісток зафіксаваў безгалявую нічыю – 0:0.
Яшчэ адзін матч чацвёртага тура прайшоў у Клецкім раёне, у Янавічах. У суботу там сустрэліся каманды «Чырвоная Зорка» і «Інтэграл». Нягледзячы на тое, што лік у сустрэчы адкрылі футбалісты «Чырвонай Зоркі», упэўненую перамогу атрымалі футбалісты «Інтэграла». 1:7 – менавіта з такім лікам і завяршылася сустрэча. Адзначым, што ў гасцей адразу тры галлы забіў Дзмітрый Жукоўскі, які ўзначаліў турнірную табліцу бамбардзіраў.
У матчах пятага тура, якія пройдуць 28 і 29 ліпеня, паміж сабой згуляюць «ПМС» – «Люсіна», «Арбіта» – «Інтэграл» і «Лясгас» – «КПД».
Уладзімір ЗАНЬКА.