Уладзiмiр ДАЛЖАНКОЎ, прэзiдэнт канцэрна «Белдзяржхарчпрам»:
Сяргей ПРОТАС
Апошнiм часам iнфармацыйная прастора нашай краiны, мякка кажучы, не адчувае дэфiцыту ў разнастайных сацыяльных даследаваннях. Хто толькi не бярэцца за вывучэнне грамадскай думкi, а потым не iмкнецца выдаць сваю працу за голас народа! Толькi вось атрымлiваецца нейкая рознагалосiца... Пытанне, як ставiцца да рознага роду сацыялагiчных апытанняў i даследаванняў, набывае асаблiвую актуальнасць напярэдаднi важных палiтычных падзей, а менавiта выбараў у парламент цi прэзiдэнцкай кампанii. I першае, i другое для Беларусi не за гарамi. За парадамi «Звязда» звярнулася цi не да самага кампетэнтнага ў гэтай галiне чалавека — дырэктара Iнстытута сацыяльных i палiтычных даследаванняў пры Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь Аляксандра БАНЬКОВА.
— Даследаванне даследаванню — рознiца, — заўважае Аляксандр Сямёнавiч. — I да iх вынiкаў трэба падыходзiць вельмi асцярожна i крытычна. Першае, на што абавязкова трэба звярнуць увагу, гэта на тое, хто праводзiць даследаванне. Другое, з якой мэтай гэта робiцца. Трэцяе, як сфармуляваныя пытаннi. Дарэчы, ад пастаноўкi пытання ў многiм залежыць адказ. На жаль, у галiне правядзення сацыялагiчных даследаванняў у нашай краiне пакуль застаюцца пэўныя недапрацоўкi. У вынiку гэтай важнай справай займаюцца амаль усе жадаючыя, часта проста некампетэнтныя людзi. А потым з’яўляюцца так званыя «незалежныя» апытаннi з вялiкiмi прэтэнзiямi на iсцiну ў апошняй iнстанцыi. «Незалежныя» цэнтры (я знаёмы з iх работай) часта грашаць аднабокасцю. Напрыклад, апытваюць сталiцу, Мiнскую вобласць — i робяць глабальныя высновы. Што датычыць нашага iнстытута, то перш чым сфармуляваць пэўны выходны дакумент, мы абавязкова аналiзуем вынiкi папярэднiх сваiх даследаванняў па тэматыцы, разглядаем усемагчымыя незалежныя даследаваннi. Часта бывае так, што сiтуацыя ў iх выглядае зусiм iнакш. У такiм выпадку можна прама гаварыць, што «незалежныя» цэнтры выконваюць заказ пэўных структур. А, як вядома, хто плацiць, той i заказвае... У дадзеным выпадку нават вынiкi. Мы ж за даследаваннi грошай не атрымлiваем, таму не зацiкаўленыя нешта прыхарошваць цi змяняць. Свайму кiраўнiцтву выдаём толькi сапраўдную iнфармацыю. — Цi не даводзiлася вам чуць абвiнавачаннi ў адрас iнстытута ў нейкай заангажыраванасцi? — У некага могуць з’явiцца падазрэннi, што калі наша ўстанова знаходзiцца «пры адмiнiстрацыi», то i мы выконваем нечы заказ. Гэта не так. У нас ёсць план навуковых даследаванняў, якiя мы i праводзiм. У сваёй рабоце мы абсалютна непрадузятыя. Думаю, нашы матэрыялы найбольш аб’ектыўна адлюстроўваюць рэальную карцiну жыццядзейнасцi дзяржавы. — Аляксандр Сямёнавiч, над чым сёння працуе iнстытут? — У дадзены момант вялiкiх сацапытанняў мы не праводзiм — працуем у рэжыме рэальнага часу. Нядаўна бралi ўдзел у падрыхтоўцы iдэалагiчнай нарады ў прэзiдэнта, прэс-канферэнцыi кiраўнiка дзяржавы расiйскiм сродкам масавай iнфармацыi... Зараз мы актыўна ўдзельнiчаем у стварэннi сiстэмы iдэалагiчнай вертыкалi. У прыватнасцi, iнстытут рыхтуе вельмi запатрабаваныя матэрыялы для iнфармацыйна-прапагандысцкiх груп. Шмат у нас друкаванага матэрыялу: манаграфiй, метадычных распрацовак, аналiтычных запiсак, iнфармацыйных аглядаў. Удзельнiчае iнстытут i ў экспертызе дзяржаўных праграм. Шчыра кажучы, я проста здзiўляюся, чаму нашы ВНУ не выкарыстоўваюць гэты матэрыял для