На месцы катастрофы польскага самалёта дагэтуль дзяжурыць міліцыя
25.08.2010 13:52
—
Новости Мира
|
Карэспандэнт "Звязды" наведаў пад Смаленскам месца, дзе 10 красавіка загінуў прэзідэнт Лех Качыньскі з жонкай і яшчэ 94 выбітныя палякі. Прайшло ўжо чатыры месяцы, а сюды штодня працягваюць ісці людзі. Месца катастрофы лёгка знайсці, едучы ў Смаленск. Па-першае — па сігнальных агнях сумнавядомага ваеннага аэрапорта. Па-другое — па вянках, кветках і знічках, якія вісяць на дрэвах каля самай дарожнай паласы.
Нават не разбіраючыся ў тонкасцях авіяцыі, можна зрабіць выснову пра ўзровень смаленскага "ваеннага" аэрапорта. Пры самай дарозе — жоўтыя сігнальныя агні. З трох гараць толькі два. Нездарма кажуць, што адразу пасля трагедыі супрацоўнікі аэрапорта кінуліся ўкручваць лямпачкі... Я не ведаю, на чым павінны мацавацца сігнальныя агні ў аэрапорце, але тут яны абы-як прыкручаныя дротам да счарнелых ад часу калоў. Другі шэраг агнёў вісіць на старым плоце — я пасаромеўся б мець такі ў сябе на лецішчы. Самалёт упаў за якія 150 метраў ад трасы — абапал дарогі зламаныя, нават зрэзаныя корпусам самалёта верхавіны дрэў. Каля самай трасы ў роўчыку — вытаптанае месца, дзе ляжаць вянкі і кветкі, стаяць знічкі. Чамусьці большасць вянкоў — ад рознага чыну расійскіх уладных структур. Польскія — далей, непасрэдна каля месца падзення. Тут жа, ля дарогі, стаіць партрэт прэзідэнцкай пары з запацелым шклом... Адсюль да месца крушэння вядзе некалькі грунтоўна пратаптаных сцежак — у чароце, па гразі. З іншага боку да месца аварыі выкладзена дарога бетоннымі плітамі — па іх пад'язджала спецтэхніка. Ля месца крушэння і цяпер кругласутачна дзяжурыць міліцыя. Пабачыўшы гасцей, міліцыянты нават не выйшлі з машыны (накрапваў дожджык). Іх задача — пільнаваць, каб тут не корпаліся людзі. Ахоўнікі парадка кажуць, што знаходзяцца тут ужо 4 месяцы — ад самага крушэння. Загад — ахоўваць гэтае месца да сканчэння польскага расследвання, на выпадак, калі палякі захочуць яшчэ раз агледзець месца аварыі, каб усё заставалася некранутым. Аднак што тут ужо аглядаць — усё забранае дарэшты, на зямлі не засталося зусім нічога. За якія метраў трыццаць — стыхійна ўтвораны мемарыял: валун, крыжы, польскія сцягі, свечкі, знічкі. Па таблічках на крыжах можна пабачыць, што тут пабывалі людзі з розных польскіх гарадоў. На адной з таблічак чытаю па-польску: "Пане Прэзідэнце, мы памятаем, што павінны захоўваць твае ідэі для Польшчы". На іншай — "Польскім патрыётам, смерць якіх пераадолела фальш гісторыі, паказаўшы свету трагедыю палякаў, бязвінна забітых у Катыні". Месца трагедыі пакідае свінец у душы. Як можна было саджаць прэзідэнцкі самалёт у такой глушы, на дабіты савецкі аэрапорт пасярод балота?! Як сталася так, што ўся кіруючая эліта нацыі сабралася разам на адным борце, зробленым 20 гадоў таму ў неіснуючай ужо краіне? Чаму не застаўся жывы ніводзін з 96 польскіх патрыётаў, калі часцяком хоць некалькі чалавек выжываюць і ў страшнейшых катастрофах? Няма ніякага сумніву, што тут з часам будзе мемарыял. І палякі, прыязджаючы аддаць даніну памяці ў Катыні, будуць абавязкова схіляць галовы ў хвіліне маўчання і тут. Але барані Бог хоць каго больш садзіцца ў гэтым страшным аэрапорце. Хоць міліцыянты і сказалі мне: "Ну так, ён і далей будзе функцыянаваць. Па меры неабходнасці". Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нават не разбіраючыся ў тонкасцях авіяцыі, можна зрабіць выснову пра ўзровень смаленскага "ваеннага" аэрапорта. Пры самай дарозе — жоўтыя сігнальныя агні. З трох...
|
|