ДАЛЬНЯЕ РЭХА
Уладзiмiр ПАЎЛАЎ
***
Крылатым не звыкаць да вышынi. Не запалохаць громам навальнiцу. Прынiжанаю думкай не кранi, Каму шторазу паднябессе снiцца. Душа яго iскрыцца навылёт I палымнее полымем высокiм. Як кожны мiг, усё жыццё — палёт. Ён там, дзе кучаравяцца аблокi. Упэўнены, страчалi вы такiх, I я, прызнацца, крышку iм знаёмы, I ўпэўнены, здаваўся б свет без iх Суцэльна шэрым цi, як сум, зялёным. Мы ведаем, што круцiцца зямля Ад апантаных, што iшлi на плаху. Углядваюцца ў нас яны здаля Праз тоўшчы пераможанага страху. Мы разам кажам — i яны i я — Перад глухой сцяной не адступайце, Каб i далей круцiлася зямля, Без перадыху кожны мiг лятайце! Iвану Муравейку Спынiўся лiст у сцiшанай вадзе, А хмарка з неба побач праплывае... Таго, хто чуйна берагам iдзе, Здалёку рэха дальняе гукае. Вандроўнiк сцежку аглядае так, Бы ўпершыню перад сабою бачыць. Няйначай той прыроджаны дзiвак, Што спадзяецца да канца на ўдачу. А вочы ўздыме — расступiся свет! — У стозе сена знойдзецца iголка. Такi здаровы i нямоглы дзед — Яму цяпер i горача, i золка. Грымiць яго далёкая вайна. Крывавiць Салаўёўскай пераправай. Вяртаецца аблiччамi яна Палеглых злева i палеглых справа. I нiякой ахоўнае бранi, Што выпадала iншы раз на фронце. На колькi зможаш, Божа, баранi У чалавеку дух i сiлу плоцi. *** Замоўкнуў голас твой, паэт, Навек замоўк. А наступiцца след у след Магчымы воўк. Ды ўсё ж няварта дол таптаць, Дзе нехта быў, Крадком пiтво тое спытаць, Хто нехта пiў. Адзежыну, што не знасiць, З пляча аддай. Няздольнiцу цябе любiць Не дакарай. Не ўкраў сабе хто ад жыцця А хоць вяршок, Не зведае суда быцця I чырвань шчок. Жывi, як i да нас жылi I будуць жыць. Цi ёсць святыя на зямлi, Не нам судзiць. Сенсацыя Ходу думак нiчыiх не скрывiш I нiчый не зрушыш супакой, Як людзей ужо нiчым не здзiвiш, Мо хiба сенсацыяй якой. На Чукотцы недзе буйна краскам, Як i ў нас, цвiсцi прыйшла пара. Не расказвай казкi, калi ласка, — Нам вядома гэта з буквара. Чалавецтва ад лiхой юдолi Навукоўцы пiльна сцерагуць — Неўзабаве ад авечкi Долi Воўны колькi хочаш настрыгуць. I яны ж у час блiжэйшы кмецяць Адным махам двух зайцоў забiць — Станцыяй прамежкаваю Месяц I курортам заадно зрабiць. Во здзiвiў! Паслухай, мой харошы, Тут няма нi грана адкрыцця. А вось сёння ў вымерлым Замошшы Ранкам нарадзiлася дзiця. I свяцiла радаснае ўстала, Каб з навiнай незвычайнай стрэцца. Немаўлятка звонка закугала, Што ў зямлi ва ўсёй забiла сэрца. *** Ужо лета не малодзiцца — Лета коласам звiнiць. Хлопец з дзеўкай валаводзiцца — Дзеўка свечкаю гарыць. Не iнакш як быстрым сокалам Пазбiваная раса. Ах ты неба сiнь высокая, Ах, дзявочая краса!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Крылатым не звыкаць да вышынi |
|