Пра каханне і сацыяльнае паходжанне. 21.by

Пра каханне і сацыяльнае паходжанне

31.10.2014 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


ГЭТЫЯ жыццёвыя гісторыі і іх удзельнікі — НЕ З НАШАГА РАЁНА. Таму не трэба шукаць прататыпаў на Мядзельшчыне: усе супадзенні (калі такія будуць) — выпадковыя.

Сяброўка — настаўніца вясковай школкі ў суседнім раёне — нядаўна тэлефанавала. Пахвалілася, што мае “ўнука”: сёлета да яе ў першы клас прыйшоў хлопчык, бацькоў якога вучыла, калі толькі пачынала настаўнічаць. А потым расказала гісторыю, у праўдзівасць якой я не адразу і паверыла…

…Хлопчык і дзяўчынка пазнаёміліся 1-га верасня 1996-га. Акурат тады, як маладая настаўніца (тая самая мая сяброўка) пасадзіла гэтых першакласнікаў за адну парту. Пасябравалі. І тады не мела значэння, што мама хлопчыка — галоўны бухгалтар калгаса, а дзяўчынкі — даярка на мясцовай ферме. Не мела тое значэння і ўсе адзінаццаць школьных гадоў, якія прасядзелі за адной партай гэтыя двое. Іх каханне не было сакрэтам для настаўнікаў і аднакласнікаў. Ведалі пра яго і бацькі — і не пярэчылі.

А вось калі праз год пасля школы закаханыя вырашылі пажаніцца, маці сказала хлопцу: “Не будзе маёй нявесткай даярчына дачка. Не паслухаеш — рукі на сябе накладу”. Не палагаднела яна і тады, калі дазналася, што “прэтэндэнтка ў нявесткі” ўжо чакае дзіця. Хлопец паслухаў маці: ці то прывык ва ўсім з ёй згаджацца, ці то пабаяўся, каб і сапраўды да самагубства не дайшло.…Так з нараджэннем малога “прэтэндэнтка ў нявесткі” набыла статус маці-адзіночкі… Хлопчык той жыве з мамай у бабулі-даяркі. Сёлета пайшоў у першы клас. Бацька да гэтага часу не прызнаў сына (але, кажуць, працягвае сустракацца з мамай хлопчыка і дапамагае грашыма). Бабуля-бухгалтарка, жывучы ў адной вёсцы, усе шэсць гадоў ведаць не хоча ўнука. Калі выпадкова сустракае хлопчыка ці яго родных — дэманстратыўна пераходзіць на іншы бок дарогі. І ўсё праз тое толькі, што другая бабуля малога працуе на ферме.

…Нават калі прызнаць, што ёсць на свеце дарослыя хлопцы, якія ўсё робяць, як мама загадала… А таксама матулі, якія (з лепшымі памкненнямі, вядома) псуюць жыццё ўласным дзецям… І таты (мужы тых самых матуль), якія ўсё гэта бачаць, але не пярэчаць жонкам… І маладыя жанчыны, якія згодны гадамі жыць ні ў дзеўках, ні замужам: у няпоўнай сям’і выхоўваць дзіця і працягваць таемна сустракацца з яго бацькам…

…Усё роўна больш як шасцігадовае супрацьстаянне выглядае ненатуральна. А яго прычына дык і ўвогуле здаецца больш прыдатнай ці то да сярэднявечча, ці то да паўднёваамерыканскіх серыялаў.

— Ці не іншае тут што? — не веру я. — Ну, жанчына тая, можа, гарэлку п’е ці паводзіць сябе непрыстойна?

— Не, нічога такога за ёй не заўважалі, — кажа сяброўка. — І ведаеш, што цікава: “прэтэндэнтка ў нявесткі” працуе памочнікам выхавальніка ў вясковым дзіцячым садку, яе каханы — вадзіцелем самазвала ў райцэнтры. Так што адносяцца да адной сацыяльнай групы. Адзінай перашкодай застаецца клятае “сацыяльнае паходжанне”.

— Якое значэнне ў ХХІ стагоддзі мае тое паходжанне? — абураюся. — Вунь у Кейт Мідлтан продкі шахцёрамі былі, і гэта не перашкодзіла ёй выйсці замуж за ўнука каралевы Вялікабрытаніі. А тут — знайшлі праблему на роўным месцы — бухгалтар, даярка…

— Яно ж так, — згаджаецца сяброўка. — Толькі ў іншай бухгалтаркі КСУП ці ААТ гонару часам больш, чым у англійскай каралевы.

 * * *

БЫЛО гэта напрыканцы 80-ых. У вёску да бабулі з дзядулем на канікулы ўнучка-студэнтка прыехала. А можа, і пешшу прыйшла: райцэнтр, дзе з бацькамі жыла дзяўчына, быў зусім побач. Там маці выкладала ў музычнай школе, а бацька быў першым сакратаром райкама партыі. Сям’я жыла ў чатырохпакаёвай кватэры і мела ўласную “Волгу”.

Бабуліна вёсачка была зусім маленькая (тры хаты толькі), без усялякай, як цяпер кажуць, інфраструктуры. Амаль за кіламетр адтуль хадзілі ў райцэнтр — у краму і ў школу. За чатыры кіламетры — у “цэнтр калгаса”: на ферму ці ў мехмайстэрні (на працу), у кантору (сенакосу папрасіць ці камбайн “выпісаць”), на пошту (пенсію атрымаць ды талонаў “на святло” купіць) і ў клуб (на танцы або ў кіно).

Некалькі дзён дзяўчына з хаты амаль не выходзіла — усё нешта чытала ды пісала. А ў суботу бабуля з дзядулем у клуб выправілі (і не пашкадавалі ж — за чатыры кіламетры!) з суседскімі дзяўчатамі: “Адпачні, хопіць над кніжкамі сохнуць!”. Там студэнтка пазнаёмілася з мясцовым хлопцам з вялікай, працавітай сям’і. Адвучыўся ў ПТВ, адслужыў у войску, уладкаваўся ў калгас трактарыстам. Адносіны “закруціліся” хутка — ужо праз месяц у вёсцы гаварылі пра блізкае вяселле.

Да яго, як быццам, і ішло. Толькі бабуля з дзядулем паклапаціліся пра ўнучку — патлумачылі хлопцу, што да чаго. Маўляў, не могуць пажаніцца сын простых людзей і дачка самага большага ў раёне начальніка. Ды і не пара калгасніку такая дзяўчына — разумніца (у інстытуце замежных моў вучыцца!) і прыгажуня. “Вы ж адносіцеся да розных сацыяльных груп,” — тлумачыў дзядуля. “Не бядуй, — супакойвала бабуля. — Ты ж хлопец талковы, сустрэнеш яшчэ добрую дзеўку — магазіншчыцу ці нават загадчыцу фермы.”

…“Разумніца і прыгажуня” закончыла інстытут. Вярнулася ў свой райцэнтр. Больш за дваццаць гадоў выкладае англійскую мову (“У лепшай школе горада,” — хвалілася бабуля суседкам). Падпрацоўвае рэпетытарствам. Жыве з бацькамі-пенсіянерамі ў той самай чатырохпакаёвай кватэры. Замуж так і не выйшла. Праўда, пажыла некалькі месяцаў у грамадзянскім шлюбе. З мужчынам, да таго не аднойчы жанатым і нават не раз судзімым — пра гэта, вядома, бабуля нікому не расказвае. Ды суседкі і так усё ведаюць: да райцэнтра ж — менш за кіламетр.

…“Талковы хлопец” па-ранейшаму працуе ў сельгаспрадпрыемстве. Не аднойчы быў удзельнікам рэспубліканскіх Дажынак — магчыма, вы таксама бачылі яго па тэлевізары. Не адразу, але ажаніўся. Нашмат маладзейшая за яго жонка працуе ў той самай “лепшай школе горада” (я ведаю гэту жанчыну: некалі пазнаёміліся на курсах завучаў. Яна і расказала мне сваю сямейную гісторыю). Гадуюць трох сыноў-школьнікаў. Жывуць у ладзе і згодзе. Пакуль былі танныя крэдыты, паспелі пабудаваць дом на два паверхі (на ўскраіне райцэнтра, якраз ля дарогі з маленькай вёсачкі, у якой па-ранейшаму тры хаты).

Дарогай той ходзяць у бліжэйшую краму пастарэлыя бабуля і дзядуля “разумніцы і прыгажуні”. І хто ведае, што яны цяпер думаюць пра “розныя сацыяльныя групы”.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ГЭТЫЯ жыццёвыя гісторыі і іх удзельнікі — НЕ З НАШАГА РАЁНА. Таму не трэба шукаць прататыпаў на Мядзельшчыне: усе супадзенні (калі такія будуць) — выпадковыя....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика