“Да абароны Айчыны будзь гатовы!”. 21.by

“Да абароны Айчыны будзь гатовы!”

24.05.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


У ПАЗАМІНУЛУЮ суботу, гуляючы па Старым Мядзеле, можна было сустрэць атрад падлеткаў у
камуфляжнай форме. Школьнікі ішлі ў дзве шарэнгі, крокам “з левай”, здавалася, яшчэ трохі — і заспяваюць страявую песню. Што гэта было? Працяг святкавання Дня Перамогі ці гістарычная рэканструкцыя? Не, проста на базе Мядзельскага вучэбна-педагагічнага комплексу яслі-сад-сярэдняя школа прайшла раённая спартыўна-патрыятычная гульня “Зарніца”, прысвечаная пяцідзесяцігоддзю гульні і стагоддзю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Урачыстае адкрыццё мерапрыемства пачалося з узняцця Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Для гэтага ганаровага дзеяння былі абраны юнармейцы ДУА “Гімназія-інтэрнат г. Мядзела” Паліна Крыўко і Аляксей Кароткін.
Усяго ў “Зарніцы” прынялі ўдзел шэсць устаноў адукацыі: “Мядзельскі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад-сярэдняя школа”, “Сярэдняя школа №1 імя Уладзіміра Дубоўкі”, “Гімназія-інтэрнат г. Мядзела”, “Нарацкая сярэдняя школа №1”, “Свірскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” і “Занарацкая сярэдняя школа”.
Удзельнікам трэба было прайсці чатыры спаборніцтва. Сярод іх — выпрабаванні на кемлівасць і сілу, камандныя гульні, індывідуальныя. Самым шматлюдным аказаўся агляду строю і песні “Аты-баты, ішлі салдаты з песняй на парад”, які праходзіў на спартыўнай пляцоўцы па вул. Нарачанскай. У натоўпе ўдзельнікаў хтосьці паўтараў песню, хтосьці маршыраваў на месцы пад уласнае “раз-два”, хтосьці ўслых марыў пра цянёк і марожанае, а між некім узнікла спрэчка, які чын у ваеннага камісара: палкоўнік ці падпалкоўнік?

Удзельнікі хваляваліся, але як толькі выходзілі на пляц, бралі сябе ў рукі. Амаль усе каманды дзейнічалі зладжана, а калі і памыляліся, то — з годнасцю, не збіваліся і завяршалі паказ страявой падрыхтоўкі. Страявыя песні кожны выбіраў сам, але асаблівай папулярнасцю карысталася “Кацюша”. Запеў пра яблыні і грушы гучаў на пляцы некалькі разоў.
Наступны этап “Да абароны Айчыны гатовы!” праходзіў у ціры. Тут ад кожнай каманды патрабаваліся толькі два ўдзельнікі, таму некаторыя вучні нават цягнулі жэрабя.
Пакуль іншыя стралялі на рубяжы, звярнулася да Сняжаны Маляёнак з каманды Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі:
— Прынята лічыць, што венныя гульні цікавыя ў першую чаргу хлопцам, а што цябе заахвоціла да ўдзелу ў “Зарніцы”?
— Мне цікава было больш даведацца пра тое, як дзейнічалі салдаты падчас вайны, уявіць сябе на іх месцы. Я займаюся стральбой і ўжо ўдзельнічала ў падобных спаборніцтвах, але гэта мая першая “Зарніца” і мне вельмі падабаецца. Хоць не збіраюся звязваць сваё жыццё з ваеннай сферай, але думаю, дзякуючы ёй, не разгублюся, калі раптам давядзецца прымяніць свае веды ў рэальным жыцці.
Пасля ціра ўдзельнікі накіраваліся ў класны кабінет, дзе праходзіў турнір “Старонкі гісторыі Айчыны”. Двум удзельнікам з кожнай каманды трэба было прадэманстраваць веды па гісторыі.

Напрыканцы каманды чакала ваенізаваная гульня на мясцовасці, якая складалася з трох этапаў. Для пачатку ўдзельнікам трэба было прапаўзці па-пластунску шэсць метраў, не закрануўшы пры гэтым абмежавальнікі, нацягнутыя на вышыні трыццаці сантыметраў. Затым — перабрацца па купінах праз
“багну” і адразу ж пасля гэтага — прадэманстраваць трапнасць, закінуўшы “гранату” у падвешаны абруч. На вынік уплывала чысціня праходжання кожнага этапа, а таксама хуткасць, якую залічвалі па апошнім
удзельніку, які перасёк фінішную рысу.
Не ў кожнага атрымалася прайсці выпрабаванне гладка, але пасля фінішу ўдзельнікі выглядалі вясёлымі і задаволенымі. Здаецца, для іх, як у вядомай прымаўцы, галоўным быў удзел, а не перамога.
— Як па сваіх адчуваннях вы справіліся? — адразу пасля фінішу пытаюся ў вучняў гімназіі-інтэрната.
— Дрэнна! — адказваюць хорам і смяюцца.
— Але ўсё роўна вельмі весела, — кажа Станіслаў Сіенка. — У нас у камандзе амаль усе ўдзельнічаюць у “Зарніцы” ўпершыню, і ўсім вельмі падабаецца. Асабіста я лічу, што такая гульнявая ваенная падрыхтоўка неабходна ў школах, каб кожны быў гатовы абараняць Радзіму. Але адначасова з гэтым спадзяюся, што такія веды ніколі не спатрэбяцца па прызначэнні мне і маім сябрам.
Алег Радкевіч, ваенны камісар раённага ваеннага камісарыята, з гімназістамі не згодны. На яго думку, справіліся яны даволі някепска.
— Гэта, калі не памыляюся, мая адзінаццатая “Зарніца”. Сёння вынік радуе. У дзяцей вочы гараць, — дзеліцца Алег Леанідавіч. —
Каманды нядрэнныя, вельмі слабых на дадзены момант не бачу нават у такім складаным этапе як страявая падрыхтоўка. Вядома, ёсць тыя, у каго атрымліваецца лепш, ёсць тыя — у каго горш, але агульнае ўражанне — пазітыўнае.
— Заўважыла, што ў гульні ўдзельнічае шмат дзяўчынак. Як думаеце, чаму іх цікавіць такая “мужчынская” гульня?
— Дзяўчынкі сталеюць раней за хлопцаў і больш адказна ставяцца да любых абавязкаў. Будзе гэта вучоба, або нейкае хобі. Нават сёння можна было бачыць, што некаторыя дзяўчынкі падрыхтаваны лепш за хлопцаў, ставяцца да заданняў больш сур’ёзна. Але з вопыту скажу, што хлапчукі з часам іх даганяюць, а потым і абганяюць.
— Чаму такія гульні неабходны падлеткам?
— Зразумела, што хлопцам, калі яны будуць служыць у войску, спатрэбіцца і стральба, і страявая падрыхтоўка, і трэніроўкі на паласе перашкод. Але “Зарніца” ў першую чаргу вучыць дысцыпліне і адказнасці. Падлеткі прывыкаюць да парадку, вучацца працаваць у камандзе, хутка прымаць рашэнні. Усё гэта дапаможа ім у жыцці.
На цырымоніі ўзнагароджання Алег Радкевіч уручыў дыпломы прызёрам. Трэцяе месца дасталося камандзе Мядзельскага ВПК яслі-сад-сярэдняя школа”, другое — гімназіі-інтэрнату г. Мядзела. А пераможцай стала каманда Нарацкай сярэдняй школы №1. Як заўважылі самі дзеці, яны з пачатку верылі толькі ў перамогу, бо іх каманда займала першае месца амаль кожны год, і такую традыцыю нельга было парушыць.
Алег Радкевіч нагадаў, што цяпер навучэнцам трэба будзе адстаяць гонар раёна на абласным спаборніцтве. Ён таксама ўручыў медаль “Сто гадоў Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь” Яну Таразевічу — кіраўніку грамадзянска-патрыятычнага аб’яднання і супрацоўніку Мядзельскага ВПК яслі-сад-сярэдняя школа.

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота Аляксандра Высоцкага.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У ПАЗАМІНУЛУЮ суботу, гуляючы па Старым Мядзеле, можна было сустрэць атрад падлеткаў у камуфляжнай форме. Школьнікі ішлі ў дзве шарэнгі, крокам “з левай”,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика