Раймунд Зямацкі: расстраляны за тое, што зачытаў паўстанніцкі маніфест. 21.by

Раймунд Зямацкі: расстраляны за тое, што зачытаў паўстанніцкі маніфест

25.11.2013 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Прыпамінаючы падзеі паўстання 1863 года, нельга не ўзгадаць заклік паўстанцаў, пра які пісаў Уладзімір Караткевіч у сваім знакамітым рамане “Каласы пад сярпом тваім”: “Каго любіш? – Люблю Беларусь! – То ўзаемна!”

Такім ці падобным воклічам 150 год таму абаронцы чалавечай і нацыянальнай годнасці выказвалі адданасць сваёй Бацькаўшчыне.

У шэрагах інсургентаў змагалася шмат нашых землякоў: паэт Францішак Багушэвіч і яго брат Апалінар, дваране Юльян Бакшанскі з Тупальшчыны і Антон Ясевіч з Кушлянаў, смаргонскія мяшчане Сцяпан Паўлоўскі і Іосіф Якубоўскі

У міжваенны час мінулага стагоддзя на рынкавым пляцы нашага горада знаходзілася магіла паўстанца Апановіча, які на гэтым месцы быў у 1863 годзе пакараны смерцю праз павешанне. Апекаваліся тады  мемарыяльнай мясцінаю мясцовыя грамадскія арганізацыі і школьная моладзь, але, на жаль, да сённяшніх дзён магіла не захавалася.

Што цікава, праз паўтары сотні гадоў ад дня пачатку нацыянальна-вызваленчага паўстання супраць царызму знаходзяцца новыя імёны патрыётаў са Смаргоншчыны, якія вартыя нашай удзячнай памяці.

Адданая Радзіме сям’я


На касцёле святога Рафала ў Вільні, пры ўваходзе, умураваная памятная дошка, дзе на польскай мове пазначана: “Светлай памяці, ксёндз Раймунд Зямацкі. Нарадзіўся ў Лоску 19 верасня 1810 года. Удзельнік паўстання 1831 года. Вікары парафіі святога Рафала ў Вільні, пазней пробашч у Вавёрцы Лідскага павета, каплан-герой, загінуў смерцю пакутніка, расстраляны на Лукішскім пляцы ў Вільні 5 чэрвеня 1863 года”.

У гэтым тэксце мемарыяльнай шыльды ёсць толькі адна недакладнасць. На самой справе Раймунд Мікалай Зямацкі нарадзіўся ў Дахнах пад Крэвам, а ў Лоску быў толькі ахрышчаны ў парафіяльным касцёле.

 Яго бацька, Андрэй Зямацкі, быў спадчыннікам 12 валокаў зямлі ў маёнтку Дахны ў Ашмянскім павеце. Дарэчы, у даўнія часы Дахны складаліся з такіх частак, як Рымценішкі, Дашкоўшчына, Астэйкаўшчына і Лукашоўшчына. У 16 стагоддзі маёнтак належаў да Дашковічаў, Рымцянёў і Дахновічаў. Ад Дашковічаў у 1683 годзе яго набываюць Камінскія, якія з 1774 года валодаюць усімі часткамі дадзенага мясцовага паселішча. У 19 стагоддзі двор належаў Зямацкім і знаходзіўся ў пяці вёрстах ад гміннага цэнтра Крэва.

Шляхціц герба “Равіч” Андрэй Зямацкі з’яўляўся ротмістрам Ашмянскага павета і гэты тытул здабыў у шэрагах Тадэвуша Касцюшкі. З жонкай Катарынай з Камінскіх меў чатырох сыноў: Яна, Раймунда, Ёзафа і Францішка. Старэйшых сваіх сыноў, Яна і Раймунда, спачатку аддаў на вучобу да айцоў трынітарыяў у Маладзечна, а пасля адправіў у Віленскі ўніверсітэт.

У час паўстання 1831 годзе загінуў Ёзаф, а Раймунд у адной з сутычак, якая дашчэнту разбіла паўстанцаў, атрымаў вельмі цяжкія раненні. Так як Дахны былі пад наглядам, то ён туляўся па навакольных дварах, таксама баючыся навесці небяспеку на гасцінных гаспадароў. На сямейным савеце было вырашана: “для схавання слядоў” паступіць у Віленскую духоўную семінарыю.

Капланскае асвячэнне ён атрымаў у 1838 годзе і да 1845 года выконваў абавязкі вікарыя ў касцёле святога Рафала ў Вільні, потым быў вікарыем пружанскага касцёла. Ад 1849 года выконваў абавязкі пробашча парафіяльнага касцёла ў мястэчку Вавёрка на Лідчыне.

Час загаіў цялесныя раны, душпастырская праца прыносіла веру ў дабро таго, што рабіў. А вось маральныя раны памкненняў 1831 года, якія не збыліся, не зажывалі. Даўнейшыя падзеі ажылі з надыходам 1863 года.


Зачытаў паўстанцкі маніфест

У ноч з 24 на 25 студзеня атрымаў загад зачытаць з амбона ў найбліжэйшую нядзелю паўстанцкі маніфест, які надаваў жыхарам вольнасць і зямлю, прызываў мясцовы люд абараняць свае правы і Айчыну. Маніфест Рады Народаў ў Вавёрскай парафіі быў зачытаны ў нядзелю, 27 студзеня 1863 года.

А ў хуткім часе, 15 лютага, за гэты смелы учынак Раймунд Зямацкі быў арыштаваны мясцовым ураднікам. Спачатку быў высланы да Ліды, потым да Вільні і асаджаны ў вязніцу кляштара пры касцёле святога Духа. Ксёндз Раймунд Зямацкі быў публічна расстраляны па загадзе генерал-губернатара Мураўёва на Лукішскім пляцы 5 чэрвеня 1863 года.

Перапахавалі на трохкрыжовай гары

Пляменнік ксяндза Раймунда Зямацкага, вядомы прафесар Віленскага ўніверсітэта Ёзаф Зямацкі, сустракаўся ў 1889 годзе са сведкай пахавання дзядзькі. Жанчына паведаміла Ёзафу Зямацкаму, што цела ксяндза ў ноч пасля расстрэлу была выкапанае з магілы на Лукішскім пляцы і перапахаванае на Трохкрыжовай гары ў Вільні.

Сёння скульптура трох белых мураваных крыжоў на аднайменнай віленскай гары добра бачная з розных куткоў старога горада старажытнай сталіцы ВКЛ. Гэта не толькі адзін з напамінаў пра пакутніцкую смерць за хрысціянскую веру манахаў-францішканцаў, але і месца апошняга вечнага прытулку ахвяр паўстання 1863 года. У тым ліку і нашага земляка з крэўскай старонкі.

Уладзімір ПРЫХАЧ, Смаргонь.

Фота забяспечана аўтарам.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прыпамінаючы падзеі паўстання 1863 года, нельга не ўзгадаць заклік паўстанцаў, пра які пісаў Уладзімір Караткевіч у сваім знакамітым рамане “Каласы пад сярпом...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика