Ігнату Буйніцкаму ад землякоў

22.08.2011 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ігнату Буйніцкаму ад землякоў

Учора споўнілася 150 год з дня нараджэння заснавальніка беларускага прафесійнага тэатра Ігната Буйніцкага.

 

«Але ў першую чаргу, гаворыцца ў віншавальным звароце старшыні аблвыканкама Аляксандра Косінца,— ён увайшоў у гісторыю краіны як патрыёт і грамадзянін, які шмат зрабіў для абуджэння ў нашага народа пачуцця ўласнай годнасці, адраджэння нацыянальнай культуры. Сімвалічна, што з 1996 года прэмія яго імя прысуджаецца за творчыя дасягненні артыстам драматычных тэатраў. 

 

Віцебшчына ганарыцца сваім знакамітым земляком. Вялікую работу па ўшанаванні памяці Ігната Буйніцкага пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў праводзяць краязнаўцы-энтузіясты з Глыбокага і Празарокаў, настаўнікі і вучні мясцовай школы. Увекавечанне яго імя ў назве вуліцы раённага цэнтра, стварэнне музея, будзем спадзявацца,  сталі першымі крокамі ў напрамку адраджэння знакамітых «беларускіх вечарынак», якія дапамогуць сучаснай моладзі дакрануцца да жывой крыніцы беларускай культурнай спадчыны».

 

У мінулую суботу на малой радзіме знакамітага земляка прайшло музычна-тэатральнае свята «Ігнат Буйніцкі ў памяці народнай». Апоўдні сам Ігнат Цярэнцьевіч са сваёй трупай выйшаў на ўскраіну вёскі з караваем сустракаць гасцей, сярод якіх былі старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат і яго намеснік па сацыяльных пытаннях Галіна Унуковіч.

 

Пра свята ў Празароках пісалі газеты, паведамлялася ў радыёэфіры. Мажліва, таму, праязджаючы ля вёскі, многія аўтамабілісты сігналілі, выказваючы павагу Ігнату.

 

Удзельнікі свята накіраваліся ў цэнтр вёскі, дзе знаходзіцца магіла Буйніцкага. Праліўны дождж не перашкодзіў  шэсцю. А ля самага помніка засвяціла сонейка...

 

Як зазначыла падчас мітынгу Галіна Унуковіч, культурную спадчыну Буйніцкага беражліва захоўваюць настаўнікі і вучні Празароцкай школы. У школьным музеі заснавальніка беларускага тэатра ёсць афішы спектакляў, якія ставіў Буйніцкі, здымкі яго трупы, успаміны празароцкіх старажылаў. ёсць даволі цікавыя, малавядомыя дакументы. Напрыклад, царкоўная ведамасць – пісьмовае сведчанне таго, што католік па веравызнанні Ігнат Буйніцкі ахвяраваў грошы на будаўніцтва царквы, якая існуе і сёння.
Распрацаваны тэматыка-экспазіцыйны план музея Буйніцкага ў Празароках. Мажліва, ужо да канца гэтага года будзе гатова адна з трох музейных залаў.  

 

Вольга Гінько пра Празарокі можа гаварыць бясконца. На месцы былой сядзібы Буйніцкіх, на думку Вольгі Дзмітрыеўны, можна было б устанавіць  мемарыяльную дошку, у Празароках аднавіць заезджы двор, адкрыць тэатральную пляцоўку Ігната Буйніцкага, гасцініцу, карчму, дзе можна было б частаваць гасцей стравамі, прыгатаванымі па старадаўніх рэцэптах, што захаваліся ў вяскоўцаў.

 

У свой час Ігнату Цярэнцьевічу прысвячалі вершы Янка Купала, Змітрок Бядуля. На свяце ў Празароках свае творы, адрасаваныя знакамітаму земляку, чыталі паэты Віталь Гарановіч і Алесь Жыгуноў.
Да захаду сонца доўжылася святочная праграма. Выступалі ўзорны лялечны тэатр Зарубінскага СДК, народны тэатр фальклору «Цярэшка» і народны ансамбль народнай песні «Крынічанька», фальклорныя калектывы вёсак Шо, Празарокі і іншыя.
На наступны дзень святочная праграма прадоўжылася ў Глыбоцкім гарадскім цэнтры культуры.

Дзіяна Берніковіч, фота аўтара, «НС».

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора споўнілася 150 год з дня нараджэння заснавальніка беларускага прафесійнага тэатра Ігната Буйніцкага. «Але ў першую чаргу, гаворыцца ў віншавальным звароце...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика