Анёл-абаронца Шчучынскага палаца
24.10.2009
—
Новости Общества
|
Пенсiянер Уладзiмiр ГЛАЗ адважна змагаецца за аднаўленне палаца князя Францiшка Ксаверыя Друцка-Любецкага, iнiцыятара будаўнiцтва Аўгустоўскага канала Такiх, як Уладзiмiр Іванавiч Глаз зазвычай не любяць мясцовыя чыноўнiкi. Праблемаў ад яго шмат. Пiша лiсты ў аблвыканкам, ездзiць у Мінск, раздае школкам i садкам саджанцы грэцкiх арэхаў, патрабуе спынiць разбурэнне старадаўняга палаца... Карацей, не дае чыноўнiкам спакойна працаваць: наклiкае праверкi, прыцягвае ўвагу грамадскасцi. Але калi спытаць у каго ў Шчучыне дарогу да яго дома, то пакажа кожны. I дадасць: "Малайчына наш Iванавiч, дае iм прыкурыць!.." Ва Уладзiмiра Глаза — ахайны дом, вялiкая гаспадарка, цэлая плантацыя грэцкiх арэхаў. Сёння Глазу 83 гады. — Хутка памiраць ужо, — кажа ён. — Але ёсць у мяне яшчэ няскончаная справа — трэба дабiцца аднаўлення палаца Друцка-Любецкiх XVIII стагоддзя, перлiны нашага роднага Шчучына. Нiкому асаблiвай справы няма да яго. А я не магу назiраць, як палац гiне. Мой бацька ў князя ветэрынарам працаваў, я на княскiм малацэ вырас...
— Заробак у бацькi быў 90 злотых — а гэта добрая карова. Працаваў бацька добра — каровы давалi па 40 лiтраў малака. Вымя па зямлi цягнулася — дык чыстымi прасцiнамi падвязвалi! Нас, дзетак, было трое. I вось аднойчы спатыкае князь Ксаверы майго бацьку i кажа: "Я ведаю, што вы робiце ў нас ветэрынарным урачом, i два гады ў вас падзяжу няма. З сённяшняга дня будзеце атрымлiваць на кожнага дзiцёнка па лiтру малака штодня". Я сам асабiста хадзiў — у святы, у выхадныя — заўсёды. Быў такi збанок на тры лiтры — я прыходзiў на ферму, мне налiвалi... Добры быў князь, дзякуй Богу паспеў уцячы на самалёце... А адмiнiстратараў яго ў Сiбiр саслалi, каго ўвогуле расстралялi... Падыходзiм з Уладзiмiрам Iванавiчам да палаца. Ён абгароджаны будаўнiчым плотам, якi вось-вось павалiцца. Накрыты добрым новым дахам, вокны — шклопакеты. — Два мiльёны кожнае каштуе!.. — кажа мне вартаўнiк палаца. І вiтае Уладзiмiра Iванавiча як гаспадара. — Мы тут во як маглi прыбралi, падлогу падмялi...У сярэдзiне палаца страшны вэрхал. Старыя павырываныя вокны ляжаць тут жа ў пакоях. Столi правiслi, на iх — старадаўняя прыгожая ляпнiна... У холе — шыкоўная драўляная столь з выразанымi ўзорамi. Такiя ж парталы вакол дзвярэй. Самiх дзвярэй чамусьцi няма... — Уладзiмiр Iванавiч, а праўда, што вы наверх пiсалi? — пытаюся ў Глаза. — I пiсаў, i быў там!.. Першы раз як паехаў, у 2002 годзе, дык мне сказалi: не перажывайце, Уладзiмiр Iванавiч, едзьце дадому, мы вам камiсiю прышлем. I, слухайце, вярнуўся, а праз колькi дзён прылятае мне пад дом "рафiк" — i адтуль выходзяць 6 чалавек, такiя важныя, у касцюмах... — Вы Глаз? — Я — Сядайце, паедзем глядзець палац! А адзiн ззаду iдзе, пазiрае на маю дагледжаную хату, i цiхенька кажа: "А я думаў, што тут якi бомж цi забулдыга жыве! А ён во якi гаспадар!.." Правёў Уладзiмiр Iванавiч высокiм гасцям экскурсiю, тыя i паехалi. Праз месяц — прывозяць бляху на дах, склалi ў двары школы № 2. Ляжыць яна год, ляжыць два... Пачала псавацца... А ў палацы тым часам дах цячэ, усё абвальваецца... Пачалi працы, знялi стары дах — i стаiць палац. А дождж як даў — пачало залiваць, вады па калена, паркет уздыбiўся, столь прасела... — Я як пабачыў, тут жа сабраўся — i ў Гродна да Саўчанкi (старшыня аблвыканкама. — Г.