Беларусы ўносяць уклад у сусветнае камбайнабудаванне
17.04.2013
—
Новости Общества
|
Прадстаўляем калектыў РКУП "ГСКБ па збожжаўборачнай і кормаўборачнай тэхніцы" вытворчага аб'яднання "Гомсельмаш" — адна з самых буйных на постсавецкай прасторы праектных арганізацый у сельскагаспадарчым машынабудаванні. Створана ў 1947 годзе. Спецыялісты бюро распрацавалі канструкцыю многіх шырока вядомых марак машын, якія дзесяцігоддзямі працавалі на палетках Беларусі і вялікай краіны: сіласаўборачнага камбайна СК-2,6 (было выпушчана амаль 257 тысяч адзінак), прычапнога сіласаўборачнага камбайна КС-1,8 "Віхор" (выпушчана больш за 265 тысяч штук). А ў 1976 годзе ўпершыню ў СССР пачаты выпуск айчыннага самаходнага кормаўборачнага камбайна КСК-100 з гідрапрыводам вядучых калёс. (Выпушчана больш за 130 тысяч машын.) У 1989 годзе на "Гомсельмашы" асвоена вытворчасць кормаўборачнага комплексу "Палессе" на базе ўніверсальнага энергетычнага сродку УЭС-250. Пазней магутнасць павялічана да 290 к.с. У 1996 — 2002 гадах з самым непасрэдным удзелам калектыву ГСКБ у Рэспубліцы Беларусь створана новая галіна машынабудавання — камбайнабудаванне для ўборкі збожжавых культур. За гэты час распрацаваны і пастаўлены на вытворчасць самаходныя КЗР-10, КЗС-7, КЗС-10К, КЗС-1218, КЗС-812, КЗ-14 і іншыя. Былі зроблены новыя крокі і ў распрацоўцы і выпуску тэхнікі для ўборкі кармоў. У 2004 годзе асвоена серыйная вытворчасць комплексаў КВК-800 "Палессе FS80" магутнасцю 360 к.с. Пазней пачалі выпускацца больш магутныя мадэлі, а наступным этапам у гэтым кірунку стала стварэнне і выпуск КВК-8060 "Палессе FS8060" з рухавіком магутнасцю 600 к.с. Калі абагульняць, то толькі за апошнія 20 гадоў створаны прыкладна 100 найменняў машын, адаптараў і іншых профільных вырабаў, каля 70 працэнтаў якіх асвоена ў вытворчасці. Сельскагаспадарчыя машыны з маркай "Гомсельмаша" былі ўдастоены медалёў і дыпломаў шматлікіх міжнародных, рэгіянальных і рэспубліканскіх выстаў, у тым ліку міжнародных выстаў у Бруселі і Празе, а таксама ВДНГ СССР. Спецыялісты — званняў лаўрэатаў прэмій урадаў СССР, Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, ордэнаў і медалёў СССР і Рэспублікі Беларусь. Параўнальна нядаўна, у 2009 годзе, групе прадстаўнікоў калектываў, што стварылі сямейства збожжаўборачных камбайнаў "Палессе" (у лік якіх уваходзіць і калектыў ГСКБ), была прысуджана Дзяржаўная прэмія РБ. А летась за дасягненні ў галіне якасці ў 2011 годзе канструктарскаму бюро прысуджана прэмія Урада РБ. І вось зусім нядаўняя ўзнагарода — за стварэнне канструкцыі і арганізацыю вытворчасці комплексу КВК-8060 аўтарскаму калектыву супрацоўнікаў ГСКБ, РУП "Гомсельмаш", ГП "ЗЛіН" прысуджана прэмія Міністэрства прамысловасці РБ у галіне навукі і тэхнікі. ГСКБ прайшло акрэдытацыю ў Дзяржаўным камітэце па навуцы і тэхналогіях РБ і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і атрымала статус навуковай арганізацыі. Прадстаўляем суразмоўцу Алег Валянцінавіч Рахліцкі родам з Жыткавічаў Гомельскай вобласці. Выпускнік Мінскага БПІ, пасля заканчэння якога з 1981 года працуе ў ГСКБ. Прайшоў шлях ад інжынера-канструктара да галоўнага канструктара па кормаўборачнай тэхніцы і ўніфікаваных сістэмах самаходных машын — загадчыка канструктарскага аддзела кормаўборачнай тэхнікі. На пасаду дырэктара прызначаны летам 2012-га. За час працы ўдзельнічаў у распрацоўцы канструктарскай дакументацыі, выпрабаваннях, пастаноўцы на вытворчасць і ўдасканаленні канструкцыі ўсіх машын, што распрацоўваліся ў бюро, пры гэтым з'яўляўся кіраўніком шэрагу праектаў. Аўтар 70 вынаходніцтваў, 12 карысных мадэляў і 12 мастацка-канструктарскіх рашэнняў (прамысловых узораў), абароненых аўтарскімі пасведчаннямі СССР, патэнтамі Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі. Мае пададзеныя заяўкі на вынаходніцтвы. Узнагароджаны медалём "За працоўныя заслугі", граматамі і дыпломамі. Мае дарослых дзяцей — дачку і сына, дапамагае гадаваць унука. Любіць збіраць грыбы і рыбалку — гэта калі ўдаецца выкраіць час. У СНД аналага няма — Паважаны Алег Валянцінавіч. Наш чытач даволі ўважліва сочыць за працоўнымі рытмамі "Гомсельмаша", за распрацоўкамі ГСКБ. Што новага, адметнага адбылося за апошнія гады? — Намаганні калектыву ГСКБ былі сканцэнтраваны на вырашэнні задач, якія стаяць перад вытворчым аб'яднаннем "Гомсельмаш". Пераважалі работы, якія забяспечвалі перш за ўсё павелічэнне продажу тэхнікі — у тым ліку на знешнім рынку, у першую чаргу на расійскім. Прывяду канкрэтны прыклад. За гэтыя гады добра папрацавалі на Амурскую вобласць. Стварылі машыну на гусенічным ходзе для ўборкі соевых і іншых культур ва ўмовах павышанай вільготнасці і нават забалочанасці глеб, характэрных менавіта для гэтай зоны. Прадпрыемства "Кранспецбурмаш" вырабляе гусенічныя цялежкі і ўстанаўлівае на іх машынакамплекты самаходных малатарняў, якія пастаўляюцца з Гомеля. Добра