Зберагаць баланс і лепшае ў сабе на шляху да мары, заставацца добрым чалавекам, на якога можна пакласціся ў цяжкай сітуацыі, даводзіць справу да канца, быць апорай для сваіх бацькоў. Такія мэты ставіць перад сабой сёлетні выпускнік Лукскай сярэдняй школы, пераможца і двукратны сярэбраны прызёр рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакеі на прыз клуба “Залатая шайба” Уладзіслаў Кавальчук, які, дарэчы, занесены яшчэ і на раённую Дошку гонару.
Жыццё Улада Кавальчука пачалося даволі насычана. Зусім маленькім яму давялося пабываць у розных кутках карэліцкай зямлі – у Мінаках, Варончы і Цырыне, пакуль яго сям’я канчаткова не пераехала ў Лукі. І ўжо тут Улад пайшоў у дзіцячы садок, дзе і праявіліся яго здольнасці. Пакуль мама працавала ў канторы ў аддзеле кадраў, а тата – механізатарам, у жыццё Улада ўвайшоў спорт. Іншыя дзеткі збіралі кубікі і канструктары, а наш юны герой ужо гуляў у футбол. У школе таксама ўсё склалася ладна, прадметы даваліся лёгка, хлопец вучыўся на “выдатна” і заўжды знаходзіў вольны час на трэніроўкі на стадыёне. Хакей, футбол, валейбол сталі яго любімымі відамі спорту.
Асобная старонка школьнай біяграфіі Улада – ваенна-патрыятычны клуб “Віцязь”. Так супала, што суседам сям’і таленавітага юнака аказаўся кіраўнік аб’яднання Уладзімір Матусевіч. І ўжо з першага класа Улад быў у курсе усіх спраў клуба, вучыўся маршыраваць і разбірацца ў нюансах ваеннага жыцця. А ў старэйшых класах хлопца ўвогуле абралі камандзірам “віцязяў”. Між іншым, менавіта ў клубе, падчас аднаго з паходаў, юнак знайшоў і сваё любімае месца на Карэліччыне каля вёскі Крынкі. “Там проста неверагодна! З ваенных часоў засталіся акопы, паўсюль дзікая прырода. Па магчымасці я бы туды вяртаўся кожны год!” – узгадвае Улад.
Але вернемся да спорту, дакладна – да хакею. Менавіта з ім у нашага героя звязана асаблівая гісторыя. У той час у Луках яшчэ не было сваёй хакейнай каробкі, толькі імправізаваная пляцоўка. І Улад проста бегаў з клюшкай па лёдзе. Адзін знаёмы сям’і заўважыў гэта і прапанаваў хлопчыку на час канькі. Але маці спачатку выказалася супраць, бо ёй хакей падаваўся даволі траўматычным відам спорту. Прайшло няшмат часу, бацькі бачылі, што інтарэс Улада не згасаў, і аднойчы Дзед Мароз прынёс хлопчыку запаветныя канькі. Так у шэсць год Улад пачаў сваю хакейную “кар’еру”. За некалькі дзён навучыўся катацца, ды так, што старэйшыя дзеці заўважылі маленькага спартсмена і ўзялі з сабой трэніравацца. Мінулі гады, і Улад стаў адным з лепшых гульцоў і капітанам не толькі школьнай каманды, але і зборнай раёна.
– Але, безумоўна, нічога б не атрымалася, каб не нашы трэнеры Уладзімір Матусевіч і Уладзімір Грэмяка, – дадае Улад. – Яны не шкадуюць на нас сіл і часу, толькі б мы прыходзілі і займаліся. І галоўнае, трэнеры бачаць у кожным з нас патэнцыял і вераць у тое, што мы здольныя дасягнуць неверагодных вынікаў. А нашы перамогі на рэспубліканскіх спаборніцтвах — лепшы таму доказ. Памятаю, у 2015 годзе, калі мы ўзялі “золата” Беларусі, я нават заплакаў”.
Дарэчы, падчас выпускнога ў чацвёртым класе Улад заявіў бацькам, што стане прафесійным хакеістам, увойдзе ў зборную Беларусі і выйграе чэмпіянат свету. Праўда, у адзінаццатым класе жаданні змянілі накірунак. Улад хоча звязаць лёс з эканомікай. Але спорт ён не будзе закідаць і ўжо зараз плануе выступаць за будучую ВНУ на спаборніцтвах і, увогуле, жыць цікава і актыўна.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара