Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў (на снимке) наклаў мараторый на некаторыя палажэнні законапраекта аб правядзенні зямельнай рэформы. Вырашана абмеркаваць спрэчныя папраўкі і растлумачыць насельніцтву пазіцыю ўладаў адносна іх.
Папраўкі ў Зямельны кодэкс былі ўнесеныя парламентам Казахстана ў канцы 2015 года. Згодна з імі, з 1 ліпеня 2016-га зямельныя ўчасткі сельгаспрызначэння могуць прадавацца з аўкцыёну грамадзянам гэтай краіны. Тэрмін арэнды сельскагаспадарчых зямель замежнікамі павялічваецца з 10 да 25 гадоў.
Нурсултан Назарбаеў раскрытыкаваў органы дзяржаўнай улады за недахопы ў растлумачэнні грамадзянам законаў, якія прымаюцца, і ў прыватнасці паправак у Зямельны кодэкс. «Паглядзіце, якая інтэрпрэтацыя прыманага закона аб зямельнай рэформе, — цытуе прэзідэнта Казахстана агенцтва Kazinform. — У ім не сказана нічога пра тое, што мы прадаем зямлю замежнікам — няма такога. А прыватызаваць казахстанскім грамадзянам, каб зямля мела ўласніка, а яе не эксплуатавалі датуль, пакуль зямля ператворыцца ў пясок, — вось наша задача, на карысць людзей зямля каб працавала. Пазахоплівалі землі латыфундысты: адны выкарыстоўваюць, іншыя не выкарыстоўваюць, зямля зарастае бур'яном... А гэта ўсё інтэрпрэтавана па-іншаму. Не тлумачацца ў даступнай форме правы і абавязкі ў сферы праваадносін, і гэта прыводзіць да эксцэсаў».
Прэзідэнт стварыў адмысловую камісію, якая арганізуе грамадскае абмеркаванне і зоймецца растлумачэннем сутнасці прапанаваных зменаў у Зямельны кодэкс.
Сельская гаспадарка з'яўляецца ў Казахстане адной з прыярытэтных галін, на яе ўскладаюць надзеі як на «стабільнае звяно росту эканомікі». Урадам Казахстана вызначаныя тры прыярытэты ў развіцці вёскі: забеспячэнне харчовай самадастатковасці, павелічэнне вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі на экспарт і стварэнне «годнага асяроддзя пражывання». Штогод сельскай гаспадарцы выдзяляецца больш як 200 мільёнаў долараў датацый. Аднак субсідый недастаткова, патрэбныя сур'ёзныя інвестыцыі. Для прыцягнення іх і ўводзіцца прыватная ўласнасць на зямлю.
Паводле даных сацыялагічных апытанняў, 70% фермераў Казахстана выказаліся за прыняцце паправак у Зямельны кодэкс. Цяпер у краіне працуе 115 тысяч фермерскіх гаспадарак, за мінулы год іх колькасць вырасла на 16 тысяч.
Як зазначае Раміль Карымаў, эксперт групы Investpoint, зараз казахстанская сельская гаспадарка мае патрэбу менавіта ў стратэгічных інвестарах. «Інвестыцыі ў АПК можна аднесці да ліку рызыкоўных з-за нізкай рэнтабельнасці і высокай ступені інертнасці галіны. У прадпрымальнікаў на месцах часцяком адсутнічае выразны бізнес-план і сур'ёзны прадпрымальніцкі досвед. Інвестар жа, наадварот, мае распрацаваны план дзеянняў і дастатковую колькасць сродкаў для рэалізацыі сваіх праектаў», — кажа Карымаў.