Л.) А там на ўваходзе два мiлiцыянеры мяне не пускаюць. Я тады раззлаваўся, кажу: "У мяне дзяржаўныя справы, мая Радзiма прападае!.." Расштурхаў iх (я ж у войску служыў) — i да старшынi. А там якраз нейкая нарада была ў вялiкай зале. Я залятаю, старшыня нахмурыўся: "Вам чаго?" А я аж трасуся i кажу: "Спадар Саўчанка, у нас у Шчучыне палац разбураецца, гiсторыя нашай Беларусi руйнуецца". Тады Саўчанка даручыў весцi нараду свайму намеснiку, а сам пайшоў са мной у кабiнет — i ўважлiва выслухаў. Затэлефанаваў галоўнаму будаўнiку Гродзенскай вобласцi: заўтра дакладзеш! На другi дзень узялiся за працу — i накрылi. Таму Саўчанка — гэта мне як брат родны! Дзякуй яму!.. ![]() — Прыняў мяне нейкi чыноўнiк. Я кажу: "Прашу ў вас дапамогi: панскi палац разбураецца!" А ён адказвае: "Добра, дапаможам. Дамо табе тры бульдозеры i два самазвалы, i не будзе больш праблемы. Пасадзiм там лес". Я не стрымаўся! Ты, кажу, сядзiш тут — а табе з такiмi развагамi ў калгасе на печы сядзець трэба! Ён ажно збялеў, вочы закацiлiся, за валiдол схапiўся. Я спужаўся, што ён памрэ зараз — i ўцякаць дахаты!.. ...Уся гэтая гiсторыя нагадвае фельетон. I варта было б усмiхнуцца, калi на карце не стаяў бы лёс старадаўняга палаца, якi перажыў некалькi войнаў, пабачыў шмат сваiмi неакласiцыстычнымi вокнамi. Некаторыя чыноўнiкi лiчаць Уладзiмiра Глаза ледзьве не апантаным вар'ятам. А мне падумалася: дай Бог кожнаму нашаму палацу i сядзiбе такога вось вар'ята. Такога вось анёла-абаронцу. Глеб ЛАБАДЗЕНКА. Фота аўтара. Шчучын.
ЗВАНОК ЧЫНОЎНIКАМ "Не згадвайце пры мне гэтае iмя!.." Каб даведацца меркаванне шчучынскiх чыноўнiкаў адносна рэстаўрацыi палаца, я затэлефанаваў спачатку намеснiку старшынi райвыканкама па iдэалогii Iвану САКАЛОВУ. — Iван Юльянавiч, я бачу, што шмат што ўжо зроблена: накрыты дах, замененыя вокны. Цi не спынiцца ўсё на гэтым? — Мы не ставiм задачу спыняць працы. Аднак у гэтым годзе фiнансавання няма, i пакуль працы перапыненыя. Галоўнае — што зрабiлi дах i адвялi ваду. Мы разумеем, што будынак трэба захаваць. — Я ведаю, што калi мянялi дах, дык колькi часу палац стаяў без даху i яго залiло вадой — паркет знявечыўся, столi праселi... — А хто гэта вам сказаў? — Я сам бачыў. — Гэта зацякала да гэтага. Можа, там што i патрапiла ад дажджу... Заўжды, калi рамонтныя работы, так можа быць... — Iван Юльянавiч, я размаўляў са шчучынцам Уладзiмiрам Iванавiчам Глазам, якi актыўна займаецца гэтым пытаннем. Наколькi ён дапамагае мясцовым уладам у справе аднаўлення палаца? — А чым ён можа дапамагчы? Ён звяртаўся да нас: паеду ў Польшчу, арганiзуйце вiзу. Казаў, што пасля гэтага грошы пальюцца вадой на аднаўленне. Арганiзавалi — i што? Нiхто нiчым не дапамог... — А колькi грошай, дарэчы, ужо пайшло на аднаўленне? — Перазванiце начальнiку аддзела адукацыi Уладзiмiру Раманавiчу, ён падкажа. Запiшыце нумар... Тэлефаную Уладзiмiру Раманавiчу Дубку: — Уладзiмiр Раманавiч, чаму палац перадалi на баланс менавiта аддзела адукацыi? — Бо пасля аднаўлення ў iм плануецца зрабiць Цэнтр творчасцi дзяцей i моладзi. — Падкажыце, колькi грошай ужо пайшло на аднаўленне палаца? — З 2005 года — 1 мiльярд 100 мiльёнаў. (Паводле тагачаснага курсу гэта каля 512 тысяч долараў — Г.Л.). Гэтыя грошы былi выдаткаваныя на падставе рашэння аблвыканкама. — I што зроблена за гэты час? — Накрыты дах, зроблены вокны, былi працы ў падвальных памяшканнях... — А колькi грошай яшчэ трэба? — Цяжка сказаць, бо iндэксы цэнаў мяняюцца. Яшчэ патрэбна мiльярды тры-чатыры дзесьцi. У раённым бюджэце такiх грошай няма. На гэты год было запланавана 1 мiльярд. Але пасля грошы былi знятыя вясной, яшчэ пры першым уразаннi раённага бюджэту. Каб гэтыя грошы былi, мы б далёка прасунулiся... А такiмi тэмпамi мы яго яшчэ гадоў дзесяць будзем аднаўляць. — Уладзiмiр Раманавiч, а дзе падзелiся ўнутраныя дзверы? — Тыя, якiя не з'яўлялiся нiякай мастацкай каштоўнасцю, былi вывезеныя на сметнiк. А старыя панскiя знаходзяцца на рэстаўрацыi. — А старадаўнi паркет дзе падзеўся? — Ён быў у такiм становiшчы, што апроч печы — нiкуды больш не прыдаўся. — А паводле маёй iнфармацыi, яго сапсавалi пры замене даху... — Часткова так... Але ён i так быў у неналежным стане. Ведаеце, калi вайскоўцы ў 1997-1998 годзе пакiдалi палац, яны шмат нашкодзiлi — павыдзiралi плiтку, што-нiшто з сабой забралi. Дах цёк усе гэтыя гады. — Уладзiмiр Раманавiч, я ведаю, што ёсць у вас такi Глаз... — Толькi не ўспамiнайце пры мне гэтае iмя!.. — Чаму? — Не хачу пра яго нiчога слухаць i ведаць! У мяне ад яго адзiн негатыў. У яго душа балiць, гэта зразумела. Толькi зрабiў ён надзвычай мала, але прыпiсвае ўсе зрухi сабе. Праяўляў iнiцыятыву, бударажыў грамадскасць... Крычаў: адкрывайце фонд, я грошы збяру. Адкрылi. Сабралася 3 мiльёны рублёў — i тое, дзякуючы шмат у чым нашаму старшынi выканкама. Я не ведаю, чаго ён дабiваецца — можа, якiя свае пытаннi вырашае?.. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пенсiянер Уладзiмiр ГЛАЗ адважна змагаецца за аднаўленне палаца князя Францiшка Ксаверыя Друцка-Любецкага, iнiцыятара будаўнiцтва Аўгустоўскага канала Такiх, як Уладзiмiр Іванавiч Глаз зазвычай не любяць мясцовыя чыноўнiкi. Праблемаў ад яго шмат. Пiша лiсты ў аблвыканкам, ездзiць у Мінск, раздае школкам i садкам саджанцы грэцкiх арэхаў, патрабуе спынiць разбурэнне старадаўняга палаца... Карацей, не дае чыноўнiкам спакойна працаваць: наклiкае праверкi, прыцягвае ўвагу грамадскасцi. Але калi спытаць у каго ў Шчучыне дарогу да яго дома, то пакажа кожны. I дадасць: "Малайчына наш Iванавiч, дае iм прыкурыць!.." |
|