Рыцарскі гонар. 21.by

Рыцарскі гонар

02.07.2010 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Калона ў вёсцы Палонск Пружанскага раёна ў гонар рыцара Грунвальдскай бітвы.

У вёсцы Палонск, што ў Пружанскім раёне, стаіць помнік, які мясцовыя жыхары звязваюць з рыцарам Завішай Чорным, удзельнікам Грунвальдскай бітвы 1410 года. Помнік (вялікі цагляны стоўп на цагляным жа высокім падмурку) амаль невядомы гісторыкам і ўладам: яго няма ў спісах гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Пры набліжэнні 600-годдзя Грунвальдскай бітвы выяўляюцца новыя сведчанні аб героях адной з велізарных сечаў Сярэднявечча. Цяпер мы добра ведаем, якую ролю мела гэтая перамога для нашага народа. Пытанне стаяла рубам: быць ці не быць, паўтарыць лёс племені прусаў, якіх крыжаносцы знішчылі і ўзялі іх імя для сваёй дзяржавы, альбо застацца вольнымі.

Завіша Чорны насапраўды выдатны ваяр. Нездарма яго імя не раз сустракаецца на старонках рамана класіка польскай літаратуры Генрыка Сянкевіча «Крыжаносцы». Аналізуючы розныя гістарычныя крыніцы, можна прасачыць вехі біяграфіі Завішы Чорнага.

Ён нарадзіўся прыкладна ў 1379 годзе. Служыў у войску Свяшчэннай Рымскай імперыі. Даведаўшыся аб вайне з крыжакамі, паспяшаўся на радзіму і прыняў чынны ўдзел у Грунвальдскай бітве. Пасля выконваў дыпламатычныя даручэнні польскага караля Ягайлы на Саборы ў Канстанцы, пры англійскім і французскім каралеўскіх дварах, зноў служыў у Свяшчэннай Рымскай імперыі. Славу непераможнага ваяра атрымаў не толькі ў бітвах, але і на турніры ў Перпіньяне, калі адзіным ударам выбіў з сядла знакамітага ва ўсёй Еўропе рыцара Іаана Арагонскага. Загінуў Завіша Чорны ў 1428 годзе пры няўдалай спробе вызваліць ад турак Галубацкую крэпасць на Дунаі.

Якое ж дачыненне мае Завіша да Пружаншчыны? У надрукаваных у кнізе «Памяць. Пружанскі раён» нататках адна з самых дасведчаных краязнаўцаў Вера Церахава піша: «Старажылы ўспаміналі, як калісьці ім расказвала польская настаўніца Яніна Суша, што Завіша Чорны разам са сваімі сёстрамі жыў у Палонску, дзе ў яго быў маёнтак. Апрануты Завіша заўсёды быў у чорнае. На плячах насіў шырокую чорную накідку. Рыцар быў строгі, бясстрашны. Мячом валодаў выдатна. Ворагі яго баяліся. У Палонску ў яго быў абсталяваны пакой, сцены якога былі завешаны зброяй. Загінуў рыцар у вайне з туркамі ў 1428 годзе. Пазней уладары маёнткаў у Палонску і Магілёўцах паставілі яму помнікі».

Мясцовыя старажылы ўпарта звязваюць помнік на кургане з Завішай. Больш за тое, лічыцца, што на суседнім кургане і забілі рыцара, і мясцовая назва гэтай не вельмі вялікай зараз горкі – Шыбельніца. Дарэчы назва вёскі – Палонск – пайшла менавіта ад таго, што тут ваяр трапіў у палон.

Падчас пошукаў мы звярнуліся да метадыста у раённы аддзел культуры, які адказвае за ахову гісторыка-культурнай спадчыны. Вельмі дасведчаны малады чалавек добра ведае аб падобным помніку ў вёсцы Магілёўцы (15 кіламетраў ад Палонска), якая таксама была ўладаннем Завішы Чорнага. Манументальнае збудаванне ў 2006 годзе ўключана ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, на ім узноўлены крыж. Але аб калоне ў Палонску спецыяліст упершыню пачуў ад нас.

Між тым «за польскім часам» за гэтай калонай (менавіта як за мемарыяльнай у гонар Завішы) і ўсімі пахаваннямі, месціўшыміся побач, даглядалі ўлады і вучні школы на чале з дырэктарам Сасноўскім. Дарэчы, настаўнік пасля Вялікай Айчыннай вайны згінуў у нетрах НКУС за быццам бы супрацоўніцтва з гітлераўцамі – ён вучыў дзяцей падчас акупацыі, як рабіў гэта і пры паляках, і пры першых саветах. Вакол помніка знаходзілася шмат вялікіх камянёў, якія клалі над магіламі. На адным з іх быў след дзіцячай нагі. Людзі казалі, што гэта Божы след, і ў каго хварэлі вочы, тыя прамывалі іх вадой з гэтага слядка. Весь курган з помнікам і каменнямі быў абсажаны лістоўніцамі.

Пасля вайны за помнікам ніхто не даглядаў. Больш таго, у 1960 годзе на месцы кургана ўзвялі будынак праўлення калгаса імя Чкалава. Калона «схавалася» ад чужога вока – зараз з дарогі яе нельга ўбачыць. У 1962 годзе з помніка знялі крыж, у 1975 годзе камяні вывезлі з магіл. А на тым месцы, дзе стаяў палацык Завішы, размясцілі жывёлагадоўчую ферму.

Зараз ад усёй старажытнасці вёскі застаўся толькі помнік. І той у вельмі непрывабным стане. Раённым уладам, якія сапраўды дбаюць аб знаках нашай гісторыі, яшчэ можна выправіць становішча. Безумоўна, да юбілею Грунвальда не паспець, але не ўсё патрэбна рабіць менавіта да юбілею.

Автор: Юрий Рубашевский

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У вёсцы Палонск, што ў Пружанскім раёне, стаіць помнік, які мясцовыя жыхары звязваюць з рыцарам Завішай Чорным, удзельнікам Грунвальдскай бітвы 1410 года. Помнік...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика