У ЗАВІДЧЫЦАХ БОГ ЖЫВЕ. 21.by

У ЗАВІДЧЫЦАХ БОГ ЖЫВЕ

28.09.2014 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Капліца ў в.Завідчыцы

Больш чым праз паўтара стагоддзя ў цэнтр вёскі Завідчыцы Пінскага раёна жыхарамі “вернута” святыня. Тут узведзена і асвечана праваслаўная капліца. Таксама знойдзены дакументы, якія пацвярджаюць звесткі пра існаванне некалі ў гэтым населеным пункце царквы.

Пабываў я ў Завідчыцах у суботу, незадоўга да Вялікадня. Ішоў па галоўнай вуліцы да цэнтра вёскі. Тут цякло павольнае сялянскае жыццё. Жанчыны ўпраўляліся па гаспадарцы, дзе-нідзе мужчыны прыбіралі двары, рамантавалі плот. Каля старой ігрушы шчыравалі дзеці, якія, відаць, былі вельмі рады ласкаваму веснавому сонейку.

У цэнтры, дзе і крама, і аўтобусны прыпынак, а не так даўно і капліца знаходзяцца, стаяла некалькі бабулек і хлопчык гадоў сямі-васьмі. Старыя аб нечым гаманілі. Калі я параўняўся з імі – павітаўся. І яны пажадалі мне добрага здароўя, а адна з жанчын прамовіла: “Ведаеце, радасць у нас вялікая: капліцу ў вёсцы пабудавалі. Да царквы, што ў Месткавічах знаходзіцца, многім вяскоўцам ужо цяжка дабірацца – вельмі старыя”.


Капліца каля Завідчыц на карце Генеральнага штаба РККА. Фрагмент 1

Вырашыў тады, што трэба з паляшучкамі, з-пад хусцінак якіх выглядалі пасмы асыпаных жыццёвым срэбрам валасоў, крыху пагутарыць, даведацца калі ж і хто капліцу будаваў. Пазней адбылася ў мяне размова і з людзьмі, якія ўзводзілі гэту культавую пабудову. А будавалі яе, што называецца, усім светам, – палескім канешне. Грошы ахвяравалі мясцовыя жыхары, а таксама пінчукі, якія калісьці нарадзіліся ў гэтай вёсачцы.

Не думалі мы, што зможам абудзіць народ на будаўніцтва сваёй святыні, – расказвае стараста вёскі Завідчыцы, ідэйны натхняльнік ўзвядзення капліцы Алена Абдулгамідава. – Шмат хто з вяскоўцаў хацеў, каб Божы дом з’явіўся і ў нас. Мроі мроямі, але патрэбны былі дзеянні. Галоўнае – пачаць.

І пачалі. Знайшліся людзі, якія ўзяліся за цяжкае і адказнае, даверанае народам, заданне – збіраць грошы, кіраваць будаўнічымі работамі. Гэта жыхары вёскі Фёдар Неўдах і Алена Абдулгамідава. Блаславіў іх, падтрымліваў і дапамагаў іерэй Віктар Сачкоўскі, настаяцель царквы Святой Троіцы ў вёсцы Месткавічы.

Архітэктурны праект будучай капліцы з чарцяжамі, планамі і ўсімі разлікамі безкаштоўна выканала дачка Фёдара Неўдаха, мінчанка Зінаіда Загурская, выпускніца архітэктурнага факультэта БНТУ. Для яе гэта была ганаровая справа, бо стварала для свайго роднага палескага куточка.


Капліца каля Завідчыц на карце Генеральнага штаба РККА. Фрагмент 2

У 2010 годзе пачалі будаўніцтва. На абраным і асвечаным месцы ў цэнтры вёскі залілі падмурак. З’яўляліся грошы, куплялі цэмент. Яго патрэбна было шмат. Справа ў тым, што пры будаўніцтве капліцы выкарыстаны вядомы, але не часта прымяняемы матэрыял – арбаліт, ці, як яго яшчэ называюць у народзе, апілкабетон. Усё рабілі на месцы, у Завідчыцах. Калі вывелі сцены, прыняліся за дах. Ён зроблены з чырвонай металадахоўкі. Купал выкананы са зносаўстойлівага матэрыялу – нітрацітану. Увянчаў купалок-цыбулінку крыж, які ўзнёсся ў неба і надаў культавай пабудове завершаны выгляд. Прыгожыя драўляныя дзверы і вокны зрабіў Фёдар Неўдах, мясцовы столяр. Ад асфальтавай дарогі да капліцы выклалі дарожку з тратуарнай пліткай. Вось так у цэнтры вёскі з людской ды Божай дапамогай “вырасла” капліца.

Жыхары Завідчыц з вялікай удзячнасцю называюць імёны і прозвішчы тых аднавяскоўцаў, хто ахвяраваў не толькі грошы, але і сілы, свой час на ўзвядзенне капліцы. Гэта Фёдар Неўдах, Алена Абдулгамідава, Васіль Саласнюк, Аляксандр Грышкавец, Валех Абдулгабідаў (правільна імя Валех), Мікалай Кісель, Сяргей Сцёпін, Мікалай Елісеенка, Уладзімір Тарасевіч.

Трэба адзначыць, што раней каля гэтай вёскі існавала капліца. Некаторыя старажылы памятаюць яе і кажуць, што была яна каталіцкай. На карце Генеральнага штаба Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі, якая была складзена ў 1935 годзе, культавая пабудова каля Завідчыц пазначана. Знаходзілася яна на краі мысападобнага выступа надпоймавай тэрасы, прыкладна за 800 метраў на поўнач ад мясцовых могілак. Да капліцы вяла палявая дарога. Паблізу праходзіў важны, існуючы яшчэ ў сярэднявеччы, сухапутна-водны шлях. Ён складаўся з дарогі, якая ішла ад населенага пункта да балота, а таксама ручая, які ўпадаў у раку Піну. Гэты шлях злучаў вёску з горадам. Жыхары карысталіся ім амаль да канца 60-х гадоў ХХ ст. Калі праводзіліся работы па асушэнні балотнага масіву, што раскінуўся паміж Пінскам і Завідчыцамі, ручай знік: ён быў “расцягнуты” сеткай меліярацыйных каналаў. Капліца ж, як узгадваюць жыхары, пасля Вялікай Айчыннай вайны перастала існаваць.


Капліца каля Завідчыц на карце Генеральнага штаба РККА 1935 г. Фрагмент 3

Новая капліца ў цэнтры Завідчыц была асвечана ў 2012 годзе на мясцовае свята – Уздвіжанне, якое адзначаецца 27 верасня. Неаднаразова мне даводзілася чуць, як жыхары называлі яго: “прыстольнае свята Уздвіжанне”. Чаму ж так!? Гэта яскрава сведчыць аб тым, што людская памяць захавала традыцыю адзначаць “святок”, запрашаць родзічаў і сяброў менавіта на Уздвіжанне. І гэта невыпадкова. Справа ў тым, што некалі ў гэтай вёсцы была царква. Жыхары памятаюць пра прыстольнае свята, а пра царкву, нажаль, – не. Пад час апытання старажылаў толькі некалькі чалавек сказалі, што, магчыма, царква ў вёсцы была. Аб гэтым ім казалі іх дзядулі і бабулі.

Так, сапраўды, царква ў Завідчыцах існавала. У кнізе “Историко-статистическое описание Минской Епархiи”, якое было складзена рэктарам мінскай духоўнай семінарыі Архімандрытам Мікалаем і выдана ў Санкт-Пецярбургу ў 1864 годзе знаходзім звесткі аб царкве ў Месткавічах. У апісанні гаворыцца: “Церковь села Месткович Св. Троицкая, 5-го класса, деревянная церковь, построенная 1827 г. помещиком Антоніемъ Михаловским. Штатного годичнаго жалованья причту 236 р. Земли усадебной, пахатной и сенакосной около 40 дес. и приписной Завидчицкой церкви, по ветхости упраздненной, около 40 десят.”. Гэта кароткая і адрывістая згадка аб царкве ў Завідчыцах адна з нямногіх вядомых.

Сёння прапануем увазе чытачоў невядомыя раней, а таму і унікальныя матэрыялы аб царкве ў Завідчыцах, яе фундатары, маёмасці. Думаем, што гэтыя вытрымкі з архіўных дакументаў будуць цікавы не толькі жыхарам гэтай вёскі, але і многім іншым. Скарачэнні і мова дакументаў захаваны, толькі напісанне некаторых літар адаптавана да сучаснага рускага алфавіту. Друкуюцца ўпершыню.

Ведомости о церкви одноприходной Свято-Троицкой Пинского уезда Местковичь за 1831 и за 1838 год

Ведомость о 1-ой приписной к означенной церкви одноприходной Завидчицкой Крестовоздвиженской

1. Построена 1786 года тщанием помещика Павла Колба

2. Здание деревянное с такой же колокольнею ветхи. Церковь требует новой кровли, а колокольня грозит падением.

3. Престолов в ней настоящей холодной один во имя воздвижения Честнаго Креста без придела.

4. Утвари (кроме одного священнического прибора, ветхих облачений, иконы Святого Духа на холсте ветхой, одной чаши оловянной, Креста ручного из бляхи желтой медной, шести деревянных подсвечников и двух ветхих хоругвей, а в колокольне однаго небольшого колокола) не имеется.

5. Причта положено по штату издавна священник, дьячек и пономарь.

6. Земли при сей церкви усадебной 28 1/4 квадратных сажень, пашенной и сенокосной 38 десятин и 40,20 квадратных сажень. На сию землю плана и межевой книги не имеется, а вместо оных имеется фундуш наданный тем же помещиком Павлом Колбом июля 6-го дня 1786 года, которой храниться в самостоятельной церкви в ризнице. Известно о самоправном завладении таковою фундушевой землею адвокатом Войцехом Чешейкою. 1828 года от 17-го июня Духовному правлению двумя рапортами донесено, но по оным еще изследований не было доселе производимо, а только из числа пашенной самостоятельной церкви священно и церковно служители сими пользуются 9-ю десятинами и 800 сажнями квадратных...”

У ведамасці аб царкве аднапрыходнай Свята-Троіцкай сяла Месткавіч, складзенай у 1842 годзе чытаем: Ведомость о 1-ой приписной к означенной церкви одноприходной Завидчицкой Крестовоздвиженской. Здание церкви было деревянное, по заветхлости разобрано.”

У 1842 годзе царква ў Завідчыцах перастала існаваць. Жыхары вёскі на пэўны час сталі прыхаджанамі царквы ў вёсцы Жытнавічы, а потым Месткавіцкай Свята-Троіцкай царквы.

І вось больш чым праз паўтара стагоддзя яны “вярнулі” у свой населены пункт святыню – праваслаўную капліцу.

Стаіць яна на ростанях-перакрыжаваннях шляхоў: чалавечых лёсаў і звычайных дарог. Недалёка ад яе крамка, аўтобусны прыпынак, вуліца, што вядзе да каўгаснага двара. Зіхацяць купал і крыж удзень, калі асвятляе іх сонечнае святло. Зіхацяць яны і ноччу ў святле лямпы на электрычным слупе. Кружаць над капліцай ў небе белыя птушкі-анёлы – буслы, якіх тут вельмі шмат. Цягнуцца сюды і вяскоўцы: на святы і не толькі.

…З Завідчыц я адыходзіў увечары, калі чырвоны дыск сонца ўжо вісеў нізка над дрэвамі. Ідучы па дарозе, я раптам пачуў дзіцячы голас. Азірнуся. То быў хлопчык, што ўдзень стаяў разам з бабуляй ля капліцы.

– Дзядзючка, дзядзючка! А мэні бабця козала, што ў нас у вёсцы зараз Божэнька жыве! – прамовіў малы, хутка прабяжаўшы каля мяне. Наперадзе, у вясковым завулку, я толькі пабачыў яго светленькую кашульку.


Вадзім ЛОСЬ, гісторык.

НА ЗДЫМКАХ: сучасная капліца ў вёсцы Завідчыцы Пінскага раёна; фрагмент карты Генеральнага штаба РККА на якой пазначана старая капліца каля Завідчыц.

 Лось Вадзім Сцяпанавіч 246028 г. Гомель-28. Вул. Ф. Я. Уткіна, д. 9; кв. 3. + 375-44-77-11-770 vadim-los@mail.ru

 

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Больш чым праз паўтара стагоддзя ў цэнтр вёскі Завідчыцы Пінскага раёна жыхарамі “вернута” святыня. Тут узведзена і асвечана праваслаўная капліца. Таксама...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика