У Кіеве ўжо другі тыдзень трываюць акцыі пратэсту, распачатыя 21 лістапада, калі ўрад Украіны прыняў рашэнне аб адмове падпісваць на Віленскім саміце Ўсходняга партнёрства пагаднення пра асацыяцыю з Еўрасаюзам. Праз тыдзень і літаральна за адну ноч нешматлікі пратэст моладзі перарос у мільённую акцыю непакоры і справакаваў палітычны крызіс. На такім фоне ў Кіеве праходзіць міністэрская канферэнцыя Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), у якой сёлета старшынствуе Украіна.
Украіна, якая падчас апошніх выбарчых кампаній зноў і зноў апыналася на мяжы расколу праз моўнае пытанне ці палітычныя ўпадабанні, зараз аб'ядналася, абураная сілавым разгонам студэнтаў у ноч на 30 лістапада, калі дзесяткі людзей былі затрыманыя, больш за 20 — гаспіталізаваныя, а яшчэ 24 актывісты зніклі бяз вестак.
«Людзі не могуць ім прабачыць кроў дзяцей. Яны перайшлі апошнюю мяжу. Колькі можна цярпець — карупцыя, хабарніцтва… Яны нахабна крадуць нашыя падаткі, пазбаўляюць нашу моладзь надзей, а цяпер яшчэ іх і збіваюць», — кажа кіеўлянка Аксана. Яна — індывідуальны прадпрымальнік, мае 22-гадовую дачку. Сама Аксана на майдан Незалежнасці не хадзіла, але стрымаць сваю дачку не змагла — тая зараз працуе валанцёрам на плошчы.
На наступны дзень пасля разгону, паводле экспертных ацэнак, на вуліцы Кіева і практычна усіх абласных цэнтраў краіны выйшлі паўтара мільёна грамадзян. Яшчэ праз дзень некалькі заходніх абласцей абвясцілі страйк, да якога пачалі далучацца і прадпрымальнікі. Пад ціскам грамадзян прэм'ер Мікалай Азараў і прэзідэнт Віктар Януковіч вымушаныя былі асудзіць жорсткасць дзеянняў спецпадраздзялення «Беркут» і паабяцалі разабрацца.
Тым часам з ініцыятывы правакатараў, якія хавалі свае твары і былі ўзброеныя ланцугамі, была арганізаваная спроба захапіць Адміністрацыю прэзідэнта. Вынік — больш за 50 журналістаў жорстка збітыя і параненыя шумавымі гарматамі, 9 выпадковых сведкаў падзеі засуджаныя да 2 месяцаў пазбаўлення волі. Правакатары дагэтуль не апазнаныя.
Гэтымі днямі людзі блакуюць будынак ураду з патрабаваннем адстаўкі ўсяго складу Кабінету міністраў. Правадніком грамадзянскага настрою становіцца парламенцкая апазіцыя, але і ейныя высілкі пакуль безвыніковыя — для адстаўкі ўраду Азарава падчас галасавання ў парламенце не хапіла 40 галасоў. Сітуацыя напальваецца, а прэзідэнт з'язджае з візітам у Кітай.
Грамадзяне стаяць удзень, і ўначы. Для абароны шматысячнага пратэсту ад «Беркуту» грамадскія актывісты збудоўваюць барыкады па перыметру майдана Незалежнасці, ствараюць грамадскую ахову, каб пазбегнуць пранікнення правакатараў, мабільныя групы медыцынскай дапамогі, пункты харчавання. Былыя воіны-інтэрнацыяналісты абвясцілі поўную мабілізацыю — яны гатовы стаць ланцугом паміж міліцыяй і народам. У небяспечныя моманты ўкраінцы заўсёды дэманстравалі высокі ўзровень самаарганізацыі. Праўда, цяпер ужо ўсе свае дзеянні актывісты плошчы каардынуюць з апазіцыяй.
Дзверы сваіх храмаў для кругласутачнага прытулку адкрылі Украінская грэка-каталіцкая царква і Украінская праваслаўная — Кіеўскага Патрыярхату (яе не вызнае Руская праваслаўная царква). Дарэчы, 30 лістапада менавіта ў Міхайлаўскім манастыры (УПЦ КП) студэнты змаглі схавацца ад міліцэйскіх дубінак.
«Хто перажывае за Украіну, павінен мець цвердую веру, што Украіна будзе Украінай, і не расчароўвацца», — кажа мне 70-гадовы Багдан, які прыехаў з Палтавы і ўжо трэція суткі знаходзіцца на плошчы. Ён захапіў з сабой у Кіеў абярэг — абразок Божай Маці.
«Мы будзем стаяць да канца, мы адстойваем свае правы. Гэтая ўлада пад час выбараў абяцала пачуць кожнага», — далучаецца да нашай гаворкі Алесь, 17-гадовы юнак з Чаркасаў.
Тым часам на плошчы Канстытуцыі каля Вярхоўнай Рады Украіны на першы свой начлег збіраюцца і прыхільнікі ўлады. Яны не такія гаманкія, як удзельнікі акцыі на майдане Незалежнасці, і большасць з іх увогуле адмаўляецца размаўляць. «Мы пратэстуем супраць апазіцыі, якая намагаецца незаконна захапіць уладу», — пераконвае мяне 30-гадовы Алег з Луганску.
