Літоўцам ламае мазгі, калі кажуць, што ВКЛ – беларуская дзяржава. 21.by

Літоўцам ламае мазгі, калі кажуць, што ВКЛ – беларуская дзяржава

08.05.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


“Мова мяняе светапогляд”, – упэўнены літоўскі выкладчык гісторыі Русціс Камунтавічус.

Бачанне гісторыі ВКЛ значна адрозніваецца ў залежнасці ад таго, з якога боку мяжы глядзець на агульнае мінулае.

Разам з доктарам гістарычных навук, прафесарам універсітэта Вітаўта Вялікага ў Коўне Русцісам Камунтавічусам шукаем самыя неадназначныя падзеі ў беларуска-літоўскай гісторыі. 

Інтэрв'ю з даследчыкам друкавалася на старонках "РГ".

Беларусы ведаюць, дзе каранавалі Міндоўга, а літоўцы – калі

– Калі Літва атрымала незалежнасць, перад кіраўніцтвам паўстала пытанне – калі адзначаць дзень дзяржаўнасці? – распавядае даследчык. – Усяго было чатыры варыянты. 

Першы – 16 лютага, калі ў 1918 годзе была абвешчаная першая літоўская самастойная дзяржава, кшталту беларускай БНР. Але тагачасная Літва не мела ў сваім складзе Вільні, таму дату адхілілі.

Другая версія – 11 сакавіка. Менавіта ў гэты дзень у 1990 годзе быў абвешчаны Акт аб аднаўленні незалежнасці Літвы. Але дата была зусім нядаўняй і свежай, і не пакрылася “пылам стагоддзяў”. 

Трэці варыянт – дзень каранацыі Вітаўта. Дата, на якую была прысвечаная гэтая падзея, добра вядомая. Але ж каранацыі так і не адбылося. Недарэчна было б святкаваць дзяржаўнасць у дзень каранацыі, якой не было.

Заставаўся чацверты варыянт – дзень каранацыі Міндоўга. Праблема было толькі ў тым, што дакладнай даты ніхто не ведаў. На дапамогу кіраўніцтву прыйшоў гісторык Эдвардас Гудавічус: ён напісаў даследаванне, у якім абгрунтаваў верагоднасць таго, што каранаванне адбылося 6 ліпеня. Даследаванне пераклалі на чатыры мовы, дату прынялі. Цяпер ў гэты дзень адзначаюць дзяржаўнае літоўскае свята.

Так выглыдае каранацыя вачыма мастака Адомаса Варнаса.


 – Натуральна, у беларусаў дата 6 ліпеня не сустракаецца, – працягвае Русціс Камунтавічус. – Затое сустракаецца месца: Міндоўг быў каранаваны ў Навагрудку. Пра гэта ўзгадваецца ў хроніцы Стрыйкоўскага. Да таго ж Навагрудак быў найбуйнейшым горадам таго часу, таму каранацыя там выглядае цалкам верагоднай.

Але Навагрудак не ўваходзіў у спрадвечныя тэрыторыі сучаснай Літвы. 

Калі літоўцы прызнаюць, што каранацыя прайшла ў Навагрудку, прыйдзецца прызнаць той факт, што самым буйным горадам ВКЛ быў нелітоўскі горад. 

Таму літоўскія даследчыкі прапануюць свае варыянты: ад Трокаў да Вільні.

Дык на якой мове напісаныя Статуты ВКЛ?

Падаецца, што калі з каранацыяй Міндоўга ўсё выглядае цьмяна, то наконт мовы Статутаў ВКЛ спрачацца немагчыма – яго асобнікі дайшлі і да нашых часоў. Але літоўскіх гісторыкаў гэта не спыняе. 

– Дзесяць мільёнаў беларусаў ведаюць, што Статуты пісаліся на старабеларускай мове, – кажа спадар Русціс. – Але ёсць тры мільёны літоўцаў, якія ўпэўненыя, што яны напісаны на канцылярскай славянскай мове.


Да таго ж мова Статутаў не гаворыць аб тым, на якой мове размаўляла насельніцтва ВКЛ, упэўненыя літоўскія даследчыкі. Яны прыводзяць у прыклад еўрапейскія краіны, дзе эліта размаўляла на латыні і на ёй жа пісала законы, а простыя людзі карысталіся нацыянальнай мовай.

Паралель літоўцаў відавочная: эліта ВКЛ карысталася канцылярскай славянскай, а насельніцтва… прататыпам сучаснай літоўскай.

І хто перамог у Грунвальдскай бітве?

На гэтае пытанне і ў літоўцаў, і ў беларусаў таксама няма аднаго адказу. Адзінае, што вядома дакладна – у Грунвальдскай бітве перамаглі крыжацкую навалу.

– У шматлікіх летапісах і дакументах аднагалосна гаворыцца, што войскі з тэрыторыі сучаснай Літвы першымі саступілі з поля бою, – кажа даследчык. – Таму перад  літоўскімі  гісторыкамі паўстала праблема: як тады даказаць, што мы перамаглі?

Пры дапамозе малавядомых гістарычных дакументаў літоўцы прыйшлі да высновы: так, іх войскі проста збеглі. Але гэта была частка стратэгічнага плана. Тады на абарону ВКЛ сталі войскі з тэрыторыі сучаснай Беларусі і Польшчы. З імі крыжакі хутка разабраліся.

І ў вырашальны момант вярнуліся тыя самыя “літоўскія” войскі, якія і давялі бітву да перамогі.

Грунвальдская бітва на адной з гравюраў.


– Гэта цалкам натуральная з’ява, – заўважае спадар Русціс. – Кожны народ піша сваю гісторыю, каб перадаць яе нашчадкам. Зразумела, што ў сваіх вачах мы хочам дамінаваць над іншымі. Каго зацікавіць мінулае, у якім адны паразы і няўдачы? Таму нашы даследчыкі паводзяць сябе натуральна.

Змаганне за “Пагоню” працягваецца

– Апошнія дыскусіі ў літоўскім парламенце ішлі пра тое, каб надаць нашаму чырвонаму сцягу з выявай герба “Пагоня” вышэйшы статус на дзяржаўным узроўні, – заўважае Русціс Камунтавічус.

– Галоўным аргументам тых, хто выступаў “за” быў наступны: каб беларусы сабе не забралі.

Літоўцы бачаць ВКЛ цалкам літоўскай дзяржавай. Беларускія даследаванні і падручнікі амаль не перакладаюцца на літоўскую мову. Па словах Русціса Камунтавічуса, асноўная прычына гэтага ў тым, што беларусы могуць лёгка забраць тое, што літоўцы даўно звыкліся лічыць сваім.

Сцяг з выявай "Пагоні" можна пабачыць на віленскіх вуліцах.


Калі раней літоўцы спрачаліся за гістарычную спадчыну з палякамі, то цяпер даводзіцца яшчэ і з беларусамі. 

– У дзевяностых гадах у нас у Літве былі грошы, на якіх з аднаго боку была нейкая жывёлінка, з другога – герб “Пагоня”, – успамінае спадар Русціс. – Калі я ўпершыню прыехаў у Беларусь і пабачыў вашы “зайчыкі”, у мяне быў шок. Гэта ж наша “Пагоня”! Толькі пасля заканчэння ўніверсітэта я зразумеў, што ўсё не так адназначна. Таму я разумею пачуцці сучасных літоўцаў, калі яны бачаць, як беларусы трымаюцца за “Пагоню”. У іх таксама шок, бо яны нічога не ведаюць пра Беларусь.

Якую Беларусь хочуць бачыць літоўцы?

Асобную ўвагу Русціс Камунтавічус звяртае на далейшае станаўленне Беларусі:

– Я прашу прабачэння, што не размаўляю па-беларуску. Ужо колькі гадоў збіраюся вучыць мову, але мяне проста забіваюць вашы канчаткі! Некалі я іх усё ж асілю.

Мне вельмі дзіўна бачыць, што вы не карыстаецеся сваёй мовай. У нашым рэгіёне, дзе сканцэнтравана так шмат дзяржаў і народаў, вельмі важна мець адметнасць. Мова часам можа падавацца сімвалічнай рэччу, але гэта не так. Яна змяняе светаадчуванне. 

Але ёсць і пэўныя пазітыўныя змены. Вы ведаеце, што шмат беларусаў едзе ў Літву за пакупкамі. Калі я быў у гіпермаркеце ў Вільні і выбіраў тэлефон, то заўважыў, што ў многіх мадэлях асноўнай мовай выбрана беларуская. Змены ідуць малымі крокамі.

Мне хацелася б, каб беларусы развівалі сваё бачанне гісторыі ВКЛ, спрачаліся з намі. Я не баюся, што вы “ўкрадзяце” гісторыю ВКЛ. Знаёмства з беларускім пунктам гледжання расшырае гарызонты літоўцаў, прымушае нас думаць крытычна. 

Для сваіх студэнтаў я праводжу асобныя лекцыі, на якіх пераконваю іх, што ВКЛ – беларуская дзяржава. Гэта проста ламае ім мазгі. Але тады яны пачынаюць думаць.  

Ці шмат агульнага ў цяперашніх літоўцаў і беларусаў?

– Я не ведаю, які народ беларусы лічаць самым блізкім для сябе, – кажа спадар Русціс. – Літоўцы могуць сказаць адназначна – беларусаў. Мы пражылі разам две тысячы гадоў і парадаксальна, што ў 20-м стагоддзі паміж намі раптам узнікла мяжа. 

Па словах даследчыка, блізкасць нашых народаў склалася гістарычна. Палякі заўсёды прагнулі даказаць сваю шляхетнасць, што было нетыпова для жыхароў ВКЛ. Для латвійцаў больш блізкім народам былі немцы, да таго ж яны імкнуліся перасяліцца ў гарады. Беларусы і літоўцы заставаліся сельскім народам.

 – Я памятаю, як у 1993 годзе пераехаў з Вільні ў Коўна, – дзеліцца ўспамінамі гісторык. – Жыў недалёка ад чыгуначнага вакзала, а гэта цэнтр горада. Дык вось тады я ўставаў разам з пеўнямі ў самым літаральным сэнсе: у цэнтры Коўна тады разводзілі курэй. А мой тата пісаў афіцыйныя звароты з просьбамі, каб гаспадары прыбралі сваіх свіней з-пад вокнаў, бо іх было вельмі шмат.

Літоўцы падобныя да беларусаў не толькі сельскім ладам жыцця, але і меланхалічнасцю, надзеяй на тое, што нехта прыйдзе і зробіць так, каб усім было добра.

– Мы такія падобныя, што часам аж жахліва робіцца! – кажа спадар Русціс. – У Літве людзі такія ж песімістычныя, як і ў вас. Ведаеце, у нас нават нядаўна самы вялікі комік здзейсніў самазабойства. Гэта і смешна, і трагічна адначасова. Але мы хочам, каб Беларусь не забывалася на сваю адметнасць, развівалася ў нацыянальным рэчышчы. Суседзі, якія самі не ведаюць сябе, нам нецікавыя.

Аляксандра ПАРАХНЯ.

Фота забяспечана Русцісам КАМУНТАВІЧУСАМ, artmuseum.by, bnp.by, absurdopedia.wikia.com, nn.by.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Бачанне гісторыі ВКЛ значна адрозніваецца ў залежнасці ад таго, з якога боку мяжы глядзець на агульнае мінулае.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика