Святыя дзяды, завём вас: хадзiце да нас!
Янка КРУК
Радзiннае (Заканчэнне. Пачатак у нумары за 1 лістапада.)Змiтраўскiя Дзяды сфармiравалiся ў асяроддзi беларусаў у своеасаблiвы абрад ушанавання памёршых суродзiчаў. Этнаграфiчныя i фальклорныя крынiцы, экспедыцыйныя пошукi сучасных навукоўцаў паказваюць, што, згодна з традыцыйнымi ўяўленнямi, людзi вераць, што ў гэты дзень душы продкаў апускаюцца на зямлю, каб даведацца, як жывуць iх нашчадкi, як яны клапоцяцца аб гаспадарцы i памнажэннi яе дастатку, як складаюцца сямейныя адносiны, цi не забываюць жывыя пра спрадвечныя звычаi. Трэба заўважыць, што памiнальны характар свята патрабаваў строгасцi паводзiнаў, абавязковай паслядоўнасцi рытуальных дзеянняў i псiхалагiчнай стрыманасцi ў час яго правядзення. Да свята рыхтавалася ўся сям’я. Той, хто вымушаны быў па неадкладных справах знаходзіцца ў ад’ездзе, спяшаўся да вечара вярнуцца дадому. Дарослыя i дзецi iмкнулiся ўсюды навесцi парадак: вымяталi з двара смецце, вымывалi хату (прычым асаблiва старанна прыбiралi запечак i чорны кут), гатавалi шматлiкiя абрадавыя стравы, мылiся ў лазнi (казалi: «Трэба грэшнае цела абмыць, а потым i дзяды адбыць»). Памiнальны стол накрывалi з наступленнем цемры. Вячэра пачыналася доўгай малiтвай кагосьцi са старэйшых членаў сям’i. За стол садзiлiся без запрашэння, без лiшняй гаворкi, кожны на сваё звычайнае месца. Гаспадар запальваў свечку, ставiў яе на кут або на сярэдзiну стала i, перахрысцiўшыся, казаў: «Святыя дзяды, завём вас: хадзiце да нас! Ёсць тут усё, што Бог даў, чым толькi хата багата. Просiм вас: ляцiце да нас!». Затым налiваў чарку гарэлкi, памiнаў нябожчыкаў, жадаў прысутным дажыць да наступнага святкавання, вылiваў некалькi кропель на абрус i выпiваў. Абрадавая чарка часцей за ўсё была адна, таму ад гаспадара яна пераходзiла да гаспадынi i астатнiх дарослых. Iснаваў строгi парадак падачы страў на стол, пры гэтым колькасць iх магла быць рознай (у залежнасцi ад сямейнага дастатку), але абавязкова няцотнай: 5—7—9—11 i да 15. Пачыналi звычайна памiнальным канонам, потым ставiлi гарох з малаком, грыбную крупеню, кiслую капусту, клёцкi, яечню, кашу ячную з маслам, блiны, верашчаку з каўбас i саланiны з падлiвай. Кожны з членаў сям’i абавязкова павiнен быў пакаштаваць усе стравы, каб продкi не пакрыўдзiлiся i не нарабiлi нiякай шкоды. Цiкава, што ў некаторых вёсках пасля кожнага каштавання лыжку клалi на стол. Вячэра праходзiла цiха, стрымана. Iмкнулiся добрым словам памянуць усiх памёршых родзiчаў, але з найбольшай павагай i гонарам гаварылi пра людзей знакамiтых. Уставаць з-за стала трэба было ўсiм адначасова, бо верылi, што той, хто ўстане раней, можа хутка памерцi. Гаспадар заканчваў вячэру наступнымi словамi: «Святыя дзяды! Елi i пiлi, iдзiце да сябе». Як i на памiнках, стол пакiдалi непрыбраным, спадзявалiся, што пасля жывых падсiлкуюцца душы продкаў. Рэшткi страў назаўтра збiралi i аддавалi што старцам, што хатнiм жывёлам i птушкам, крошкi сыпалi на страху. Маюцца звесткi, што ў некаторых паселiшчах рэшткi са стала кiдалi ў рэкi цi азёры, у якiх патанулi блiзкiя цi родныя. Разнастайнасць памiнальнага стала тлумачыцца жаданнем паказаць душам продкаў, што гаспадарка вядзецца добра, што справы ладзяцца. Увiшная гаспадыня iмкнулася парадаваць памёршых родзiчаў хлебам-соллю i падзякаваць iм за дапамогу. I, як кажуць, закiнеш наперад — ззаду знойдзеш. Шанаванне продкаў багатым сталом мела на мэце заручыцца iх падтрымкай на будучыню. Такiм чынам, старадаўняе беларускае свята «Дзяды» стала вялiкiм сямейным святам, якое абуджае нашу памяць, фармiруе самасвядомасць, праз аднаўленне радаводу ажыўляе агульнанацыянальную гiсторыю, умацоўвае каранi, якiя жывяць надзею на паляпшэнне жыцця, на шчаслiвую долю. З прыходам хрысцiянства ў самыя першыя днi лiстапада царква стала ўшаноўваць памяць усiх святых, якiя некалi праславiлi подзвiг Хрыста i панеслi па свеце Яго вучэнне. Мы проста абавязаны з вялiкай павагай ставiцца да памяцi аб «усiх святых». Гэта агульнасусветны пантэон нашых нябесных заступнiкаў, якiя з вышынь касмiчных перасцерагаюць нас усiх разам i кожнага паасобку ад зайздрасцi i хцiвасцi, ад злоснага праклёну i празмернай лiслiвасцi, ад вайны i нябеснага пакарання. Дзякуй iм за гэта i зямны паклон. Але разам з тым у ХХ ст. нас таксама настойлiва прывучалi «малiцца» i «кланяцца» «пантэону новых багоў», прозвiшчамi якiх да гэтага часу названы вулiцы i плошчы нашых гарадоў i пасёлкаў. I гэтыя постацi былi для нас чужымi, як чужымi для iх былi наша гiсторыя, культура, песнi, танцы ды i сама наша родная мова. Менавiта таму хочацца, каб хоць двойчы на год — на Радаўнiцу i на восеньскiя Дзяды — кожны з нас разам са сваёй сям’ёй прыйшоў да сваiх каранёў, да вытокаў свайго Роду i расказаў дзецям i ўнукам пра тое, што кожная вёска i кожны горад пачынаюцца перш за ўсё з нашага Роду. Вельмi хацелася б спадзявацца на тое, што мы ў рэшце рэшт усвядомiм: восеньскiя Дзяды, як i веснавая Радаўнiца, павiнны стаць агульнанацыянальным святам, каб людзi маглi, як гэта было колькi гадоў таму, наведаць у гэты дзень могiлкi, навесцi там парадак, каб доўгi зiмовы спачын продкаў быў цiхiм i ўтульным. А нашы душы атрымлiвалi станоўчае энергетычнае падсiлкоўванне, якое будзе ўсцешваць нас да новага вясновага абуджэння.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Змiтраўскiя Дзяды сфармiравалiся ў асяроддзi беларусаў у своеасаблiвы абрад ушанавання памёршых суродзiчаў
|
|