«А я — студэнт, мне проста патрэбныя грошы», — прызнаецца кіеўлянін Андрэй.
«Адэса вас ненавідзіць. І калі б у мяне была магчымасць, я б вас «закрыла». А мы стаім сёння за легітымны ўрад Азарава. Мне ён вельмі падабаецца — ён шчыра прызнаўся народу, што мы не можам ісці у ЕС, таму што мы не гатовы да гэтага. Я, праўда, не ведаю, чаму ён адразу гэтага не сказаў — год, два гады таму. Бойцеся Партыі рэгіёнаў!», — заяўляе Ніна Качаноўская, якая, як пазней высветлілася, у Адэсе ўдастоена народнага звання «міс Барыкада» за свае актыўныя публічныя акцыі ў падтрымку Партыі рэгіёнаў.
Між тым, эксперты канстатуюць ва Ўкраіне наяўнасць «рэвалюцыйнай сітуацыі» і звяртаюць увагу на высокую верагоднасць правакацый, пры чым не толькі ўнутраных, але і знешніх.
«У бліжэйшыя дні адбудзецца візіт Януковіча ў Расію, дзе, відавочна, будзе абмяркоўвацца гэтая сітуацыя. Ён будзе прасіць не толькі фінансавую дапамогу, а, магчыма, і на ўзроўні спецслужбаў. Больш таго, Расія можа згуляць і без Януковіча, бо разумее, што змяніць грамадскую думку ва Ўкраіне на сваю карысць ужо немагчыма, таму могуць быць арганізаваныя правакацыі, якія будуць больш гучнымі, чым збіццё студэнтаў, аж да забойства аднаго з вядомых прадстаўнікоў партыі ўлады. Гэты фактар няварта выключаць, таму што ўжо ёсць паведамленне, што ў аднаго з дэпутатаў Партыі регіёнаў абстралялі машыну», — гаворыць дырэктар Міжнароднага інстытута дэмакратый Сяргей Таран.
Паводле ягоных слоў, зараз сітуацыя ў краіне больш складаная, чым у 2004-2005 гадах, калі праз фальсіфыкацыі на прэзідэнцкіх выбрах выбухнула Памаранчавая рэвалюцыя.
«Зараз няма выразнага механізма змены ўлады. Тады былі выбары, і ўсё было зразумела. Зараз гэта магчыма толькі шляхам пазачарговых выбараў і парламента, і прэзідэнта. І пытанне да апазіцыі, ці гатова яна да такога развароту падзей — псіхалагічна, маральна і арганізацыйна», — тлумачыць палітолаг.
Да Кіева зараз сцягваюцца дадатковыя міліцэйскія і вайсковыя сілы. Паводле судовага рашэння, дэманстранты павінны на працягу пяці дзён зняць блакаванне будынкаў, у якіх размяшчаюцца органы ўлады. Немагчыма прагназаваць, чым і калі скончыцца гэтае супрацьстаянне.
Бачаць небяспеку і папярэднія прэзідэнты краіны. Леанід Краўчук, Леанід Кучма і Віктар Юшчанка заклікаюць сабраць агульнанацыянальны круглы стол і аднавіць перамовы з Еўрасаюзам.
«Ва Ўкраіне разгартаецца глыбокая палітычная крыза, якая можа мець цяжкія наступствы для ўсёй украінскай дзяржавы, яе тэрытарыяльнай цэласнасці, незалежнасці і суверэнітэту», — падкрэслілі яны ў сумеснай заяве.
Першапрычынай гэтага крызісу экс-прэзідэнты назвалі «несістэмную працу ўраду па падрыхтоўцы да заключэння пагаднення аб асацыяцыі з Еўрасаюзам». На іх думку, рашэнне пра непадпісанне дакументу было паспешлівым і неаргументаваным.
Краўчук, Кучма і Юшчанка выказалі салідарнасць з сотнямі тысячаў ўкраінцаў, мірныя зеянні якіх, на іх думку, сведчаць пра грамадзянскую сталасць, мужнасць, дэмакратызм і веру ў іх здольнасць змяніць сваё жыццё і жыццё краіны.
«Упершыню ўкраінскі народ выйшаў на вуліцы з непалітычным патрабаваннем, якое мае беспрэцэдэнтную масавую падтрымку. Іх шчырая адданасць еўрапейскаму выбару, дэмакратычным каштоўнасцям, патрыятызм выклікаюць вялікую павагу», — падкрэслілі экс-прэзідэнты.
Былыя кіраўнікі Украіны таксама заклікалі ўладу ўстрымацца ад сілавога разгону дэманстрантаў і ўвядзення надзвычайнага становішча ў краіне, а апазіцыю і грамадзян — ад заклікаў да захопу адміністратыўных будынкаў і непакоры асобных гарадоў цэнтральнай уладзе. Вось толькі ці будзе пачуты голас экс-прэзідэнтаў?..