папрацавалі над кормаўборачнай тэхнікай. За гэтыя гады створана базавая мадэль кормаўборачнага комплексу КВК 8060 "Палессе FS8060". Гэта якраз адзін з тых прыкладаў, калі мы за нашы беларускія грошы хочам зрабіць (і зрабілі) уласны JОHN DЕЕRЕ ці СLААS. Машына аснашчана па апошнім слове тэхнікі — электронікай, устаноўлена бартавая інфармацыйна-кіруючая сістэма на базе камп'ютара. Рухавік з электронным кіраваннем магутнасцю 600 конскіх сіл дазваляе машыне забяспечваць адпаведную прадукцыйнасць. За ўборачны сезон яна здольна нарыхтоўваць 30-40 і больш тысяч тон сенажу і сіласу. Дзённыя напрацоўкі дасягаюць 1200 тон. На прасторах СНД аналага такой машыны не выпускаецца, гэта машына прарыўная, будзем так гаварыць. На ёй прыменена вельмі многа новых тэхнічных рашэнняў, у тым ліку тых, якія дапамагаюць работнікам аграпрамысловага комплексу абслугоўваць вузлы і агрэгаты. Тут цэнтралізаваная сістэма змазкі, ёсць сістэма аўтаматычнага адключэння галоўнага прывода пры ўзнікненні аварыйнай сітуацыі ў здрабняльным апараце. Выканалі арыгінальны доступ да нажоў і бруса здрабняльнага барабана — а гэта заўсёды было праблемай. Адкідваецца сілкавальны апарат, і адкрываецца поўны доступ. Калі ў нас быў прадстаўнік адной лацінаамерыканскай краіны, з якой мы шчыльна працуем над прасоўваннем кормаўборачнай тэхнікі на яе рынак, і калі ўбачыў, як адкідваецца сілкавальны апарат, то адразу сказаў: "О, гэта тое, што трэба". З іншых работ па кормаўборачнай тэхніцы: зараз займаемся машынай, якая павінна замяніць на больш высокім тэхнічным узроўні наш добра вядомы ў РФ КСК-600 "Палессе FS60", які ідзе на рынкі з 2006 года. У асноўным расійскія, і ў той жа час мы стараемся прадаваць яго і ў Лацінскую Амерыку. Некалькі дзясяткаў гэтых машын працуюць у Іране (каля 30), зацікавіўся ёю і Кітай. КСК-600 машына ўдалая, у яе добрыя суадносіны цаны і якасці. Стваралася на базе мадыфікацый камбайна КСК-100А, які выпускаўся раней, змаглі максімальна дабіцца ўніфікацыі, каб зрабіць канструкцыю больш таннай, пры гэтым захаваць станоўчыя якасці. Новая мадыфікацыя — КВК-6025 — узяла ўсе тыя выйгрышныя рашэнні, якія мы прымяняем на больш позніх энерганасычаных машынах тыпу "Палессе 8060" — таксама камп'ютарызаваная, магутнасць рухавіка павышана да 250 конскіх сіл, забяспечана яго адпаведнасць Еўра-2 па экалагічных нормах. Кабіна герметызаваная, яна больш камфортная, шырэйшая. Спрошчана схема прывода: абышліся без канічных рэдуктараў і карданных перадач, што дазволіла выключыць шэраг недахопаў, характэрных для папярэдніх мадэляў. Што датычыць збожжаўборачнай тэхнікі (я ўжо казаў пра гусенічную машыну), то за гэты час мы таксама правялі каласальны аб'ём работ па стварэнні машын прадукцыйнасцю 20 і больш тон у гадзіну. Гэта перш за ўсё камбайн КЗС-1624. Мы выпрабавалі яго ў варыянце, нязвыклым з пункту погляду канструктыўнай схемы, — з ніжнім размяшчэннем бункера. Акрамя таго, там шмат іншых змяненняў — прыменены ротарны саломасепаратар з двума ротарамі, якія апрацоўваюць салому. Плюс двухбарабанная схема для вымалату (яна ёсць і ў нашай машыне 1218). Акрамя гэтага, павялічана шырыня малатарні да 1700-1800 мм. Машына паказвае высокую прадукцыйнасць на палях з ураджайнасцю збожжавых 100 цэнтнераў з гектара і вышэй. За апошні год мы адпрацавалі ёй тэхналагічную схему і атрымалі вынікі, якія планавалі атрымаць. Але сама схема з ніжнім бункерам, як мы лічым, мае пэўныя абмежаванні ў далейшым сваім развіцці. Там бункер з'яўляецца часткай самой нясучай сістэмы, на якой замацаваны масты, такое месцазнаходжанне "дыктуе" складаную канфігурацыю і тым самым стварае істотныя цяжкасці для эфектыўнага выкарыстання яго аб'ёму. Хаця, падкрэслім яшчэ раз, па прадукцыйнасці на палях з высокай ураджайнасцю гэты камбайн можна смела параўноўваць з імпартнымі машынамі. Толькі за кошт прымянення ротарнага саломатрэса на машыне 1624 зможам павялічыць прадукцыйнасць да 24 і вышэй тон у гадзіну. Па нашай агульнай са спецыялістамі Мінсельгасхарчу думцы, права на жыццё мае і класічная яго зборка — з верхнім бункерам. Па выніках выпрабаванняў гэтага года сумесна з ГУ "БелМІС" вызначымся, якая з гэтых схем найбольш рацыянальная для нашых палёў. Тады і запусцім машыну ў серыйную вытворчасць. Акрамя таго, ёсць іншыя напрацоўкі. Сёлета будзем выпрабоўваць машыну, якую ўмоўна пакуль назвалі КЗС-1420. (Першыя дзве лічбы — прапускная здольнасць, дзве другія — прадукцыйнасць, колькасць тон у гадзіну.) Тут ёсць перадгісторыя. У свой час па даручэнні ўрада мы распрацавалі машыну КЗ-14 — гэта значыць, з прапускной здольнасцю 14 кілаграмаў у секунду. Для свайго часу яна таксама была "знакавай", бо вельмі насычаная электроннымі прыстасаваннямі — кантрольнымі, дыягнастычнымі і іншымі. Але аказалася "непад'ёмнай" для сельгасвытворцы па цане, бо выкарыстоўваюцца дарагія імпартныя камплектуючыя. А вось гэтая машына — КЗС-1420 — на працэнтаў 80 выпускаецца з нашых, айчынных камплектуючых. Яна ў значнай ступені ўніфікавана з камбайнам КЗС-1624. Адрозніваецца хіба што наяўнасцю класічнага клавішнага саломатрэса. Высокая прапускная здольнасць захаваецца, і прадукцыйнасць не менш за 20 тон у гадзіну яна забяспечыць. Паралельна стваралі іншыя машыны, вузлы і механізмы, у тым ліку для нашых калег — па заданні Мінпрама РБ распрацоўвалі адаптар для "Лідааграпраммаша". Атрымалася, мы лічым, удала, соевая жняярка пайшла на "ўра". Нядаўна ў чарговы раз была дэлегацыя Амурскай вобласці. Яны задаволены нашым збожжаўборачным камбайнам, і вось пасля іх ад'езду з'явілася новая заяўка. І гэта дадаткова да тых планаў, якія ўжо ёсць і ўзаконены і пад якія выдзяляюцца сродкі. І будзем весці работы па гэтай заяўцы, скажам так, дадаткова да разлічаных намі ўласных магчымасцяў. Так што ў гэтым годзе ў нас будзе цяжка прадыхнуць. Пасля красавіка-мая, калі завершым адпрацоўку мадэрнізацыі серыйнай тэхнікі, пойдуць перспектыўныя работы. Але пра іх давайце пагаворым пасля таго, як паставім на паток. Вось, калі коратка, тое, чым мы займаліся ў апошні час. Мэта ў высокім разуменні — Калі мы гаворым пра мэту цэлага калектыву (у высокім яе разуменні), то, відаць, размова ідзе аб вашым сумесным з "Гомсельмашам" пошуку такіх рашэнняў, якія дазволяць сумясціць высокую прадукцыйнасць і надзейнасць амерыканскіх і еўрапейскіх машын вядомых марак з разумнай, будзем так казаць, цаной, айчынных. Ці ёсць на гэтым шляху новыя прыкметныя поспехі? — Што датычыць тэхналагічных магчымасцяў нашых машын, то мы даўно знаходзімся на ўзроўні аналагічных імпартных узораў. Як былы галоўны канструктар па кормаўборачнай тэхніцы, магу сказаць, што яшчэ ў пачатку 2000-х, падчас стварэння камбайна "Палессе-800" (КВК -800) і выпрабаванняў у параўнанні з Клаасам, у той час 840-м (а першую машыну мы рабілі магутнасцю 360 конскіх сіл, і так супала, што ў Ягуара-840 — таксама 360 к.с.), то мы на выпрабаваннях ішлі практычна ноздра ў ноздру. Прадукцыйнасць нашых машын цалкам супадала. А што датычыць надзейнасці, то тут ёсць пытанне. Яно складвалася, калі хочаце, гістарычна, бо размова ідзе пра якасць матэрыялаў і камплектуючых, якія прымяняюцца. "Гомсельмаш" — вытворца канечнай прадукцыі, яна складваецца ў большай ступені з якасці той прадукцыі, якая пастаўляецца сюды для зборкі. Так што гэта праблема не аднаго "Гомсельмаша", не адной Беларусі, а ўсёй паст- савецкай прасторы. Аб'яднанне шчыльна працуе з пастаўшчыкамі. А яны знаходзяцца на тым жа рынку і цудоўна разумеюць: ад якасці іх прадукцыі залежыць шанц застацца ў шэрагу пастаўшчыкоў "Гомсельмаша" і іншых вытворчых гігантаў і даць сваім вырабам доўгае жыццё, атрымаць сродкі для далейшага развіцця і гэтак далей. Тым больш, што па большасці пазіцый існуе шырокі выбар, у тым ліку ў Заходняй Еўропе, а зараз і ў Беларусі. Так што пастаўшчыкі падцягваюцца да сучаснага ўзроўню, і такім чынам агульны ўзровень якасці машын павышаецца пастаянна. Гэта работа не аднаго дня, не кампанія, а пастаянны клопат канструктараў, упраўлення якасці, дэпартамента забеспячэння вытворчасці, за якім замацавана функцыя набыцця якасных камплектуючых, іншых адпаведных службаў. Іх дзейнасць каардынуе намеснік генеральнага дырэктара па якасці Аляксандр Аляксандравіч Новікаў. Праблема пастаянна разглядаецца на аператыўных планёрках і нарадах у генеральнага дырэктара Аляксандра Іванавіча Камко. Па просьбе службаў прадпрыемства мы пастаянна маніторым працэсы якасці, праводзім на стэндах у сваіх лабараторыях выпрабаванні пакупных вузлоў і матэрыялаў і такім чынам таксама садзейнічаем павышэнню якасці машын. Гэта аксіёма любой вытворчасці: для забеспячэння максімальнага ўзроўню надзейнасці тэхнікі працэс стварэння машын абавязкова ўключае іх усебаковыя выпрабаванні. У нас гэтым кваліфікавана займаюцца супрацоўнікі комплексу стэндавых выпрабаванняў і даводкі машын, а таксама акрэдытаванага ў Мытным саюзе выпрабавальнага цэнтра. З выкарыстаннем сучаснага абсталявання праводзяцца тэхнічная экспертыза, ацэнка бяспечнасці і эрганамічнасці канструкцыі, даецца ацэнка надзейнасці, эксплуатацыйна-тэхналагічная ацэнка і гэтак далей. Такім чынам, што датычыць якасці і надзейнасці выканання машын, у гэтай справе мы пастаянна рухаемся наперад. Напрацоўкі на адмовы па машынах, калі браць тую ж самую 800-ку, практычна ў два разы перавышаюць устаноўленыя нарматыўныя значэнні. Калі па СТБ 1616 напрацоўка на адмову даецца 100 гадзін, то мы ўжо выходзім на ўзровень вышэй за 200. А машыны, якія зараз праходзяць выпрабаванні, даюць і 250 гадзін, а ў Расіі — усе 300. Практычна цэлы сезон знаходзілася ў суседзяў на выпрабаваннях наша машына і безадказна напрацавала там 300 з лішкам гадзін асноўнага часу. Так што ў гэтым сэнсе мы знаходзімся на дастаткова высокім узроўні. Праўда, патрэбна мець на ўвазе, што ёсць такое паняцце, як эканамічная мэтазгоднасць далейшага павышэння надзейнасці. І зараз час гаварыць пра гэта. Сэрвісная служба "Гомсельмаша" ўхіляе адмовы нашай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі на працягу аднаго дня, а часта — і хутчэй. Дзякуючы наяўнасці адпаведных дылерскіх цэнтраў, якія набліжаны да гаспадарак-спажыўцоў, ухіленне адмовы ажыццяўляецца за лічаныя гадзіны. І патрэбна падумаць, ці варта даводзіць напрацоўку на адну адмову да 400-500 гадзін, бо гэта каштуе немалых грошай, і пытанне цаны адразу выходзіць на пярэдні план. Існуюць нейкія разумныя межы. Для імпартных машын, магчыма, ёсць сэнс павялічваць гэтую лічбу, бо вытворца — за мяжой, дылерскіх цэнтраў менш, і калі машына зламалася, яна можа прастаяць у гарачую пару дзень, два, а то і тыдзень, пакуль самалётамі прывязуць патрэбную запчастку. (Хаця, як правіла, на гэтыя машыны ўстанаўліваюцца якасныя пакупныя вузлы і камплектуючыя, але ж самі машыны каштуюць такіх грошай, якіх у нашых аграрнікаў часцей за ўсё няма.) Дзейнічае "закон цішыні" — Няхай нашы суседзі прабачаць за трохі не "паліткарэктнае" пытанне, але ж рынак ёсць рынак, і здаровую канкурэнцыю ніхто не адмяняў. Ці праўда, што ўжо на момант прысуджэння Дзяржаўнай прэміі стваральнікам збожжаўборачных камбайнаў серыі "Палессе" (а гэта 2009 год) надзейнасць беларускіх камбайнаў, па ацэнках спецыялістаў, была вышэй, чым у калег-расіян? — Можна, відаць, адказаць так. Я зараз называў лічбы па напрацоўцы на адмову. У нас нарматыў — 100 гадзін на адну адмову, практычна на ўсе збожжаўборачныя і кормаўборачныя машыны. Мы гэты рубікон перайшлі ў пачатку 2000-х гадоў. Але патрэбна разумець: існуе некаторая розніца паміж машынай, якая прайшла прыёмачныя выпрабаванні, і машынай, што выпускаецца серыйна. Практыка паказвае: у першыя год-два адбываецца некаторае паніжэнне заяўленай надзейнасці ў сувязі з асваеннем у вытворчасці. Потым, па меры адладкі і аснашчэння канвеера, падрыхтоўкі і навучання кадраў, выхаду на ўстойлівую вытворчасць лічба набліжаецца да таго рубяжа, якога ўдалося дабіцца пры прыёмцы, а часта і перавысіць яго. Што датычыць нейкіх параўнан- няў з тэхнікай нашых суседзяў, то такіх афіцыйных даных альбо няма, альбо яны не агучваюцца. І меркаваць можна па выніках параўнальных выпрабаванняў, альбо па тым, як паводзяць сябе машыны ў адных і тых жа палявых умовах. Параўноўваць могуць перш за ўсё гаспадаркі, у якіх ёсць расійскія і беларускія камбайны. А па іх водгуках нашы машыны па якасці выканання тэхналагічнага працэсу, прадукцыйнасці і надзейнасці не ўступаюць, а зачастую і пераўзыходзяць камбайны расійскай вытворчасці. — А ўсё ж — што паказваюць выпрабаванні? — Летась у Расіі Міністэрствам прамысловасці і гандлю праводзіліся параўнаўчыя выпрабаванні. Побач працавалі нашы і расійскія машыны, а таксама машыны з далёкага замежжа. Мы мелі доступ толькі да інфармацыі, якая тычылася нашых машын. А па іншых — не. Такія былі ўмовы правядзення выпрабаванняў. Да гэтага часу вынікі не апублікаваны. Так што афіцыйна гаварыць мы не можам, але па асабістых уражаннях — так, нашы машыны маюць перавагу па прадукцыйнасці і па якасці выканання тэхналагічнага працэсу. Параўнанні па паказчыках тэхналагічнай надзейнасці, на жаль, не праводзіліся. І ўсё ж патэнцыял Растоўскага камбайнабудаўнічага завода вельмі высокі, і ён даволі часта здзіўляе нас і сельгасвытворцаў сваімі навінкамі, тэхналагічнымі знаходкамі. Здаровую канкурэнцыю сапраўды ніхто не адмяняў, і яна трымае ўсіх у тонусе. Да слова, нашы калегі не вельмі афішыруюць уласныя планы і перспектывы, затое вельмі ўважліва сочаць за тымі, хто побач на рынку. Паставілі мы сваю машыну на гусеніцы — адразу гэты ход скапіраваў расійскі камбайнабудаўнічы завод, за ім — іншыя. Сказалі мы ў прэсе, што збіраемся працаваць з тымі ці іншымі краінамі, і канкрэтна назвалі гэтыя краіны як перспектыўныя з пункту гледжання пашырэння рынку продажу, і неўзабаве сустракаем там канкурэнтаў з далёкага замежжа. Мы зацікавіліся рынкам яшчэ адной буйной краіны і сказалі пра гэта — тая ж фірма праз некаторы час у інтэрнэце паведаміла пра свае адпаведныя планы. Наўрад ці гэта простыя супадзенні. А ў любой заходняй фірмы-гіганта фінансавыя і тэхналагічныя магчымасці куды большыя. І калі мы афішыруем, што збіраемся зрабіць прынцыпова новы вузел, то яны могуць гэта зрабіць у паскораным тэмпе. Так што пра нашы творчыя планы я вам сёння расказваць не буду, і не таму, што іх няма. Яны ёсць, і вельмі сур'ёзныя, і нават арыгінальныя, але пагаворым, калі новыя машыны пойдуць у серыю. Памятаеце, у сталічных аптэках вывешана аб'ява: "Работа правізара патрабуе цішыні". Экстрапаліруем яе на нашу спецыфіку і скажам, што і работа машынабудаўніка патрабуе цішыні. Мы таксама скарацілі час на распрацоўку, і калі скарачаць яго далей, то гэта ўжо крытычна. Алгарытм распрацоўкі машыны з неабходнымі паўторамі, вяртаннямі, праверкамі, дапрацоўкамі, адсевам таго, што не задавальняе, не сёння прыдуманы. Менавіта гэтыя вяртанні і дапрацоўкі забяспечваюць нараджэнне той машыны, якую ты хацеў у рэшце рэшт атрымаць. Калі нейкія этапы знікаюць, тое адмоўна ўплывае на канечны прадукт. Схема распрацавана яшчэ савецкімі ДОСТАМі, і яна паўсюдна, ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, захавалася да гэтага часу, чым і забяспечваецца якасць. Машына, якая адпавядае сусветнаму ўзроўню — Прафесійныя сакрэты — гэта зразумела. Тым не менш, нейкія рэзервы ў беларускага камбайнабудавання ёсць, каб яшчэ больш наблізіцца да лепшых, сусветных узораў збожжаўборачнай і кормаўборачнай тэхнікі? — А я толькі што казаў, што мы ўжо наблізіліся. КВК-8060 — гэта якраз машына, якая адпавядае сусветнаму ўзроўню. Але нейкіх звышновых тэхналагічных рашэнняў, якія датычаць самой тэхналогіі ўборкі ці нарыхтоўкі, тэхналагічнага тракту, чакаць ужо не даводзіцца ні ў нас, ні за мяжой. Зараз гаварыць можна толькі аб нюансах. Альбо патрэбна прыдумаць нейкі абсалютна новы спосаб уборкі збожжавых культур і нарыхтоўкі кармоў. Гэтыя схемы, набор рабочых органаў пад іх існуюць у велізарнай разнастайнасці, і яны правераны часам, самой практыкай, і кожная мае права на жыццё ў сваіх пэўных умовах. Так што размова ідзе, хутчэй, пра даводку рабочых органаў да стану ідэальнасці, шліфоўку якасці выканання працэсаў, змяншэння затрат. Ідзе ў асноўным праца над насычэннем машын прыстасаваннямі, якія спрашчалі б тэхнічнае абслугоўванне і рабілі яго больш лёгкім. Спрашчалі рэгуліроўкі, забяспечвалі своечасовую дыягностыку, інфармаванне аб тым, што наступаюць нейкія гранічныя (крытычныя) станы. Каб увага камбайнера не адцягвалася яшчэ і на гэта — няхай ён больш сочыць за выкананнем тэхналагічных працэсаў. Плюс шырокае прымяненне карціравання, калі ў памяці бартавога камп'ютара закладваецца інфармацыя пра канкрэтнае поле, яго ўраджайнасць і іншыя асаблівасці, у залежнасці ад чаго машына аўтаматычна выбірае рэжымы настроек рабочых органаў. Адна з важнейшых задач — павышэнне зносастойкасці дэталяў: нажоў, брусоў і гэтак далей. І яшчэ адна не менш важная задача — стварэнне належных умоў для камбайнера. У тым жа КВК-8060 аднамесная герметызаваная кабіна аснашчана дадатковым сядзеннем, панарамным пярэднім і заднім шклом са шклоачышчальнікамі, аснашчана ўстаноўкай мікраклімату. А рабочае месца і рулявую калонку можна прыстасаваць пад рост і камплекцыю механізатара. Працаваць на такой машыне зручна. — Гэта як бы ваша частка работы — ГСКБ. Тут яшчэ можна гаварыць аб тэхналагічнай і тэхнічнай узброенасці вашых дзелавых партнёраў — вытворчых падраздзяленняў "Гомсельмаша". — Безумоўна. Калі мы гаворым, напрыклад, пра цэны, то іх фарміруе не толькі канструктар, які закладвае тыя ці іншыя тэхнічныя рашэнні. Пазней яны будуць рэалізаваны ў вытворчасці і павінны быць канкурэнтаздольнымі, у тым ліку па цане. А канструктар павінен яшчэ як след паклапаціцца аб надзейнасці самой канструкцыі, зніжэнні яе вагі, прымяненні сучасных, зноса- стойкіх матэрыялаў, выкарыстанні камп'ютарных тэхналогій, і ў той жа час — аб разумным зніжэнні затрат. Але зноў жа пра гэта штодзень клапоціцца і сама вытворчасць — калі яна забяспечвае зніжэнне затрат на рэалізацыю гэтых рашэнняў. Калі яна забяспечвае дакладнасць вырабу машыны і дастаткова высокі ўзровень яе надзейнасці. Прадпрыемства клапоціцца пра тое, каб мець патрэбнае для гэтага сучаснае абсталяванне, падрыхтаваныя кадры і адпаведныя тэхналагічныя напрацоўкі (адпаведныя тэхналогіі). Просты прыклад. Укаранілі ў нас на заводзе лазерную рэзку труб. Гэта дазволіла знізіць працаёмкасць у дзясяткі разоў, павысіла якасць і напрамую паўплывала на сабекошт вытворчага працэсу і яго канечнага прадукту. Яшчэ на працягу 2008-2010 гг. на "Гомсельмашы" і ў ГСКБ быў праведзены поўны цыкл маркетынгавых, патэнтных і тэарэтычных даследаванняў, а таксама доследна-канструктарскіх і даследчых работ. Безумоўна, перш за ўсё гэты комплекс работ быў накіраваны на належную адпрацоўку канструкцыі КВК-8060, і гатоўнасць машыны да пастаноўкі на вытворчасць пацвердзіла дзяржаўная прыёмачная камісія. Але аб'ектыўна ён, гэты комплекс работ, паспрыяў далейшай адладцы ўсяго вытворчага механізму прадпрыемства-гіганта, як і нашай дзейнасці. За апошнія гады на "Гомсельмашы" ўкаранёна шмат перадавых тэхналагічных прыёмаў і розных тэхнічных навінак. Рабочыя месцы зваршчыкаў аснашчаюцца навейшым зварачным абсталяваннем — укаранёны сотні зварачных паўаўтаматаў, а на асабліва адказных зварных вузлах — зварачныя робаты, што выключыла чалавечы фактар і зноў жа павысіла якасць. Працуе афарбовачная лінія пад парашковую афарбоўку. А на заводзе ліцця і нармаляў — камп'ютарызаванае ліцейнае абсталяванне. Пры прыёмцы збожжаўборачных камбайнаў выкарыстоўваецца метад вібрадыягностыкі. Ад удасканалення асобна ўзятых тэхналагічных працэсаў тут пайшлі да далейшага адладжвання ўсяго вытворчага і гаспадарчага механізму. Асобна скажам, што на "Гомсельмашы" ўкаранёна і праходзіць "даводку" SАР — сістэма кіравання вытворчасцю (перш за ўсё рэсурсамі). Яна цудоўна суадносіцца і ўзаемадзейнічае з комплекснай сістэмай кіравання якасцю — КСУКП, і разам яны аказваюць вызначальны ўплыў на вытворчасць. Праектаванне — задача з "характарам" — Вы сказалі, што на ГСКБ пастаянна карэкціруецца дзеючая сістэма праектавання — у залежнасці ад канкрэтных задач... — Сам час прымушае максімальна сціскаць тэрміны — ад ідэі, ад пачатку пастаноўкі задачы да выхаду канечнага прадукту. І тут узнікае шмат праблем. Калі размова ідзе пра нейкія сістэмныя пытанні (скажам, трываласць, надзейнасць мадэлі ці вузла), то гэта можна пралічыць, падключыць праграмны прадукт, стэндавыя выпрабаванні. Што датычыць адпрацаванай дзесяцігоддзямі тэхналогіі праектавання, то пераскочыць праз нейкія яе этапы ці хаця б скараціць іх па часе выканання без шкоды для якасці канечнага прадукту проста не атрымаецца. Каб вызначыцца з усім спектрам магчымага прымянення новай збожжаўборачнай машыны, мы павінны выпрабаваць яе на ўсіх збожжавых культурах. Калі не выпрабуем на ўсіх рэжымах на ўсіх культурах, то не можам гарантаваць паспяховасць яе работы. — Ці магчыма гэта зрабіць на працягу, напрыклад, аднаго — двух сезонаў? — Каб адпрацаваць тэхналагічны працэс, прадугледзець усе нюансы і адпаведныя рэгуліроўкі, наладкі, зменныя элементы, патрэбны, як мінімум, два сезоны. Плюс год на падрыхтоўку вытворчасці, бо машыны — складаныя. Скараціўшыся па часе, страцім у якасці — і распрацоўкі, і падрыхтоўкі вытворчасці, і канечнага прадукту. — Відаць, час дыктуе свае тэмпы, і выйсце — у далейшай аўтаматызацыі працэсу праектавання? — Гэта, што называецца, гонка за навукова-тэхнічным прагрэсам. У дапаўненне да тых сістэм, якія мы выкарыстоўваем, пачалі ўкараняць і суперсістэму WІNDСHІLL, з уводам якой завершыцца стварэнне адзінай інтэграванай сістэмы распрацоўкі вырабаў. У выніку чаго істотна пашырацца магчымасці і павышаецца аператыўнасць сумеснай з тэхнолагамі аб'яднання апрацоўкі не толькі камп'ютарных мадэляў машын і іх асобных кампанентаў, якія ствараюцца, але і дакументаў, што суправаджаюць тую ці іншую распрацоўку. У ідэале наша сістэма аўтаматызаванага праектавання будзе цалкам інтэгравана ў тую сістэму кіравання рэсурсамі "Гомсельмаша", якая там зараз укараняецца. Што дазволіць значна павысіць якасць і скараціць тэрміны падрыхтоўкі вытворчасці новай тэхнікі. — Ва ўсёй гэтай вельмі няпростай рабоце хто ходзіць у "каранніках", ад каго можа атрымаць падтрымку дырэктар? — Я прыйшоў у ГСКБ трыццаць два гады таму, і ўжо тады гэта быў калектыў аднадумцаў, які ўстаяўся. Агульны камандны дух характэрны для яго і сёння. Для падтрымання яго шмат што робяць мае намеснікі — Сяргей Аляксандравіч Федаровіч, які з'яўляецца таксама галоўным канструктарам па збожжаўборачных камбайнах і маласерыйнай тэхніцы; Васіль Леанідавіч Антанюк, ён адказвае за выпрабаванні ўсёй новай тэхнікі; Іван Васільевіч Волкаў — галоўны канструктар па кормаўборачных камбайнах, Віктар Андрэевіч Казакоў — галоўны канструктар па ўніфікаваных сістэмах, кіраўнікі вытворчых падраздзяленняў, вядучыя спецыялісты, вопытныя інжынеры-канструктары, рабочыя і выпрабавальнікі. На ўсіх іх можна абаперціся і быць упэўненым у іх рабоце. Інакш мы не змаглі б выконваць задачы, якія перад намі стаяць. У самым пачатку гутаркі я называў нашы новыя машыны. Гэта адметныя вехі ў жыцці калектыву, і імі можна ганарыцца. Але пераважае звычайная, не вельмі прыкметная пастаянная работа. Скажам інакш — каласальная карпатлівая праца па пастаянным удасканаленні машын, іх разнастайных мадэляў, а таксама адаптараў, вузлоў і агрэгатаў. Гэта сістэмная работа. Мы не кажам: "Мы зробім сельгасвытворцу тое і тое, і ён будзе шчаслівы". Не, мы ідзём да сельгасвытворцы і пытаемся: "Што табе зрабіць, каб ты быў шчаслівы?" Патрэбна зразумець простую рэч: ідзе работа пад кожнага спажыўца ў кожным канкрэтным рэгіёне продажу. А пастаянная работа з дылерамі і спажыўцамі цягне за сабой бясконцыя ўдасканаленні і розныя мадыфікацыі адной і той жа машыны. Беларусам патрэбна адна мадыфікацыя, Алтаю — іншая, Стаўраполлю і яго зоне — трэцяя, Курску — чацвёртая, а краінам Паўднёвай Амерыкі — нешта абсалютна сваё. Варонежцы прыехалі са сваімі прапановамі і пажаданнямі, і патрэбна браць "на карандаш". І агульныя пажаданні — трэба зніжаць масу, імпартныя камплектуючыя замяняць на айчынныя. У нас у Беларусі за апошні час асвоілі вытворчасць вельмі многіх камплектуючых. А гэта само не далося. Праводзім выпрабаванні, вызначаем рэйтынгі і адбіраем толькі тыя, якія не пагаршаюць, а паляпшаюць якасць машын. Што займае шмат часу. У гэтым "дзявятым вале" работы можна лёгка