Насустрач новаму жыццю. 21.by

Насустрач новаму жыццю

16.11.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.

Надыходзіць час, калі два закаханыя сэрцы ствараюць сям’ю і мараць аб сваім прадаўжэнні. Такі сур’ёзны і адказны крок, як цяжарнасць, патрэбна планаваць загадзя. Як гэта неабходна рабіць і чаму, расказала ўрач-гінеколаг раённай бальніцы Ларыса Шмурадка.

— Ларыса Аляксандраўна, агульнавядома, што здароўе чалавека фарміруецца, пачынаючы з унутрывантробнага перыяду, і ў многім залежыць ад здароўя маці і працякання цяжарнасці. Ці прыходзяць да вас жанчыны, каб пракансультавацца перад яе планаваннем?
— Вельмі рэдка жанчыны звяртаюцца з мэтай планавання цяжарнасці або прэгравідарнай падрыхтоўкі. Часцей у практыцы сустракаюся з цяжарнымі пацыенткамі, якія маюць праблемы з выношваннем. Рыхтавацца да такога важнага кроку патрэбна абавязкова.
— Што ўваходзіць у прэгравідарную падрыхтоўку? Якія яе этапы можна вылучыць?
— Яна ўключае комплекс дыягнастычных, прафілактычных і лячэбных мерапрыемстваў, у выніку якіх арганізм рыхтуецца да паўнавартаснага зачацця, выношвання і нараджэння здаровага дзіцяці. Падрыхтоўка мае тры асноўныя этапы: даследаванне рэпрадуктыўнага здароўя будучых бацькоў, якое патрэбна пачаць з медыкагенетычнай кансультацыі; трохмесячны прыём перад зачаццем полівітамінаў і фоліевай кіслаты; вядзенне ранніх тэрмінаў цяжарнасці з улікам выяўленых фактараў рызыкі, ускладненага працякання наступіўшай цяжарнасці.
— Скажыце, калі ласка, з чаго ўсё ж патрэбна пачынаць?
— Перш за ўсё, з планавання таго, што і ў якія тэрміны патрэбна зрабіць будучым бацькам. Прэгравідарную падрыхтоўку неабходна пачынаць як мінімум за паўгода да зачацця або лепш за год. За гэты час будучыя бацькі павінны выявіць стан свайго здароўя, падрыхтавацца да зачацця і вызначыць аптымальныя дні для яго.
— Ларыса Аляксандраўна, з пералічанага самае важнае ў падрыхтоўцы — гэта вызначыць стан здароўя бацькоў?
— Так, самую значную частку прэгравідарнай падрыхтоўкі займае высвятленне стану здароўя будучых бацькоў. Канечне, жанчыну чакае больш пільнае, уважлівае і дасканалае абследаванне, бо менавіта ў яе арганізме адбываюцца працэсы росту і развіцця дзіцяці, на якія могуць паўплываць нялечаныя інфекцыі ці хранічныя захворванні.
Для мужчыны і жанчыны ўсё пачынаецца са здачы аналізаў: крыві, мачы, іншых біялагічных матэрыялаў. Вельмі важна вызначыць рэзус-фактар для таго, каб ведаць, ці магчымы падчас цяжарнасці рэзус-канфлікт жанчыны і плода. Спіс аналізаў немалы. Ён дазваляе высветліць многія пытанні, што тычацца гарманальнага статусу жанчыны, устойлівасці яе арганізма да вірусаў, небяспечных для дзіцяці, а таксама наяўнасці ці адсутнасці захворванняў і інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, у абаіх будучых бацькоў.
Дастаткова важным з’яўляецца збор і аналіз тэрапеўтам або сямейным урачом інфармацыі з медыцынскай карты жанчыны, дзе бачныя перанесеныя раней хваробы, траўмы ці аперацыі. Урач таксама высвятляе, ці працуе хто з бацькоў на шкоднай вытворчасці, ці падвяргаецца экалагічнай рызыцы.
Будучай маме патрэбна наведаць шэраг вузкіх спецыялістаў, перш за ўсё, гінеколага. Магчыма, жанчыне або мужчыне неабходна пракансультавацца ў генетыка. Падставай для гэтага могуць быць генетычныя захворванні ў блізкіх родзічаў, а таксама ўзрост будучых бацькоў. Усё вышэйназванае зойме нямала часу, але дазволіць адказаць на наступныя пытанні: ці магчыма зачацце натуральным шляхам; ці здольная жанчына да выношвання дзіцяці і родаў; ці верагодна заражэнне эмбрыёна інфекцыямі ўнутрывантробна і ў працэсе саміх родаў.
— Пры спрыяльных выніках даследавання стану здароўя будучых бацькоў ім можна рыхтавацца да зачацця, а жанчыне да цяжарнасці. На што пры гэтым варта звяртаць увагу?
— Перш за ўсё, патрэбна адмовіцца ад шкодных звычак, захоўваць рэжым дня, мець умераныя фізічныя нагрузкі, паўнавартасна спаць і адпачываць, не дапускаць негатыўных эмоцый і стрэсаў.
Наш арганізм — гэта тое, што мы ядзім, пагэтаму будучыя бацькі павінны збалансавана і якасна харчавацца. Жанчыне ў гэты перыяд неабходна прымаць вітаміны В9 і Е, якія спрыяюць зачаццю. Але варта памятаць: пры гэтым патрэбна захоўваць меру, таму прымаць вітаміны неабходна толькі пасля кансультацыі з урачом і па яго прызначэнні.
Дзеля папярэджання нараджэння дзяцей з грубымі парокамі развіцця ці з выражаным дэфіцытам інтэлекту вядучыя эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя настойваюць на курсавым прыёме фоліевай кіслаты (ад 400 да 800 мкг/суткі) абаім партнёрам за тры месяцы да зачацця, будучай маме — першыя восем тыдняў цяжарнасці. Калі пасля наведвання эндакрынолага жанчыне будзе рэкамендавана прымаць ёд, то рабіць гэта трэба на працягу ўсёй цяжарнасці і перыяду кармлення грудзьмі. Неабходна таксама даследаваць кроў на ўтрыманне гемаглабіну і жалеза. Пры выяўленні яго скрытага дэфіцыту ці пры існуючай анеміі пралячыцца прэпаратамі, якія ўтрымліваюць жалеза, лепш у спалучэнні з фоліевай і аскарбінавай кіслатой. Пры захоўванні гэтых рэкамендацый да наступлення жаданай цяжарнасці шансы на спрыяльнае выношванне плода і нараджэнне дзіцяці істотна павялічваюцца.
— Ларыса Аляксандраўна, што пажадаеце будучым бацькам?
— Хочацца нагадаць: цяжарнасць на ранніх тэрмінах — як імгненне паміж мінулым і будучым. Усё, што было раней, не мае ніякага сэнсу, галоўнае наперадзе: магчымасць дапамагчы чалавеку ўвайсці ў жыццё з максімальным стартавым рэсурсам здароўя. Раннія тэрміны цяжарнасці — як добрая імправізацыя: іх патрэбна старанна і ўмела рыхтаваць, а потым віртуозна выконваць. Будучым бацькам неабходна памятаць пра гэта.
— Дзякуй за размову.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара. Надыходзіць час, калі два закаханыя сэрцы ствараюць сям’ю і мараць аб сваім прадаўжэнні. Такі сур’ёзны і адказны крок, як цяжарнасць,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика