На базе аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна адкрыты фізкультурна-аздараўленчы клуб «Спорт для ўсіх».
У сваім памкненні супрацоўнікі ўстановы не адны — іх задумку падтрымалі ў ДУ «Карэліцкі раённы фізкультурна-спартыўны клуб». Ініцыятары адкрыцця клуба хочуць далучаць маладых людзей з інваліднасцю да здаровага ладу жыцця.
У плане работы клуба — навучанне маладых людзей з інваліднасцю навыкам катання на каньках і лыжах, гульням у настольны тэніс, валейбол, футбол, гарадкі, дартс, скандынаўскай хадзьбе, рухомым гульням сярэдняй актыўнасці. Спартыўныя практыкаванні запланаваны на кожны месяц гэтага года і будуць праводзіцца пад кіраўніцтвам інструктара-метадыста Карэліцкага раённага ФСК.
На свае першыя заняткі ўдзельнікі клуба сабраліся на стадыёне «Юнацтва» райцэнтра. Панавала сонечнае марознае надвор’е, твары дзяўчат і юнакоў свяціліся ўсмешкамі. Як адзначыла загадчык аддзялення Ірына Казіміраўна Трыбуць, заняткі на свежым паветры будуць добрым стымулам для замацавання здароўя, а сёлетняй зімой умовы надвор’я і наяўнасць снегу спрыяюць заняткам спортам.
Тут мы і пазнаёміліся з наведвальнікамі клуба, якія ўжо былі гатовыя пракладваць сваю першую лыжню. Руслан Ганчароў з вёскі Баранавічы сказаў, што сюды яго прывяло імкненне падтрымліваць здаровы лад жыцця, удзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах і дабівацца перамог. Увогуле, у юнака любоў да спорту яшчэ са школьных гадоў — катаўся на лыжах на ўроках фізкультуры. Яго жаданне раздзяляюць таксама астатнія ўдзельнікі, якія бачаць у занятках фізкультурай і спортам не толькі карыснае правядзенне вольнага часу, але і замацаванне свайго здароўя.
Ёсць упэўненасць, што добрае пачынанне падорыць наведвальнікам клуба шчаслівыя хвіліны сустрэчы з прыродай, і яны стануць вернымі прыхільнікамі спорту.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Лізаветы МУЦІЛОВІЧ