разгубіцца, і патрэбна прытрымлівацца жорсткай сістэмнасці. Скажам нават крыху інакш: прытрымлівацца таго сістэмнага падыходу ў кіраванні навукова-даследчай, доследна-канструктарскай і вытворчай дзейнасцю, які рэгламентаваны міжнароднымі стандартамі. Вось для чаго ў ГСКБ распрацавана і ўкаранёна інтэграваная сістэма менеджменту, якая ўключае ў сябе сертыфікаваную сістэму менеджменту якасці праектавання і выпрабавання сельскагаспадарчай тэхнікі (як, дарэчы, і сістэму праектавання, вытворчасці ці зборкі і тэхнічнага сэрвісу медыцынскай тэхнікі, якую ГСКБ таксама выпускае). Выкананне задач, што стаяць перад арганізацыяй, немагчыма і без стварэння бяспечных умоў працы для ўсяго персаналу, для чаго ўкаранёна і сертыфікавана сістэма кіравання аховай працы. У гэтым годзе, які фактычна толькі пачаўся, мы паспелі выканаць шэраг задач па прывядзенні машын у адпаведнасць з пажаданнямі спажыўцоў. Паўплывала і тое, што калі раней быў стабільны заказ на тэхніку "Гомсельмаша", то сёлета, па прычыне забяспечанасці гаспадарак камбайнамі, гэтага няма, і патрэбна больш клапаціцца пра нарошчванне экспартных паставак. Асноўны рынак застаўся той жа — Расія, Украіна, Казахстан, Узбекістан, Кіргізія... У Расіі напрамую ніхто асабліва не купляе, усе набываюць тэхніку праз банкі, па лізінгу, і зараз спецыялісты галаўнога прадпрыемства разам з расіянамі адпрацоўваюць такую мадэль разлікаў за прадукцыю "Гомсельмаша". Хаця на расійскім рынку ўжо зараз цесна. Там не толькі тэхніка "Ростсельмаша", але і амерыканскіх, еўрапейскіх і кітайскіх вытворцаў. Асаблівы галаўны боль — машыны другаснага рынку, цэны на якія значна (у залежнасці ад года выпуску) ніжэйшыя за цэны нашых машын. Гэтая праблема асабліва адчувальная для нас ва Украіне. Шукаем шляхі на рынкі Еўропы. Хаця нас на гэтых рынках асабліва не чакаюць, "Гомсельмаш" прадпрымае адпаведныя намаганні, каб знайсці свайго спажыўца. Праблема ў тым, што практычна не засталося рынкаў, дзе не былі б шырока прадстаўлены нашы асноўныя канкурэнты. Адказ ведае навука — Задачы, якія мы вырашаем у паскораным тэмпе, — працягвае свой расказ дырэктар ГСКБ Алег Рахліцкі, — вядуць да зносу рэсурсаў — як матэрыяльных, так і, на жаль, людскіх. Патрэбна пастаянна абнаўляць парк камп'ютараў, набываць новае праграмнае забеспячэнне. Але калі мы раней куплялі працоўнае месца для канструктара за $3000, то зараз адно рабочае месца з сучасным праграмным забеспячэннем, якое нам патрэбна як хлеб, каштуе недзе 40 тысяч долараў. З'яўляюцца новыя збожжаўборачныя ці кормаўборачныя машыны — са сваёй базай, сваімі габарытамі і вагой, і каб дасканала выпрабаваць іх у міжсезонне, патрэбна абнаўляць і мадэрнізаваць стэндавае абсталяванне, набываць новыя сучасныя сродкі вымярэнняў і апрацоўкі эксперыментальных даных, каб праводзіць даследчыя работы па паляпшэнні параметраў тэхналагічнага тракту сельгасмашын. Нашы канкурэнты, той жа "Клаас", расходуе сотні мільёнаў еўра на навукова-даследчыя работы. І, адпаведна, пастаянна ўкараняе нешта новае. Мы таксама даволі эфектыўна супрацоўнічаем з навуковымі цэнтрамі. Шэраг праектаў, прычым з выкарыстаннем суперкамп'ютара "СКІФ", выканалі сумесна з Аб'яднаным інстытутам праблем інфарматыкі НАНБ, яны працягваюцца і зараз і прысвечаны аэрадынамічным працэсам у тэхналагічных органах сельскагаспадарчых машын, узаемадзеянню рабочых органаў машын з тэхналагічным асяроддзем, удасканаленню малацільна-сепарыруючага прыстасавання і транспарціроўкі збожжавай масы ў збожжаўборачным камбайне, іншым актуальным тэмам. З акадэмічным фізіка-тэхнічным інстытутам вядзецца сумесная распрацоўка і асваенне рэсурсазберагальнай тэхналогіі ўмацавання рабочых паверхняў зменных дэталяў з выкарыстаннем лазерных і плазменных метадаў. Павелічэнню навуковага складніка нашых праектаў, павышэнню надзейнасці канструкцый, якія распрацоўваюцца, садзейнічае шматгадовая сумесная работа з Аб'яднаным інстытутам машынабудавання, якім з нядаўняга часу кіруе былы дырэктар ГСКБ Андрэй Анісімавіч Дзюжаў, з Інстытутам механікі металапалімерных сістэм імя В.А.Белага, Інстытутам прыкладной фізікі НАНБ, Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Францыска Скарыны, кафедрай "Дэталі машын" Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, БІМСХам. З дапамогай навукоўцаў плануем выкарыстаць нават нанатэхналогіі і іншыя перадавыя тэхналогіі для павышэння якасці машын, іх вузлоў і дэталяў, пакрыццяў і змазак. Бо спажыўцы сёння, напрыклад, кажуць: дайце мне касілку, якую не патрэбна змазваць 10 гадоў. Як, якім чынам? Без прыцягнення адпаведных навуковых арганізацый вырашыць гэтую праблему немагчыма. Гэтыя работы грунтуюцца на дагаворнай аснове і для іх рэалізацыі патрэбны значныя сродкі. Займаемся навуковымі даследаваннямі і самі. Для чаго патрэбны абсталяванне, вопытныя спецыялісты. Дзякуючы ўдзелу ў праграме "Умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы галіновых канструктарскіх бюро і навуковых арганізацый" набылі і ўводзім у эксплуатацыю лазерную ўстаноўку, якая дазваляе на нашай эксперыментальнай вытворчасці сумесна з акадэмічным фізіка-тэхнічным інстытутам праводзіць даследаванні і адпрацоўку тэхналогій нанясення зносастойкіх пакрыццяў на рабочыя элементы машын, што падвяргаюцца інтэнсіўнаму зносу. Як мы ўжо гаварылі, актуальным становіцца пытанне мадэрнізацыі стэндавай гаспадаркі і дадатковага аснашчэння выпрабавальнага цэнтра сучаснымі сродкамі вымярэння і апрацоўкі эксперыментальных даных. У галіне падрыхтоўкі кадраў даследчыкаў працуем разам з ГДТУ імя Сухога, сёлета накіроўваем у магістратуру гэтага ВНУ сем перспектыўных маладых спецыялістаў. Так што пытанне мадэрнізацыі, узнятае на дзяржаўным узроўні, надзвычай актуальнае і для ГСКБ. Адпаведная праграма распрацавана, зацверджана і рэалізуецца ў нашай арганізацыі. Адначасова з рашэннем пытанняў матэрыяльнага забеспячэння працэсаў распрацоўкі, даследаванняў, выпрабаванняў і даводкі машын, падрыхтоўкі кадраў, гэтая праграма прадугледжвае і канкрэтны пералік работ па ўдасканаленні тэхнікі, якая выпускаецца, і стварэнні новых машын. Першы этап — удасканаленне — плануецца ў асноўным завяршыць у красавіку, у тых аб'ёмах, якія былі намечаны ў канцы мінулага года па выніках эксплуатацыі машын у РБ, РФ, Кіргізіі і іншых рэгіёнах, і гэта працэс перманентны. Вядуцца таксама праектаванне, распрацоўка, выраб і выпрабаванне адразу некалькіх узораў новай тэхнікі. Але пра яе давайце пагаворым пасля таго, як паставім на паток. Каб спраўляцца з такой колькасцю задач, увесь калектыў ГСКБ пастаянна падтрымлівае напружаны рытм працы. Напружанасць працоўнага рытму ў ГСКБ на парадак адрозніваецца ад іншых калектываў у Гомелі, мы ўвесь час у пагоні за спажыўцом. Раней, у вялікай краіне, аб'ёмы паставак тэхнікі даводзіліся вялікія, і праблемы былі крыху іншымі. Але мы жывём і працуем у сваім часе, і павінны яму адпавядаць, ва ўсіх сэнсах. Фінансуемся мы ў асноўным "Гомсельмашам" — чым большыя аб'ёмы рэалізацыі тэхнікі, тым больш сродкаў аб'яднанне зможа накіраваць на НІОКР, так што існуе прамая зацікаўленасць у росце аб'ёмаў. Такая вось матывацыя, якую калектыў разумее. Выкарыстоўваем і магчымасці ўключэння нашай тэматыкі ў дзяржаўныя праграмы, што дапамагае нам эфектыўна працаваць над перспектыўнымі мадэлямі. — Ці можна казаць пра беларускі ўклад у сусветнае камбайнабудаванне? — Так, безумоўна. Па-першае, тыя вынаходніцтвы, якія мы заяўляем, тыя патэнты, якія атрымліваем, з'яўляюцца ў тым ліку здабыткам сусветнай супольнасці. І па збожжаўборачнай, і па кормаўборачнай тэхніцы ў нас ужо не дзясяткі, а сотні, я думаю, патэнтаў. Што датычыць машын і мадэляў, то я, як канструктар, як распрацоўшчык, ганаруся ўсімі машынамі. Пра некаторыя з іх я сёння вам з задавальненнем расказаў. У ГСКБ высокая эфектыўнасць работы, і кожная мадэль, якую мы стварылі сумесна з "Гомсельмашам", апраўдвае тыя надзеі, якія на яе ўскладваліся. А самаходны камбайн КЗС-1218, я лічу, — па тэхналагічным увасабленні, па задачы, якую выконвае, па кошце, дызайне — з'яўляецца адной з ключавых машын. Не дарэмна яна лічыцца ў Беларусі асноўнай. І цудоўна прынята ў Расіі. Што датычыць "Палесся-800", то гэта выпакутаваная намі машына, і ў гаспадарках яна прынята нармальна, асабліва тымі, хто на ёй непасрэдна працуе. Механізатары называюць яе "мая карміцелька". У тых, хто старанна даглядае яе, выконвае ўсе рэкамендацыі завода-вытворцы, яна і працуе бездакорна. А калі паставілі на яе 450 "коней" (КВК-800-16), яна наогул зраўнялася з лепшымі сусветнымі ўзорамі. Кантрактнікі ў Аргенціне (а гэта як у нас машынна-трактарныя станцыі) за сезон загатаўляюць звыш 40 тысяч тон. У нашых умовах, калі напрацоўка, як правіла, абмяжоўваецца аб'ёмамі нарыхтоўкі кармоў у адной гаспадарцы, больш за 25 тысяч тон сянажнай і сіласнай масы на машыну цалкам дасягальны паказчык. Альбо КСК-600. Так, гэта машына з магутнасцю рухавіка ўсяго 235 к.с., але яна цалкам адпавядае (як і ўся тэхніка, якую выпускае "Гомсельмаш") тым умовам, для якіх была створана. Гэта ўсё нашы "дзеці", нам яны аднолькава дарагія. Усіх іх можна смела прапаноўваць спажыўцам, як на айчынных, так і на замежных рынках. І, спадзяюся, спажыўцы, нашы дзелавыя партнёры, будуць імі даражыць гэтак жа, як і мы. Публікацыю падрыхтаваў Уладзімір Хількевіч. Выкарыстаны фотаздымкі, прадастаўленыя ГСКБ. Ад рэдакцыі. Выказваем шчырую падзяку начальніку агульнатэхнічнага комплексу В.І. Сусаву, супрацоўнікам гэтага комплексу, калегам са шматтыражнай газеты "Сельмашевец" за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу. УНП 400052396 Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Карэспандэнт "Звязды" гутарыць з дырэктарам РКУП "ГСКБ па збожжаўборачнай і кормаўборачнай тэхніцы" Алегам Валянцінавічам Рахліцкім
|
|