работы са студэнтамi. Мы плануем развiваць такiя сувязi i прапаноўваць свае работы для таго, каб людзi вучылiся не на старых матэрыялах, а на цяперашнiх, актуальных. Зараз мы працуем над напоўненасцю нашага сайта ў Iнтэрнэце, робiм iнфармацыю больш даступнай. Гэта iнфармацыя будзе вельмi цiкавай для вучоных, якiя працуюць па падобнай тэматыцы. Яна можа быць выкарыстаная нават для напiсання ўсемагчымых артыкулаў i дысертацый. — Як складваюцца ўзаемаадносiны IСПД з прэсай? — Мы ад прэсы не бегаем. Нашы супрацоўнiкi часта выступаюць у рэспублiканскiх СМI, заўсёды iдуць на кантакт. Думаю, было б нядрэнна асобных нашых супрацоўнiкаў нават накiраваць на стажыроўку ў газеты. Няхай бы журналiсцкага хлеба паспыталi, асвоiлi новыя метады збору iнфармацыi. Мы ў сваю чаргу гатовы запрасiць журналiстаў да сябе для абмену вопытам. — Цi мае iнстытут замежныя сувязi? — Абавязкова. Наша дэлегацыя нядаўна ажыццявiла паездку ў Кiтай. Там, дарэчы, ёсць чаму павучыцца. Чакаем вiзiту ў адказ. Добрыя кантакты ў нас з Расiяй, Украiнай, Малдовай. Паспрабуем наладзiць сувязi i з далёкiм замежжам. Для таго, каб рэкламаваць нашу дзяржаву, нашу палiтыку, такая работа вельмi важная. — Як вядома, кадры вырашаюць калi i не ўсё, то вельмi многае... — З кадрамi ў нас вельмi складана. Знайсцi добрага супрацоўнiка — вялiкая ўдача. Працуюць у нас выпускнiкi практычна ўсiх ВНУ. Спецыфiка iнстытута такая, што нам патрэбныя i эканамiсты, i фiлосафы, i сацыёлагi, i лiнгвiсты, i людзi з веданнем iнфармацыйных тэхналогiй... Многiя сёння ганяюцца за доўгiм рублём, нехта шукае, дзе спакайней. Гэта не пра нас. Патрабаваннi ў iнстытуце вельмi жорсткiя, работа цiкавая, але дынамiчная, шчыльная. Не ўсе вытрымлiваюць такi рытм. — Наколькi я ведаю, з вашым прыходам на пасаду дырэктара IСПД актывiзаваўся працэс рэфармавання iнстытута. Што павiнна атрымацца на выхадзе? — Наш iнстытут ствараўся 6-7 гадоў таму. За гэты час адбылiся вялiкiя змяненнi ў геапалiтычнай сiтуацыi i ў сацыяльна-палiтычнай сiстэме нашай дзяржавы. Адпаведна змянiлiся i патрабаваннi да iнстытута. Працаваць у ранейшым складзе ўжо нельга. Дзесьцi мы не перакрываем тыя задачы, якiя ставiць кiраўнiк дзяржавы перад такiмi структурамi, як наша. А мы займаемся iнфармацыйна-аналiтычным забеспячэннем дзейнасцi дзяржаўных органаў. Задача вельмi складаная, i вырашаць яе патрэбна ў рэальным маштабе часу. Напрыклад, прайшло нейкае палiтычнае мерапрыемства — мы павiнны прааналiзаваць, як яно ўспрымаецца людзьмi. Нават для таго, каб, можа быць, дзесьцi скарэкцiраваць, знiвелiраваць пэўныя палiтычныя працэсы. Структура iнстытута да нядаўняга часу была размытая. Асобныя аддзелы, цэнтры дублiравалi адзiн аднаго па пэўных накiрунках. Таму было прынята рашэнне аб рэформе. Па колькасцi супрацоўнiкаў iнстытут застаецца амаль ранейшым, колькасць цэнтраў i аддзелаў зменшылася, аднак кiруемасць структуры значна павысiцца. Асноўную сваю задачу бачым у тым, каб нашы даследаваннi мелi практычнае выкарыстанне. Рэфармаванне праводзiм i для таго, каб калектыў крыху адчуў напал падзей напярэдаднi такiх працэсаў, як перадвыбарныя кампанii ў Расii, ва Украiне. Мы будзем iх адсочваць, выпрацоўваць свае прапановы. Ды i ў Беларусi хутка парламенцкiя выбары, iншыя важныя падзеi. — Дзякуй за гутарку.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Калi мы не заваюем новыя рынкi збыту, уся iншая работа будзе нагадваць барацьбу з ветракамi»
|
|